Што захавала народная памяць пра музыкаў-самавучак

Граў музыка, прыпякаў

Што захавала народная памяць пра музыкаў-самавучак
Журналістка адшукала на Вілейшчыне некалькі вяскоўцаў-самародкаў, без гармоніка, цымбалаў, скрыпкі і бубна якіх не  абыходзіліся самыя пышныя вяселлі


БАЦЬКА мой, натхнёны настальгіяй па свайму дзяцінству, якое прайшло ў вёсках Спярыжжа і Міхалоў, што на Брагіншчыне, з імпэтам расказваў мне пра народную культуру. Асабліва пра музыкаў-самародкаў (гарманістаў, скрыпачоў, цымбалістаў, дудароў), якія лічыліся ў вёсцы самымі ганаровымі жыхарамі. Сама- дзейныя артысты-самавучкі, якія аб’ядноўваліся для выступленняў у невялічкія ансамблі з трох—чатырох чалавек, былі запатрабаваны амаль што кожныя выхадныя. Калі не ігралі на вячорках ці на танцах у клубе, то былі на вяселлях. І ніводнае не абыходзілася без вясковых музыкаў. А ўзровень сямейнага свята (што мяне здзівіла) ацэньвалі не па тым, наколькі багаты быў стол ці падарункі маладым, а па тым, якія музыкі (!) іграюць на вяселлі.

СЁННЯ такое, згадзіцеся, цяжка ўявіць. У час, калі адыходзяць пакаленні, а экспансія найноўшых тэхналогій непазбежна, змяняюцца мастацкія густы. Такая натуральная плынь жыцця — нічога не зробіш. На вялікі жаль, атрымліваецца, што ў віхуры сінтэтычнага мастацтва ў заняпад прыходзяць некаторыя традыцыі, якія з роду ў род перадавалі нашы прабацькі.

Адыходзяць і музыкі-самавучкі, якіх у нашых вёсках можна пералічыць па пальцах. Сустрэць гарманіста, які ад званка да званка, як было раней, 2—3 дні іграе на вяселлі, немагчыма. Добра, калі на выкупе ці да ЗАГСа маладых суправаджае гарманіст або баяніст. Далей запраўляе ўсім тамада, у якога ёсць музыка на розны густ, але яна… электронная.


Лідзія і Мікалай ЯЗІНСКІЯ


Народная ж памяць — рэч тонкая. І ўдзячная. У маленькіх вёсачках, у вялікіх гарадах ёсць старажылы, якія яшчэ могуць узгадаць лепшыя часы, калі музыкі-самародкі на свяце былі “бонтоном”. 

Не выключэннем стала мая вандроўка на Вілейшчыну, зямлю хоць, можа, і не такую багатую на ўраджайнасць, а на народныя традыцыі, як мне падалося, дык дакладна.

Гаворкі пра нейкую культурную ўнікальнасць сціплыя жыхары Вілейскага раёна не вядуць. Ацэньваюць народную творчасць тут з далікатнасцю: “Што ні край, то звычай”. А ў тэме самадзейных музыкаў вілейчанам ёсць што паставіць у прыклад. У гэтым упэўнілася, калі сустрэлася з навуковым супрацоўнікам Вілейскага краязнаўчага музея Вольгай Коласавай. Вользе Аляксандраўне, хоць і з’яўляецца яна даследчыкам шырокага профілю, тэма вясковых самародкаў гэтак жа, як і мне, блізкая. З дзяцінства памятае вялікія вясковыя вяселлі, выкуп з жаласлівымі старадаўнімі песнямі, падарожжа на возе, дзе на падушках і коўдрах разам са скрыняй пад гармонік і бубен везлі нявесту з роднай хаты ў дом жаніха:

— У нашу вёску Малькевічы ў 60—70-х на вяселле заўжды запрашалі “Пясецкіх музыкаў” з вёскі Пясечнае Мядзельскага раёна. У ансамблі ігралі браты Аляксандр і Пятро Прудніковічы — на гармоніку, баяне, цымбалах, скрыпцы. А на бубне — Мар’я (прозвішча яе не памятаю) з вілейскага Куранца. Падрабязней не скажу: мы былі гарэзлівымі дзецьмі… Бліжэй да этнаграфіі і фальклору падступілася пазней. Назапашвалі матэрыял для кнігі “Памяць”, шукалі ўсё, што тычыцца Вілейшчыны. І ў фондах  Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў знайшлі цікавыя кадры. Вось паглядзіце.

Майстар Мікалай ПРУДНІКОВІЧ (справа) заўсёды выступаў у нацыянальным касцюме.

Перада мной — урывак 1957 года з рэпартажу карэспандэнтаў Беларускага тэлебачання. Чорна-белыя кадры расказваюць пра запатрабаванага скрыпача і выдатнага ўмельца Іосіфа Бохана, які рыхтуецца да выступлення на сусветным фестывалі народнай творчасці ў Маскве. Іосіф Васільевіч жыў і працаваў у вёсцы Зевіна (яе даўно няма) Іжскага сельсавета. Звыш 50 гадоў аддаў стварэнню скрыпак. Іх можна было сустрэць паўсюль: у клубах, музычных вучылішчах, нават у Мінскай кансерваторыі. Знешне скрыпкі Бохана нічым не адрозніваліся ад тых, што вырабляліся ў спецыяльных майстэрнях. З рук майстра выйшла таксама многа іншых струнных інструментаў. А першую ацэнку новаму экзэмпляру Іосіф Васільевіч атрымліваў ад жонкі Аксінні Ігнацьеўны.

НА СТАРОНКАХ вілейскай “Памяці” знайшла радкі і пра народны фальклорны ансамбль “Весялінка” раённага Палаца культуры. Сярод удзельнікаў калектыву быў мультыінструменталіст-самародак, якога заўсёды запрашалі іграць на вяселлях, Мікалай Прудніковіч. Пра ўнікальнага музыку мне расказала яго жонка, 93-гадовая Марыя Міхайлаўна з Вілейкі. Здымкі ў сямейным альбоме, гармонік, баян, цымбалы і бубен мужа для яе — рэліквіі:

— Тыя самыя Прудніковічы з Пясечнага — родныя браты майго Мікалая. Усе яны самавучкі. Калі жылі на Мядзельшчыне, Мікола працаваў паляводам у калгасе ў Выгалавічах. Сустрэцца з ім дома атрымлівалася рэдка (смяецца). У наваколлі, у тым ліку ў суседніх Лагойскім, Вілейскім раёнах, вяскоўцы ведалі: калі запросіш “Пясецкіх музыкаў”, свята пройдзе на ўра. Днямі і начамі на тых вяселлях прападаў, куча прыхільніц была — а нам дваіх дзетак гадаваць. Дзякуй Богу, надзвычай гаспадарлівы быў мой Мікола. Колькі атрымліваў музыкам, я не ведала. Але мы хутка назбіралі грошай і пераехалі ў горад: купілі ў Вілейцы дом. Працаваў спачатку рабочым у рэдакцыі раёнкі, потым — стропальшчыкам на заводзе “Зеніт”. Месца жыхарства змяніў, а людзі ўвесь час, нават у старасці, запрашалі іграць на вяселлі. Лёс адмераў майму мужу 87 гадоў.

Для 93-гадовай Марыі ПРУДНІКОВІЧ фотаздымкі з сямейнага архіва і інструменты мужа – рэліквіі.

…Некалькі абзацаў у вілейскай “Памяці” знайшла пра яшчэ аднаго самародка — Мікалая Судніка з вёскі Суднікі Ільянскага сельсавета. Ён славіўся не толькі як музыка, але і як майстар унікальных гармонікаў ды баянаў. На Вілейшчыне яны набылі своеасаблівы, не падобны на іншых выгляд: высокія і вузкія, на правай клавіятуры замест кнопак — клавішы.

Бялюткія баяны з пералівамі з мастацка схаваным надпісам на арнаменце алюмініевай рашоткі Sunduk грымелі ў 50-я гады на вяселлях, танцах і вячорках. Майстраваць гармонікі Мікалай, якога навучыў іграць на двухрадцы яго бацька (царкоўны стараста і скрыпач), пачаў у 1920-х. У 1929 годзе Суднік набыў баян, што прывезлі з Амерыкі. Вывучыўшы канструкцыю заморскага госця, ён узяўся вырабляць інструменты сам.

ПАШЧАСЦІЛА мне пазнаёміцца з чалавекам, які асабіста ведаў легендарнага музыку. Мікалай Язінскі — вядомы на Вілейшчыне гарманіст, таксама самародак-самавучка, жыве ў аграгарадку Сцешыцы, а нарадзіўся ў Старынках. Менавіта там, на зямлі, дзе прайшло яго дзяцінства, мы і сустрэліся.

Падворак па вуліцы Цэнтральнай, дзе некалі стаяла дзедава хата, самы, бадай што, прыгожы ў вёсцы. Мікалай Мікалаевіч распавядае пра яго з гонарам:

— Мне асабліва дарагі гэты кавалачак зямлі: тут я нарадзіўся і жыў да 18 гадоў, пакуль не ажаніўся. Дзедаў дом пачаў трухлець, таму на сямейным савеце вырашылі паставіць на яго месцы новы (цяпер наша дача). А менавіта тут я ўпершыню ўзяў гармонік у рукі. Толькі не смейцеся, якім ён быў. Памятаю, пасадзіць мяне дзед Якуб на табурэтку, зробіць з паперы невялічкі гармонічак, намалюе гузікі, сядзе нагу за нагу — і расцягвае папяровыя мяхі, прыпяваючы: “Ну, унук, цяпер я буду іграць. Лінда-лінда-лінда-да-да. Ты ўмееш так?” — і працягвае мне гармонічак.

Бацькі Мікалая Мікалаевіча былі простымі калгаснікамі. Грошай хапала толькі на ежу і адзенне. А маленькі Міколка марыў пра сапраўдны гармонік. Хадзіў па хаце хлопчык і нудзеў: “Хачу іграць!..” Аднойчы бацька пасадзіў сына на веласіпед і павёз у Альхоўку, дзе ў сельскай краме прадаваліся інструменты. Па іроніі лёсу спадабаўся самы дарагі:

— Памятаю, здымае прадавец яго з вітрыны і прыгаворвае: “Самы дарагі, самы дарагі”. 100, мабыць, рублёў каштаваў. Бацька паглядзеў на мяне, памаўчаў. Гармонік на багажнік — і дадому. Як я радаваўся! Дома, не паверыце, “запіліў” усіх сваім рыпаннем, нават маці сварылася: “Хопіць, вушы залажыла!” Дома рэпетыцыі былі ў мяне кароткія. Каб нікому не замінаць, сяду за хлявом і іграю сабе. Аднойчы загарэўся на вяселле пайсці, каб жывога Судніка паслухаць. Бацька злітаваўся і адпусціў мяне. Прыбягаю, а там таленавіты баяніст, бы зорка, на сваім бліскучым белым баяне выдае. Толькі чуецца людскае: “Грай, музыка, прыпячы! Не спыняйся, давай жару”. І танцуюць усе, аж лаўкі падскокваюць.

Падлетка, які стаяў з гармонікам наперавес, заўважыў музыка. Запытаўся, чаго туліцца малы ля дзвярэй. Мікалай не разгубіўся і растлумачыў: бацька купіў гармонік, а як навучыцца? Суднік, не задумваючыся, запрасіў да сябе на майстар-клас.

Баяны Мікалая СУДНІКА, музыкі-самавучкі, былі з асаблівасцямі:
 высокія і вузкія, на правай клавіятуры замест кнопак – клавішы.

— Ехаць у Суднікі мне было далёка: 38 кіламетраў. Я шкадаваў, што не атрымлівалася. І тут навіна: у Ільі адкрываецца школа з музыкальным аддзяленнем. Мы з бацькам пагутарылі з тамтэйшым настаўнікам Дзмітрыем Купрыяновічам і прынялі рашэнне. Я паехаў на вучобу ў Ілью, там жыў у інтэрнаце. Чым займацца далей, не абмяркоўвалася. Толькі музыкай! Скончыў Гродзенскае культпрасветвучылішча, 42 гады адпрацаваў на адным месцы мастацкім кіраўніком у Сцешыцкім Доме культуры. У нас з маёй Лідзіяй Раманаўнай там быў сямейны падрад, — ківае Мікалай Мікалаевіч у бок жонкі, — яна ўвесь гэты час загадвала СДК.

У КУЛЬТУРЫ Язінскія сабаку з’елі. А засталіся ў вёсцы яшчэ ў 70-х. Добрыя ўмовы прапанавалі: сельскагаспадарчая арганізацыя выдзеліла службовае жыллё, свет і паліва — дармовыя, накінулі даплату (30 працэнтаў ад заробку) як маладым спецыялістам. Адразу як пераехалі ў Сцешыцы, Мікалай Мікалаевіч і пачаў іграць у сама- дзейным ансамблі.

Назвы ў яго, у адрозненні ад мя- дзельскіх музыкаў, не было. Але ж “прыпякалі” сцешыцкія самародкі на вяселлях, вячорках і танцах на ўсе сто. Разам амаль дзесяць гадоў выступалі. Прыкметна, што музыкаў, якія мелі б спецыяльную адукацыю, акрамя Мікалая Язінскага, у калектыве не было.

Скрыпач Віктар Сяржант па прафесіі — будаўнік. Струнны віртуоз добра валодаў і сталярнымі навыкамі, скрыпку нават зрабіў сам сабе. І іграў на ёй. Сухі, разважны, шляхецкага паходжання, Віктар Феліксавіч на выступленне апранаўся вельмі эфектна: хромавыя боты, галіфэ, белая кашуля. Заўсёды Язінскага падбіваў: “Мікалаевіч, можа б, куды нам з’ездзіць? Куды на сцэну?” Іосіф Шышла іграў амаль на мандаліне: бацька навучыў. У вёсцы быў прызнаным інтэлігентам – настаўнік, з адукацыяй. Выкладаў у школе хімію і біялогію. Чацвёрты ўдзельнік сцешыцкага ансамбля — цымбаліст Казімір Шчэрба — быў звычайным пастухом. Вельмі рукастым мужыком звалі: цымбалы сам рабіў. Выбіраў у лесе елку, сушыў палена, затым на стук вызначаў, ці можна было ўжо габляваць маўклівы кусок дрэва, ставіць на яго “конікі” (перагародкі, як лады на гітары), а потым — струны. Кажуць, што цымбалы Шчэрбы былі такія звонкія, што іх гук чуваць было нават на суседніх са Сцешыцамі хутарах.

Свой “Роялштандарт” (баян нямецкай маркі Royal Standard) Мікалай Язінскі прадстаўляе з асаблівай пяшчотай:

— Мы не развітваемся з ім з 1975 года. Памятаю, у Даўгінаве купіў. Аддаў 270 рублёў. Назбіраў грошай з выступленняў з ансамблем. Тады музыкам плацілі па 100—120 рублёў за вяселле. Прычым падатковай жа сістэмы, як цяпер, не было: 30 працэнтаў заробкаў мы аддавалі клубу, у кошт плана платных паслуг. А нялёгкі ж хлеб гэта быў. Тры дні (столькі доўжылася вяселле) цягаеш мяхі. Дамой вяртаешся — спіна гудзе, ногі ватныя, што толькі б да ложка даплесціся, а плечы чорныя, бо рамяні нацёрлі сляды! Асабліва маршы стамлялі. Трэба было падыходзіць да кожнага госця (а на застоллі па 100—200 чалавек) і віншаваць замоўленай асабіста ім песняй. Не абыходзілася і без спрэчак. Аднойчы, помню, нават пабіліся госці, бо іх музыкальныя густы не супалі.

Ужо гадоў сем Мікалай Язінскі на вяселлях не выступае. Па-першае, мода на самадзейных артыстаў амаль знікла. Па-другое, гады ўжо немаладыя. Хаця запал у душы і ў пальцах застаўся.

Перад тым як праспяваць мне на развітанне, прашу Мікалая Мікалаевіча аб дробязі. Каб здаволіць маю цікаўнасць, хачу патрымаць “Роялштандарт”, які саліраваў больш чым на двух сотнях вясковых вяселляў. Прызнаюся, прымерка ўразіла. З інструментам у руках, які важыць кілаграмаў  дзесяць, а то і цяжэй, мне ўдаецца прастаяць не больш хвіліны. А сапраўдны музыка яшчэ і мяхі цягаць павінен, і танцаваць…

uskova@sb.by

Фота Арцёма ШАЎЦОВА і з архіва Вілейскага краязнаўчага музея
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter