Іграў гармонік, спявала скрыпка, прытанцоўваў народ

У прыгожы восеньскі дзень, калі яшчэ чуваць птушыны спеў, да нас прыходзіць чыстае і светлае, як душа беларускага народа, свята. Вось ужо ў дзявяты раз завітаў у Мар’іну Горку фестываль з чароўнай назвай “Напеў зямлі маёй”. На гэтыя дні выпадае і свята прадстаўнікоў адной з самых творчых прафесій: па добрай шматгадовай традыцыі падчас галоўнага фэсту Міншчыны яго адзначаюць работнікі культуры. “Напеў зямлі маёй” — галоўная культурная падзея ў жыцці вобласці, своеасаблівы экзамен для мастацкіх калектываў і іх кіраўнікоў. Дарэчы, не кожнаму з іх прадастаўляецца магчымасць прадэманстраваць свой творчы і прафесійны патэнцыял, атрымаць высокую ацэнку журы, якое ўзначальваў кампазітар, народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі і ЛКСМБ, старшыня Беларускага саюза кампазітараў прафесар Ігар Лучанок. У складзе яго і іншыя знакамітыя ў рэспубліцы людзі — мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага хору імя Р. Цітовіча, народны артыст Рэспублікі Беларусь, старшыня Беларускага саюза музычных дзеячаў прафесар Міхаіл Дрынеўскі, народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, дэкан факультэта завочнага навучання Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Антон Марэцкі.

Мар’іна Горка зноў стала сталіцай культурнага жыцця Міншчыны: тут прайшоў дзявяты абласны фестываль народнай творчасці “Напеў зямлі маёй”.

У прыгожы восеньскі дзень, калі яшчэ чуваць птушыны спеў, да нас прыходзіць чыстае і светлае, як душа беларускага народа, свята. Вось ужо ў дзявяты раз завітаў у Мар’іну Горку фестываль з чароўнай назвай “Напеў зямлі маёй”. На гэтыя дні выпадае і свята прадстаўнікоў адной з самых творчых прафесій: па добрай шматгадовай традыцыі падчас галоўнага фэсту Міншчыны яго адзначаюць работнікі культуры. “Напеў зямлі маёй” — галоўная культурная падзея ў жыцці вобласці, своеасаблівы экзамен для мастацкіх калектываў і іх кіраўнікоў. Дарэчы, не кожнаму з іх прадастаўляецца магчымасць прадэманстраваць свой творчы і прафесійны патэнцыял, атрымаць высокую ацэнку журы, якое ўзначальваў кампазітар, народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі і ЛКСМБ, старшыня Беларускага саюза кампазітараў прафесар Ігар Лучанок. У складзе яго і іншыя знакамітыя ў рэспубліцы людзі — мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага хору імя Р. Цітовіча, народны артыст Рэспублікі Беларусь, старшыня Беларускага саюза музычных дзеячаў прафесар Міхаіл Дрынеўскі, народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, дэкан факультэта завочнага навучання Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Антон Марэцкі.

26 лепшых “народных” і “ўзорных” калектываў аматарскай творчасці з усіх раёнаў вобласці, пераможцы рэгіянальных фестываляў узялі ўдзел у свяце народнай творчасці ў Мар’інай Горцы, каб у чарговы раз на сцэнічнай пляцоўцы паказаць, што нездарма яны носяць ганаровае найменне. Сярод іх як знакамітыя калектывы, якія прадстаўлялі сталічную вобласць на міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах і фэстах, так і новыя, што заявілі аб сабе не так даўно, але ўжо набылі прыхільнікаў і папулярнасць у гледачоў. Дарэчы, палову прэтэндэнтаў на перамогу складалі калектывы з сельскай мясцовасці.

Конкурсную праграму фестывалю адкрыў народны вакальны ансамбль “Лабірынт” Слуцкага гарадскога Дома культуры, а закрываў — народны вакальны ансамбль “Пліса” Дома культуры Смалявіцкай птушкафабрыкі Смалявіцкага раёна. І яны з гонарам вытрымалі экзамен: першы калектыў узнагароджаны дыпломам III ступені, а другі стаў пераможцам у намінацыі “За высокі ўзровень выканаўчага майстэрства і творчы ўклад у развіццё беларускай песеннай культуры”. Тры гадзіны, адведзеныя для конкурснай праграмы, праляцелі як адно імгненне. Канкурсанты дэманстравалі ўсё, на што толькі здольныя. І кожны нумар праграмы гледачы ўспрымалі на “біс”, што значна ўскладняла работу журы. Але са сваёй задачай яно справілася паспяхова: кожны калектыў атрымаў тую ацэнку прафесійнага майстэрства, якую і заслужыў. Таму пакрыўджаных не было. Прынамсі, большасць нумароў конкурснай праграмы гучалі на роднай матчынай мове. І гэта невыпадкова: фестываль праходзіў пад дэвізам “Беларусь — гэта мы”.

Безумоўна, прыняць усіх жадаючых паглядзець конкурсную праграму фестывалю зала раённага цэнтра культуры не змагла. Таму для іх  была ўсталявана сцэна на Цэнтральнай плошчы, з якой творчыя калектывы дэманстравалі сваё майстэрства, дарылі людзям радасць. І плошча не пуставала, тут пастаянна было шмат народу. Тым больш, што на ёй, як і на бліжэйшых вуліцах, працаваў “Горад майстроў”, гасцінна запрашалі шматлікія шатры спажывецкай кааперацыі. Паклапаціліся арганізатары фэсту і аб забавах для маленькіх гледачоў.

Адгучалі акорды конкурснай праграмы. Фестываль атрымаўся яркім, запамінальным. Апошняе слова за журы. Пакуль яно падводзіла вынікі, гледачоў у зале радавалі лаўрэаты папярэдніх фестываляў “Напеў зямлі маёй”. Аказалася, рэпертуар у іх багаты, разнастайны. Здаецца, у кожнай песні вырастаюць крылы, віхор танцаў так і запрашае ў скокі. Сапраўды невычэрпная крыніца народнага таленту!

І вось настае хвіліна, якой чакалі і арганізатары, і ўдзельнікі фэсту: вядучыя знаёмяць з рашэннем аўтарытэтнага журы. Амаль паўтары гадзіны яму спатрэбілася для таго, каб вызначыць лепшыя калектывы з лепшых. Прыемна, што сярод лаўрэатаў і калектывы сельскіх Дамоў культуры. Прыз гледачоў прысуджаны народнаму ансамблю беларускай музыкі “Дружбакі” Свіслацкага сельскага Дома культуры Пухавіцкага раёна. А вось народнаму фальклорнаму гурту “Набеліцы” Баранаўскага сельскага клуба Старадарожскага раёна ўручаны дыплом II ступені і тэлевізар. Уражвае тое, што на працягу больш трыццаці гадоў у калектыве адны і тыя ж людзі, улюбёныя ў беларускую народную песню. Зараз усе яны пенсіянеры. Самай старэйшай удзельніцы — Марыі Марціновіч — 82 гады, самай малодшай — Вользе Мемус (яна кіраўнік гурту) — 56. Трэці раз сельскія жанчыны бяруць удзел у “Напеве зямлі маёй” — і трэці раз становяцца яго “сярэбранымі” прызёрамі. Гэта сведчыць аб творчым майстэрстве аматарскага калектыву, які свята захоўвае (і перадае моладзі) беларускія народныя песні. Спяваюць жа яны без музычнага суправаджэння. Спецыялісты добра ведаюць, што гэта не так ужо і проста. Самая малая пагрэшнасць, фальш у голасе не застануцца незаўважанымі.

А цяпер — час для пераможцаў фэсту. Аднаго з іх аўтар ужо назваў. А вось у намінацыі “За высокі ўзровень выканаўчага майстэрства, прапаганду нацыянальнай інструментальнай музыкі” пальма першынства аддадзена народнаму ансамблю музыкі Нясвіжскага раённага Дома культуры і адпачынку “Нясвіжскія лыжкары”, а ў намінацыі “За ўвасабленне беларускай танцавальнай культуры ў аматарскім харэаграфічным мастацтве” — народнаму ансамблю танца “Крупіца” Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага раёна. Гран-пры эмпрэзы ў Мар’інай Горцы — аўтобус — дастаўся ўзорнаму эстраднаму аркестру Капыльскай дзіцячай школы мастацтваў.

Мікалай ГРЫГАРОВІЧ,”БН”

НА ЗДЫМКАХ: (справа налева) Павел ЛАТУШКА, Ігар ЛУЧАНОК, Марыя ЗАХАРЭВІЧ і Віктар ШЧЭЦЬКА падчас фестывалю; свята для самых маленькіх; выступае народны iнструментальны ансамбль “Нясвiжскiя лыжкары”.

Фота аўтара

Бліц-апытанне

Ігар ЛУЧАНОК, старшыня журы:

— За сваё жыццё аб’ездзіў увесь былы Савецкі Саюз, пабываў у многіх краінах свету. Толькі ў Маскве сумесна з Уладзімірам Мулявіным правёў 20 аўтарскіх канцэртаў. Але кожны раз з вялікім задавальненнем, пачуццём гордасці прыязджаю ў Мар’іну Горку, дзе вось ужо ў восьмы раз (адзін адбыўся ў Маладзечна) ладзіцца фестываль народнай творчасці “Напеў зямлі маёй”. У гэтым горадзе прайшло маё дзяцінства, тут спасцігаў чароўныя гукі музыкі. Тутэйшыя мясціны сталі самымі роднымі і дарагімі для мяне. І я бязмерна ўдзячны былому і цяперашняму кіраўніцтву вобласці за падтрымку маёй ініцыятывы аб правядзенні фестывалю народнай творчасці. Раённы цэнтр сваімі адносінамі да захавання спадчыны па праву заслугоўвае адзін раз на год звацца сталіцай культурнага жыцця вобласці. Цвёрда перакананы ў тым, што з цягам часу фэст “Напеў зямлі маёй” стане візітнай карткай Мар’інай Горкі, ганаровым грамадзянінам якой я з’яўляюся.

Павел ЛАТУШКА, міністр культуры Рэспублікі Беларусь:

— Дзяржаўная палітыка, накіраваная на падтрымку і развіццё народных традыцый і творчасці, поўнасцю апраўдвае сябе. Многія іншыя краіны свету могуць толькі пазайздросціць нашай адладжанай сістэме культуры. Немалаважна і тое, што ў гэтай сферы працуюць апантаныя людзі, якія прыкладаюць шмат намаганняў для таго, каб захаваць і перадаць у спадчыну традыцыі прадзедаў, бабуль і матуль.

Што тычыць фестывалю “Напеў зямлі маёй”, то на пухавіцкую зямлю прыехаў з вялікім задавальненнем. Тут я яшчэ раз убачыў, як у рэгіёнах людзі падтрымліваюць спрадвечныя традыцыі, захоўваюць і памнажаюць іх. І надалей дзяржаўная палітыка ў гэтым накірунку з боку ўрада і мясцовых улад будзе развівацца і пашырацца. Сведчанне таму — распрацоўка праграмы “Культура Беларусі” на будучую пяцігодку.

Віктар ШЧЭЦЬКА, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама:

— Сфера культуры ўносіць важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіцце вобласці. Апошні год бягучай пяцігодкі — завяршальны этап рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005—2010 гады, у якой быў прадугледжаны цэлы комплекс мерапрыемстваў па забеспячэнні даступнасці ўстаноў культуры для розных катэгорый насельніцтва і падтрымцы грамадскай ініцыятывы ў сферы духоўнага развіцця ў сельскай мясцовасці. Прыярытэтным накірункам работы клубных устаноў, зыходзячы з пастаўленых задач, стала арганізацыя вольнага часу. І любое мерапрыемства — конкурсы, фестывалі — накіраваны ў першую чаргу на рэгіянальныя асаблівасці з улікам усебаковага ахопу насельніцтва вобласці. Не стаў выключэннем і “Напеў зямлі маёй”. Ён — яркая, самабытная старонка ў фестывальным руху Міншчыны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter