Бескантактавыя шалі, бiянiчная рука, робаты - з 50 лепшых моладзевых распрацовак у Мінску абяруць 20

Госцi з будучынi

Учора ў маладых навукоўцаў і вынаходнікаў быў сапраўдны аншлаг: у Мінску прэзентавалі каля паўсотні аўтарскіх распрацовак. Кірмаш інавацыйных ідэй арганізавалі невыпадкова: эксперты старанна вывучылі ўсе ноу-хау, каб выбраць 20 лепшых інавацыйных праектаў. Менавіта яны будуць прадстаўляць горад і змагацца за перамогу ў фінале рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу «100 ідэй для Беларусі».


Прабіцца ў фінал было нялёгка: лепшых выбіралі са 150 аўтараў унікальных праектаў. Інаватары спрабавалі здзівіць журы, і ў іх гэта атрымалася! Свае нестандартныя ідэі і рашэнні прапаноўвалі ў самых розных галінах: медыцыне, архітэктуры, бія- і нанаіндустрыі, IT, аграпрамысловай і сацыяльнай сферы і ў іншых кірунках. Узрост распрацоўшчыкаў таксама розны: гэта школьнікі і гімназісты, навучэнцы каледжаў, студэнты ВНУ і працоўная моладзь.

Гідам выставы стаў робат Іларый — разумная машына сустракае гасцей, знаёміць з праектамі. Дарэчы, на выставе шматлюдна яшчэ задоўга да афіцыйнага адкрыцця: хлопцы і дзяўчаты ўсталёўваюць стэлажы, рыхтуюцца да прэзентацый, гутараць з іншымі маладымі распрацоўшчыкамі. Падключаюся да размовы — Ілья Кірэйка расказвае калегам, што яго падштурхнула ўзяцца за праект «Кіраванне камп’ютарам пры дапамозе жэстаў»:

— Гэта цікава тым, хто падоўгу сядзіць ля манітора. Гэта значыць, усім сучасным людзям. Сёння мы стараемся аблегчыць любы працэс, вось я і прыдумаў такую сістэму. Глядзіце.

Каманда з мінскай гімназіі № 40 азадачылася перапрацоўкай адходаў, якія ўзнікаюць пры атрыманні рафінаванага алею

Трэцякурснік Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі запускае відэа на Ютубе. У звычайнай сітуацыі, каб пераматаць запіс або паставіць яго на паўзу, нам прыйшлося б рабіць гэта ўручную — націскаць на кнопкі. Ілья прапаноўвае рабіць тое ж адным узмахам рукі. Спрабую: усё вельмі проста. Далонню, як чароўнай палачкай, арудую ля спецыяльных ультрагукавых датчыкаў. Усё працуе! Вельмі зручная сістэма.

— Распрацаваў хутка, усяго за два дні. Каштаваць такая сістэма ў нас будзе каля 100 рублёў, — Ілья Кірэйка дэманструе ўсе перавагі праекта, а я іду да іншага стэнда.

Кірыл Варашуха са сваёй камандай з мінскай гімназіі № 40 азадачыўся перапрацоўкай адходаў. І абраў досыць спецыфічную сферу. Інаватар тлумачыць:

— Пры атрыманні рафінаванага алею за год у нашай краіне ўтвараецца каля 6 тысяч тон адходаў. Яны ніяк не выкарыстоўваюцца. Хіба што невялікую частку дадаюць у корм жывёле, а таксама транспартуюць на хімкамбінат, дзе перарабляюць у мыла. Абодва кірункі досыць затратныя, таму праблема выкарыстання гэтых адходаў да сённяшняга дня стаяла вельмі востра. Мы знайшлі эканамічна выгаднае рашэнне.

Марына ШЛЕМЕН расказала экспертам пра навуковыя і практычныя аспекты перапрацоўкі авечага малака

Гімназісты прапанавалі выкарыстоўваць адходы для металаапрацоўкі: змазачна-ахаладжальныя вадкасці спатрэбяцца для рэзання, шліфавання і паліравання металаў. Яшчэ адзін варыянт — прыгатаванне аўтамабільных шампуняў. Таксама з адходаў можна атрымліваць спецыяльнае мыла для тлушчавання скуры.

На выставе інавацыйных ідэй увагу прыцягвае стэнд з надпісам SmartCount. Распрацоўкай зацікавіліся і моладзь, і сталыя людзі.

— Гэта першы ў свеце партатыўны гульнявы аўтамат, які развівае мысленне, — незвычайны апарат дэманструе кіраўнік праекта Ілья Кочнеў, які прадстаўляе Мінскі радыётэхнічны каледж. — Аўтамат падыходзіць для любога ўзросту: ад самых маленькіх карыстальнікаў, дашкалят, да дарослых.

Уключаю «машыну» ў форме вясковай хаты: загараецца экран. На ім высвечваюцца матэматычныя прыклады розных узроўняў складанасці. Працуе лічыльнік часу: задачку я павінна рашыць за 15 секунд. Паспяваю справіцца, уводжу адказ і атрымліваю адзнаку: правільна! За гэта мне выдалі пластмасавы «смайлік». Ілья Кочнеў спяшаецца растлумачыць, што да чаго:

— Гульня-трэнажор праграмуецца індывідуальна. Гэта вельмі проста. Бацькі, напрыклад, могуць самі ўвесці патрэбныя заданні, вызначыць прамежак часу, за які дзіця павінна іх рашыць. Паступова можна павышаць узровень складанасці. Прызы за правільныя адказы малое можа збіраць, а потым атрымліваць за іх любы падарунак.


Такая гульня трэніруе дзіцячы мозг і вельмі зручная ва ўжыванні. Своеасаблівым трэнажорам ужо карыстаюцца многія сем’і, і яны вельмі задаволены вынікамі.

— Мая дачка Аліна за 8 секунд лёгка рашае прыклады, дзе выкарыстоўваецца да 105 лічбаў. Для параўнання: у першым класе, дзе яна вучыцца, дзеці пакуль спраўляюцца з задачамі да 10 лічбаў. Сыну Ваню яшчэ чатыры гады, але ён таксама любіць лічыць: за 18 секунд ужо рашае задачы да 30 лічбаў, — кажа распрацоўшчык.

Фурор на выставе выклікалі і прадстаўнікі БНТУ. Распрацоўка «Біянічная рука» ўяўляе сабой вялікую каштоўнасць, паколькі такіх пратэзаў рук у краіне пакуль няма.

— Сёння ў пратэзах рук патрэбу маюць звыш 1760 чалавек. У Расіі лічба ў разы большая — там звыш 60 тысяч чалавек з падобнай праблемай. У свеце іх звыш 3 мільёнаў, таму рынак спажыўцоў вялікі, — уводзіць у курс справы Аляксей Кузняцоў.

 У нашай краіне можна набыць касметычныя або механічныя пратэзы. Яны імітуюць руку, але дадатковых «бонусаў» не даюць. Біянічная рука будзе друкавацца на 3D-прынтары толькі з трывалага і бясшкоднага пластыку. Кошт — 1500 долараў, а вось цана замежных аналагаў пачынаецца ад 20 тысяч долараў. Яшчэ адно адрозненне — адсутнасць хірургічнага ўмяшання падчас устаноўкі пратэза. Біянічную руку можна будзе зняць і надзець у любы момант.

Словам, на гарадскім этапе конкурсу «100 ідэй для Беларусі» галава ідзе кругам ад ідэй нашых маладых распрацоўшчыкаў. Усе важныя і абавязкова патрэбныя. Так, навучэнцы Ліцэя № 1 прадставілі мабільную праграму «Вучы-гуляй» для дзяцей. Студэнты БДУІР прадэманстравалі, як пры дапамозе здымка на мабільнік ці планшэт можна пабудаваць трохмерную мадэль сельскагаспадарчай жывёлы. Дарэчы, з дапамогай такіх «бескантактавых шаляў» лёгка можна вылічыць аб’ём і плошчу паверхні жывёлы.

ypopko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter