Цвярозы погляд на сельскія рэаліі

Градус на паніжэнне

Сельскі магазін — зусім не тое, што супермаркет у горадзе. Вясковыя людзі сюды прыходзяць надоўга: і зрабіць пакупкі, і пагутарыць, і падзяліцца апошнімі навінамі, і прадэманстраваць адзін аднаму абноўкі і ўборы. А цяпер, з прыходам цёплага надвор’я, каля кожнай сельскай гандлёвай кропкі стала яшчэ больш ажыўлена



Аграгарадок Буйнічы Магілёўскага раёна поўны кантрастаў: тут суседнічаюць палацы і хаціны. Нягледзячы на складанасці ў эканоміцы, працавітыя і прадпрымальныя вяскоўцы жывуць багата, у добрых дамах за высокімі платамі. А тыя, хто працаваць не прывык, тоўпяцца зранку каля сельскага магазіна ў надзеі на дармавую выпіўку.

На гадзінніку толькі 10.30, але мясцовыя знакамітасці, два Валодзі, ужо на месцы. Нават прадстаўнікі мясцовай улады з цяжкасцю згадваюць іх прозвішчы. Дуэт вядомы больш па мянушках — Крот і Чавускі. Першы, як распавядаюць мясцовыя, — выдатны муляр, калісьці працаваў у будаўнічым упраўленні, але любіць выпіць, з-за гэтага ўсяго пазбавіўся. Дарэчы, нягледзячы на сваю “хваробу”, чалавек ён абавязковы — калі паабяцаў нешта зрабіць, выканае ў любым стане. Толькі вось кваліфікаваную працу яму даўно не давяраюць, хіба што разгрузіць машыну ці выкапаць яму. У яго прыяцеля Чавускага, дыпламаванага інжынера грамадзянска-прамысловага будаўніцтва, іншы характар. Калі трапяць яму грошы ў рукі, — ідзе ў запой, на аб’екце яго больш не ўбачыш, пакуль не скончыцца ўся зарплата. Тым не менш яго церпяць і нярэдка клічуць на цалкам кваліфікаваную працу: заліць падмурак, скласці сцяну — веды інжынер яшчэ не прапіў і рукі ў яго залатыя. Дарэчы, сумленне гэтыя двое, відаць, таксама пакуль не прапілі. Калі падыходжу з фотаапаратам, у абодвух псуецца настрой, інжынер-будаўнік бурчыць:

— Вось убачаць нас блізкія ў газеце ў такім выглядзе, вельмі сорамна будзе. Аднойчы мы ўжо трапілі ў кадры журналіста, дык і маці, і сястра пра артыкул даведаліся, вельмі расхваляваліся і мяне лаялі.

Двое прыяцеляў не жабруюць, грошы і спіртное ні ў каго не кленчаць, больш спадзяюцца на выпадковыя шабашкі. Людзі яны па-свойму прыстойныя: не крадуць і ўніжацца за чарку не стануць.

Але, як распавяла прадавец магазіна “Візіт” Магілёўскага райпо Наталля Кірыловіч, вельмі часта выпіваючыя вяскоўцы просяць у доўг, хоць бы сто грамаў. У магазіне ёсць кафетэрый са столікамі, тут гандлююць спіртным у разліў, але Наталля даўно навучылася размаўляць з п’яніцамі, казаць ім цвёрдае не. Бывае, маладыя супрацоўніцы прылаўка на жаласлівыя ўгаворы п’яніц вядуцца, пра што потым горка шкадуюць. Не часта такія людзі аддаюць даўгі, гасіць іх даверлівым прадаўцам даводзіцца са сваёй кішэні.



У гэтым годзе каля крамы пустэльна, многім мясцовым п’яніцам дужа пашанцавала: іх павезлі на заробкі... у Маскву. Зрэшты, нічога дзіўнага — амаль бясплатная рабочая сіла, будзе працаваць проста за ежу і няякасную выпіўку. Праўда, быў выпадак, калі аднаго такога работніка ў Маскве разбіў інсульт, у расійскую бальніцу яго не ўзялі, сяк-так даставілі на радзіму, а ўжо тут з ім важдаўся старшы ўчастковы інспектар Магілёўскага РАУС Аляксандр Радкевіч — дамаўляўся з дактарамі, дастаўляў на сваім аўто на лячэнне, сяк-так выхадзілі.

Участковы — чалавек мясцовы, працуе на гэтай пасадзе шмат гадоў, сам жыве ў аграгарадку, разам з жонкай займаецца гаспадаркай, а таму ведае кожнага свайго падапечнага і шалапутных людзей шкадуе. Ён даўно марыць адвучыць Крата ад згубнай звычкі і ўладкаваць на працу. Пакуль не атрымліваецца.

Да магазіна падыходзіць яшчэ адзін небарака, Арцём Дубашаў. Прыехаў ён сюды з Расіі, уладкаваўся ў адной сяльчанкі, але стаў выпіваць, грамадзянская жонка яго выгнала, цяпер жыве ў напаўразваленым бараку. Ад такога ладу жыцця захварэў, ходзіць кульгаючы, патрабуецца аперацыя на абедзве нагі, але на яе няма грошай. За выпіўку ў апошнія дні яму таксама заплаціць няма чым, таму Арцём абсалютна цвярозы і выглядае даволі прыстойна. Але ўсё ж ён на нешта спадзяецца, ля магазіна затрымліваецца, прысаджваецца за адзін з вулічных столікаў. Тут да яго падыходзіць участковы, завязвае гаворку пра жыццё. Нават для Дубашава, нездаровага, бездапаможнага і ненадзейнага, Радкевіч спрабуе знайсці простую працу, хоць бы вартаўніка. Нельга ж жыць зусім без грошай.

Зрэшты, спрабаваць працаўладкаваць паталагічнага гультая — справа няўдзячная. Была нядаўна вакансія дворніка ў мясцовай школе, прапанавалі яе аднаму беспрацоўнаму мужычку, той важна адказаў, што “трэба падумаць”, а праз тры дні адмовіўся. На што жыве? Ды жонка зарабляе. Сёння для вёскі сітуацыя звыклая: жонкі ходзяць на працу ды яшчэ вядуць гаспадарку, а мужыкі сядзяць у іх на шыі.

Калі ж жонцы гэта надакучыць, пачынаецца скандал, муж у спешным парадку шукае часовую працу — скасіць траву, выкапаць траншэю, збудаваць хлявок.

Будуюцца ў Буйнічах многія. Тут жыве нямала прадпрымальнікаў — маршрутчыкі, уладальнікі аграсядзіб, вытворцы металапракату і скураных вырабаў, вытворца пацешных фігурак для садовага дызайну. Гэтыя людзі і забяспечваюць мясцовых шалапутных мужыкоў часовай і нават пастаяннай працай. А самым няшчасным, якім увогуле падацца няма куды, могуць даць і часовае жыллё.

Крот, які стаіць ля магазіна, на кватэру ні да каго не прасіўся, сваю “норку” збудаваў самастойна. І на фоне суседскіх дыхтоўных сядзіб глядзіцца яна даволі дзіка — хатка два з паловай на два з паловай без вокнаў і дзвярэй. З абсталявання — стары тапчан ды добрая печка, гаспадар хаткі ўсё ж пячнік. Жыве тут Крот зімой і летам без вады, газу і святла. Адна перавага — за “камуналку” плаціць не трэба.

Зрэшты, на фоне яшчэ адной мясцовай жыхаркі Алены Барысенка нават Крот з Чавускім выглядаюць вельмі рэспектабельна. Алена, вярнуўшыся з ЛПП, адразу ўзялася за старое. Уладкавалі яе на працу, ледзь пратрымалася тры месяцы і пасля шматлікіх прагулаў звольнілася па “ўласным жаданні”. Але сёння каля крамы і яе не відаць, сядзіць дома.

А наогул старшы ўчастковы Аляксандр Радкевіч упэўнены:

— П’юць у нас не больш, чым у любой іншай вёсцы. І людзі нашы нядрэнныя: у аграгарадку спакойна, рэдка бываюць сур’ёзныя здарэнні, абыходзіцца без боек і канфліктаў. Проста трэба змагацца за кожнага чалавека, заўважаць у ім у першую чаргу не дрэннае, а добрае, дапамагаць вырашаць праблемы. Для мяне велізарная радасць, калі каму-небудзь з вяскоўцаў удаецца завязаць з п’янствам, а такія ў нас ёсць: уладкаваліся на працу, наладзіліся адносіны ў сем’ях. Будзем спадзявацца, што і Крот з Чавускім возьмуцца за розум і, нягледзячы на салідны ўзрост за пяцьдзясят, змогуць яшчэ і нармальна працаўладкавацца, і прыстойныя дамы сабе пабудаваць.
Сёння для вёскі сітуацыя звыклая: жонкі ходзяць на працу ды яшчэ вядуць гаспадарку, а мужыкі сядзяць у іх на шыі. Калі ж жонцы гэта надакучыць, пачынаецца скандал, муж у спешным парадку шукае часовую працу
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter