Книга Михаила Кузьмича «Мой Погост» о деревне на Туровщине по богатству фактов, художественных особенностей стала бестселлером

Граблi – на багаты ўраджай

«Мой Погост» — кніга амаль у 300 старонак пра вёску з Тураўшчыны напісана Міхаілам Кузьмічом. Па багацці фактаў, мастацкіх асаблівасцей стала бестселерам.

Нездарма вядомы беларускі крытык Алесь Марціновіч даў наступны водгук пра яе:

«Да з’яўлення «Майго Пагоста» ў беларускай літаратуры і журналістыцы не было такой аб’ёмнай кнігі аб адной вёсцы».

З Міхаілам Кузьмічом аўтару гэтых радкоў пашчасціла вучыцца ў свой час на адным курсе філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Леніна. Вызначаўся ён цягай да навукі і літаратуры, філасофскімі думкамі, а яшчэ прываблівымі расказамі пра родную вёску Пагост: аб яе неардынарных людзях, аб каменным крыжы, які прыплыў па Прыпяці з Кіева, аб здаравенных шчупаках у рацэ, і ўсё запрашаў да сябе ў госці. Аднак так і не выйшла гэта зрабіць ні тады, ні пасля заканчэння вучобы.

І ўсё ж знаёмства з вёскай адбылося, і не для мяне аднаго. У свет выйшла яго кніга «Мой Пагост», якая захапіла з першых старонак і не адпускала да апошняй.

Кiрмашы на ўвесь свет

«З віядука ў апрэльска-майскую квецень вёска здалёк нагадвае агромністы белы параход, незвычайны па форме, які нібыта плыве па звілістай ленце Прыпяці. І падаюцца прывязанымі да яе нябачнымі ніткамі даліны, завадзі, пратокі і ручаіны... І душа напаўняецца светлымі пачуццямі, дабрынёй, пяшчотай і радасцю. Прыгажосць гэту нельга перадаць словамі, і колькі на яе ні глядзі — не натомішся», — так абмалёўвае пісьменнік сваю малую радзіму.

Адкуль пайшла назва «Пагост»? У першую чаргу у нас гэта выклікае асацыяцыю з могілкамі. Аднак аўтар дае зусім іншыя трактаванні. Аказваецца, пагост — гэта месца збору даніны ў Старажытнай Русі X стагоддзя; цэнтр сельскай абшчыны XI—XVI вякоў, невялікае пасяленне з царкоўнымі могілкамі і, нарэшце, воласць на царкоўнай зямлі з дамамі бацюшкаў.

Апошняе якраз і стасуецца найбольш з вёскай. Тураўская зямля гістарычна належала да ліку найбольш развітых ва ўсёй Усходняй Еўропе з багацейшай дахрысціянскай культурай. Яна лічылася цэнтрам распаўсюджвання стараславянскай мовы, аб чым сведчыць рукапіснае Тураўскае Евангелле XI веку.

У самім Пагосце, які адзначыў сваё 500-годдзе (на самай жа справе пасяленне куды больш старажытнае, аб чым сведчаць знойдзеныя артэфакты), на традыцыйныя кірмашы збіралася да 40 тысяч чалавек. Сюды прыплывалі купцы з розных заморскіх краін.

Жыхароў і гасцей пры ўваходзе ў Пагост сёння сустракае драўляны паклонны крыж і... малая форма «Граблі». Апошнія ўстаноўлены пагастчанамі, каб спрыяла надвор’е да сяўбы і на багаты ўраджай. Абвязаныя зялёным і чырвоным ручнікамі, з абрадавым хлебам «Граблі» да таго ж сімвалізуюць душэўны спакой, дастатак і нястомную сялянскую працу.

Міхаіл Кузьміч прыгадвае, напрыклад, як у 60-я гады мінулага стагоддзя вырошчвалі багатыя ўраджаі паўночнага шоўку:

«Да льну мела адносіны, па сутнасці, кожная пагосцкая сям’я. У кожны двор штогод у жніўні-верасні прывозілі 300—400 кілаграмаў ільнотрасты. Яна беражліва ўбіралася пад павеці ці ў іншыя пабудовы, каб не замачылі асеннія дажджы. Гаспадыні потым даставалі свае самаробныя, з дубу, ясеню ці грабу, лёгкія бойкі, цёркі, трапачкі для яе апрацоўкі. Пры неабходнасці за агародамі ладзілі ўласныя сушылкі — капалі ямы глыбінёй да метра, раскладвалі ў іх вогнішча. Фактычна ўжо тады на 100 працэнтаў праяўляўся сямейны падрад, бо да работы бацькоў падключаліся старыя і дзеці. Працэс расцягваўся на 3—4 месяцы, а яго фінішам лічылася здача гатовай прадукцыі, як правіла, высокім нумарам 13—15 і вышэй. І атрыманне вялікіх па тым часе грошай, выплата якіх праводзілася ў лічаныя дні, без затрымак».

Прыводзіць аўтар шмат іншых цікавых фактаў працавітасці пагастчан і іх рэкордных нават па сённяшнім часе ўраджаяў. Так, у 1958 годзе кукурузнае звяно Кальцова ў калгасе «Савецкая Беларусь», а так называлася тады гаспадарка, атрымала 913 цэнтнераў зялёнай масы з гектара. Даярка Галіна Маркевіч адкрыла клуб пяцітысячніц па надоях малака за год.

Як і ў нашы дні, выключна важную ролю выконваў кіраўнік сельскай калектыўнай гаспадаркі.

Старшыня Марцін Міхейшын

Калгас у Пагосце арганізаваўся напачатку 40-х гадоў мінулага стагоддзя. Яшчэ да вайны змянілася некалькі старшынь. Найбольш яркі след пакінуў Марцін Міхейшын.

Ён быў сапраўдным гаспадаром, які не толькі кіраваў, але і сваім асабістым прыкладам паказваў, як трэба працаваць: на ўзроўні з усімі хадзіў за плугам, касіў, не цураўся ніякай цяжкай фізічнай працы, нягледзячы на сваё гарадское паходжанне. Разам з тым трымаў дысцыпліну, быў справядлівы. Унікаў ва ўсё. Мог, напрыклад, тайком, залезшы на столь канюшні, прасачыць, як кормяць, пояць і чысцяць коней.

А яшчэ — практычны, дальнабачны, кемлівы. Каб умацаваць эканоміку гаспадаркі, арганізаваў калгасную рыбалавецкую брыгаду, улоў якой прадавалі ў Жыткавічах і Мазыры. На заробленыя грошы стварыў сучасную конеферму, якая потым стала асновай развіцця конегадоўлі ва ўсім раёне і не толькі. З яе бралі чыстапародных скакуноў у Чырвоную Армію.

На жаль, лёс гэтага неардынарнага чалавека і кіраўніка склаўся трагічна. Яго як аднаго з арганізатараў падполля на Тураўшчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны па даносе здрадніка схапілі і расстралялі гітлераўцы.

У кнізе — асобны раздзел пра вясковых умельцаў-самародкаў: пра цесляра Пятра Маркевіча, які сякерай мог адрамантаваць гадзіннік; печніка Адама Кірэйчыка, які ладзіў дабротныя печы, грубкі, каміны, што абаграваюць жыхароў і сёння; каваля Сяргея Гуда, які выкаваў 582 спецыяльныя цвікі для моста; майстроў-лодачнікаў Ціхана Захно, Аляксея Кузьміча, Дзмітрыя Маляўку, якія маглі па заказе зрабіць любую плывучую пасудзіну.

Аднак з найбольшай цеплынёй апавядае пісьменнік пра плытагонаў. Пагост знаходзіцца на беразе вялікай ракі, ля вёскі быў зроблены плаўпункт, і многія жыхары працавалі на ім. А пачынальнікамі справы былі Фёдар Кузьміч, Захар Чачко, Павел Торчык і іншыя. Слава пра іх разнеслася па ўсім Палескім краі і Украіне.

Плытагон дзядзька Павел

«Як чалавек і асоба мне больш запомніўся дзядзька Павел, наш сусед і бацька маёй аднакласніцы. Франтавік. На яго прыйшла пахавальная. Але з вайны ён вярнуўся, чым здзівіў усіх аднавяскоўцаў, ваенкамат і абрадаваў родных. Самабытны чалавек, які прыдумаў сам сабе клічку — Гігант. Працаваў ён на сплаве лесу дубавіком, а па сутнасці, брыгадзірам, пакінуўшы пасля сябе славу майстра-плытагона, які лоўка выводзіў караван з вусця Стрыгі і мог ад вёскі да Мазыра па Прыпяці, а затым па Дняпры давесцi яго да Краменчуга. У караване, як правіла, было да 70 гонак, кожная па 20 метраў. А ўсяго да паўтара кіламетра. Праплаўляў лес без страт кругласутачна (60 сутак), што лічылася вышэйшым пілатажам.

Назад сплаўшчыкі вярталіся аўтобусам ці на «кукурузніку». Усе яны атрымлівалі на рукі заробленыя грошы, збіраліся ля леспрамгасаўскага магазіна і гучна абмяркоўвалі жывапісныя гісторыі і прыгоды, прыцягваючы ўвагу аднасяльчан-зявак. Не абыходзілася і без чаркі. Павел Трафімавіч узбіраўся на пустую дубовую бочку, перад гэтым некалькі разоў правяраючы яе ўстойлівасць, як быццам бы пастаўленую кімсьці там спецыяльна, і на адным дыханні, кожны раз з улікам міжнароднага становішча, пачынаў сваю знакамітую прамову: «Я — гігант Савецкага Саюза, і хачу вам, паважаныя таварышы, сказаць...» Нібыта збіраўся выступіць не ніжэй Крамля па дуручэнні землякоў ці на чарговай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН ад імя народа вялікай краіны.

З той пары і пайшло — Гігант, хоць хутчэй нагадваў ён каржакаватага вясковага мужыка, апранутага звычайна ў плашч-даджавік тых часов, моцнага духам, які ўмеў лепш другіх гаварыць і выказваць тое, што ляжала ў яго на душы. Галоўнае тут вось што. У гэтай яго фразе — падкрэсленая самапавага, гонар за магутную дзяржаву, за сваю справу, якую ён рабіў сумленна, з задавальненнем, дабротна».

У кнізе «Мой Пагост» нямала мясцовых міфаў і паданняў, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Адзін з іх — пра каменны крыж, старажытны помнік тураўскай зямлі вышынёй 1,9 метра і шырынёй 0,7, які прыплыў з Кіева і цяпер з’яўляецца цуда-дзейнай святыняй Беларусі.

Загадка крыжа

«З гісторыяй аб трох каменных крыжах, якія плылі цёмнай асенняй ноччу па Прыпяці з Кіева супраць цячэння, мінуючы Днепр, мне выпала пазнаёміцца яшчэ ў студэнцкія гады. Першы крыж узнёсся насупраць вёскі Семурадцы, другі — ля Турава, а трэці — ля Пагоста. Мужчыны нашай вёскі, пабачыўшы крыж, прынеслі яго з берага Прыпяці ў цэнтр сяла. Аднак неўзабаве ён аказаўся там, дзе яго ўзялі. Так паўтаралася двойчы, што падалося незвычайным. І тады, пасля парады вясковых мудрацоў і прапановы бацюшкі, была пабудавана новая драўляная царква, дзе і змясцілі святыню».

У крыжа потым, бліжэй да нашага часу, аказалася драматычная гісторыя. У 1940 годзе ва ўсяночную пад уплывам атэістычнай прапаганды каля дзясятка маладых людзей здзейснілі факт вандалізму: крыж разбілі на дзве часткі і выкінулі ў Прыпяць. Але не ўся вёска пагадзілася з гэтым. На другі дзень Вялікадня кускі святыні маладыя жанчыны Пагоста вярнулі на ранейшае месца.

Быў ён вывезены яшчэ і ў Гомельскі абласны краязнаўчы музей, але дзякуючы энтузіястам і старшыні СПК «Агра-Прыпяць» Мікалаю Ярмолічу яго вярнулі назад. Цяпер знаходзіцца ў Пагосцкай Крыжа-Узвіжанскай царкве.

Як і раней, вакол яго моляцца і ахвяруюць. Згодна з аповедамі паломнікаў з Беларусі і Расіі, з шэрага краін блізкага і далёкага замежжа, святыня мае магічную ўласцівасць: дакрананне да яе прыносіць аблягчэнне ад пакут, нярэдка і поўнасцю пазбаўляе ад хваробы.

* * *

Міхаіл Кузьміч
Кніга Міхаіла Кузьміча «Мой Пагост» — гэта своеасаблівы помнік землякам, якія пайшлі з жыцця, пакінуўшы ў ім свой след. У ёй пералічаны ўсе 66 прозвішчаў вяскоўцаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, абараняючы сваю Радзіму. Сярод іх — Іван Бабарыка, Мікіта Герман, Пётр Карась, Сцяпан Кузьміч, Маісей Леўкавец, Павел Рамашка, Аляксандр Саскевіч, Макар Торчык, Трафім Якубоўскі...

Кніга Кузьміча — гэта і помнік тым, хто працягвае сёння справу, пачатую продкамі. Пагастчане ўваходзяць у ААТ «Тураўшчына» — адно з буйнейшых акцыянерных таварыстваў Гомельшчыны.

Заканчваецца кніга словамі: «Жыві, родная вёсачка, наш непаўторны прыстанак, доўга, абуджай у кожным пагастчаніне лепшыя пачуцці і памкненні. Хай для цябе заўсёды, пры любых абставінах знойдзецца месца на гэтай цудоўнай, Богу ўгоднай зямлі!»

ПРА АЎТАРА
Міхаіл Кузьміч — карэнны жыхар вёскi Пагост Жыткавiцкага раёна, кандыдат філасофскіх навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Акадэміі расійскай літаратуры, заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў,  аўтар некалькіх збор-нікаў публіцыстыкі і літаратурна-крытычных артыкулаў.

saulich@bk.ru

Фота аўтара і з сямейнага архіва пісьменніка.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter