Госці з вострава Свабоды абедам задаволены

КУЛІНАР з амаль што саракагадовым стажам Мікалай СПЕЦЫЯН жыве ў курортным пасёлку Нарач. Адных толькі грамат і дыпломаў у яго больш за дваццаць. Пра таленавітага повара не раз пісалі ў газетах і заносілі яго імя на Дошку гонару. Сёння Мікалай Аляксеевіч на заслужаным адпачынку. Адпачынку ад працы, але не ад гатоўкі: прыйдзіце да яго ў госці, і ён абавязкова накорміць фірменнымі адбіўнымі і фаршаваным шчупаком.

Мікалай Спецыян частаваў беларускімі стравамі Фідэля Кастра і Валянціну Церашкову.

КУЛІНАР з амаль што саракагадовым стажам Мікалай СПЕЦЫЯН жыве ў курортным пасёлку Нарач. Адных толькі грамат і дыпломаў у яго больш за дваццаць. Пра таленавітага повара не раз пісалі ў газетах і заносілі яго імя на Дошку гонару. Сёння Мікалай Аляксеевіч на заслужаным адпачынку. Адпачынку ад працы, але не ад гатоўкі: прыйдзіце да яго ў госці, і ён абавязкова накорміць фірменнымі адбіўнымі і фаршаваным шчупаком.

«Мяне магло не быць...»

12 мая 1931 года ў невялічкай вёсачцы Загорцы, пад Радашковічамі, у сям’і Спецыянаў — простых сялян — нарадзіўся другі хлопчык. Назвалі яго Мікалай. Праз колькі гадоў у іх з’явіліся яшчэ два сыны.

Спецыяны жылі небагата. Каб пракарміць шэсць ратоў, бацька — Аляксей Максімавіч — шмат працаваў. Балазе рукі ў яго былі залатыя. Таму работу па сваёй асноўнай прафесіі бондара і цесляра галава сям’і меў заўсёды. Руплівая жонка — Алена Іванаўна — вяла хатнюю гаспадарку, захоўвала, як кажуць, сямейны агмень. Круцілася як магла: выхоўвала дзяцей, ткала, прала, падымала лён, садзіла агарод, збірала ўраджай.

Калі сыны падраслі, сталі дапамагаць бацькам. А як жа: на вёсцы па-іншаму нельга было. Памятаючы аб няпростым дзяцінстве, Мікалай Аляксеевіч жыў па прынцыпе — хто працуе, той і мае. Вось у такім няспынным рытме, ад зары да зары, жыла сям’я Спецыянаў. Пакуль… не пачалася вайна. У верасні 1941 года бацьку прызвалі на фронт. Адразу кінулі на перадавую. Там і загінуў. У дзесяць гадоў Мікола застаўся без бацькі.

— Хоць і быў малы, але вайну памятаю добра, — успамінае Мікалай Аляксеевіч. — Немцы з’явіліся ў нашай вёсцы, калі ішлі на Усход. Страшна было. Думалі, яны нас пазабіваюць. Але напачатку вайны фашысты нікога не чапалі. А вось суседнюю вёску разам з жыхарамі спалілі поўнасцю. Дарэчы, і мяне сёння магло не быць….

Аднойчы я ў групе іншых пераходзіў з адного лесу ў другі. Аднекуль з’явіліся немцы. Сярод іх быў і паліцай. Мы ўбачылі іх і сталі разбягацца хто куды.

— Стой! — па-руску крычыць мне фрыцаўскі прыслужнік. Я не паслухаў. Яшчэ хутчэй пабег, з усіх ног. Чую, застракатаў аўтамат. Відаць, па мне цалялі. Я за нешта зачапіўся, упаў і пакаціўся з горкі ўніз, акурат у багну. Сяджу ў вадзе па шыю. Холадна, агідна. Сэрца ёкае, здаецца, выскачыць... Немцы прайшлі непадалёк, мяне не заўважылі. І партызанам дапамагаў! Неяк ноччу да нас у дом прыйшлі разведчыкі і пацікавіліся, ці ёсць конь, прасілі давезці да шашы...

Кок Мікалай

Нягоды дарослага жыцця пасля смерці бацькі ляглі на плечы Мікалая і яго братоў. Але больш, напэўна, на нашага героя. Пасля вайны ён скончыў вячэрнюю школу, атрымаў сярэднюю адукацыю. На жыццё зарабляў як даводзілася. Браўся за любую працу: асфальтаваў і рабіў узбочыну дарогі Маладзечна — Мінск. Працаваў рабочым у калгасе, цесляром у камунгасе. Ездзіў на заробкі ў Расію.

У 1949 годзе прызвалі на службу ў Севастопаль, на Чарнаморскі флот у берагавую ахову. Там на “выдатна” скончыў курсы марскіх кокаў. Быў прызначаны старшым кокам, інструктарам і загадчыкам камбузам. Разам з ім служылі хлопцы з усяго Саюза. Яны паважалі Мікалая за вясёлы характар і добры нораў. І за цудоўнае ўменне кулінарыць. Таму кіраўніцтва хацела, каб ён застаўся ў Севастопалі і пасля службы. Можа, і згадзіўся б Мікалай, але калі маці даведалася аб намерах сына, моцна захвалявалася. Без мужа цяжка, а калі не будзе яшчэ аднаго помочніка, зусім стане невыносна.

Вярнуўся Мікалай у родныя Загорцы загарэлым, плячыстым. Зайздросны жаніх. У марацкай форме ён цвёрдым крокам ішоў па знаёмых з дзяцінства вуліцах. Вясковыя дзяўчаты павылазілі з вакон, каб паглядзець на прыгажуна.

У мясцовай гарбатнай яго прынялі адразу: рэкамендацыя са службы ў хлопца была лепш не прыдумаеш. Праз два гады кулінару прапанавалі перавод. Той параіўся са знаёмай і выбраў азёрны край. Мікалай Аляксеевіч патрапіў на Мядзельшчыну, дзе ўзначаліў тамтэйшую гарбатную, якая карысталася папулярнасцю ў мясцовых жыхароў. Кармілі смачна, а са з’яўленнем новага шэф-повара наведвальнікі сталі заходзіць яшчэ часцей.

Сустрэча на ўсё жыццё

У падначаленых у Мікалая Аляксеевіча было сем работнікаў. Сярод іх — Галіна.

Пасля першай сустрэчы з Галяй Мікалай, хоць і стараўся, не ўразіў дзяўчыну. Гэта зачапіла: прывык лёгка дабівацца ад дзяўчат узаемнасці, а тут — аблом.

— Аднойчы, — успамінае Галіна Фадзееўна, — не пусціў майго кавалера Валодзю да мяне на працу. А калі Воўка паехаў у камандзіроўку, Мікалай сказаў, што прыйдзе да мяне ў сваты. Я не паверыла. А ён прыйшоў. Бацькам жаніх спадабаўся, ды і я яго ўжо кахала. Назаўтра паехалі ў Мядзель падаваць заяву ў загс.

У маі наступнага года споўніцца 55 гадоў іх сумеснага жыцця. Яны нарадзілі чацвярых дзяцей: Валянціну, Мікалая і двайнят Валерыя і Сяргея. Дачакаліся чатырох унукаў. Зараз дапамагаюць выхоўваць праўнукаў.

— Рэцэпт сямейнага даўгалецця, — дзеліцца Галіна Фадзееўна, — просты: давяраць адзін аднаму і прабачаць усё.

Кубінскі рэвалюцыянер і савецкая касманаўтка

…У 70-х у Беларусь прыязджаў сімвал рэвалюцыйнай барацьбы на востраве Свабоды Фідэль Кастра. Кармілі яго на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Высокага госця суправаджалі першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі Пётр Машэраў і сакратар ЦК КПСС Канстанцін Катушаў. Частаваў важных людзей наш кулінар.

— Фідэль зайшоў у банкетную залу павольна, — успамінае Мікалай Аляксеевіч. — Позірк яго выпраменьваў розум і моцны характар, паходка — волю і харызматычнасць. На ім была яго нязменная роба. Ён падаўся мне высокім. Можа, таму, што Пётр Міронавіч быў яму толькі па шыю… Ахоўвалі дэлегацыю надзвычай сур’ёзна: за кожным кустом, дрэвам стаяў супрацоўнік адпаведных органаў. Уся світа кубінскага лідэра налічвала каля ста чалавек. Фідэль спрабаваў розныя стравы. Кладучы кавалак бліна ці мяса ў рот, ён ухвальна ківаў галавой. Маўляў: смачна ў Беларусі кормяць. Запівалі госці ежу белым сухім віном. Былі на стале і гарэлка з каньяком. На моцныя напоі асабліва ніхто не налягаў — з-за стала ўсе выходзілі цвярозымі.

Пазней шэф-повару далажылі, што госць з вострава Свабоды абедам задаволены. Аб’явілі вусную падзяку.

У біяграфіі героя ёсць і яшчэ адна цікавая сустрэча — з савецкай касманаўткай Валянцінай Церашковай. Карміў ён яе два разы. Было гэта ў 80-х. Падчас адпачынку ў санаторыі «Сосны» Героя Савецкага Саюза частавалі ў калгасе «Світанак камунізму», што ў вёсцы Занарач. Чым? Хатнімі каўбаскамі, пячонкай, бульбай фаршыраванай і іншымі прысмакамі. Церашкова спрабавала ўсё, відаць было, што ёй ежа падабаецца. Ці трэба казаць, хто гатаваў прысмакі?

— Валянціна была простай, без прэтэнзій, — успамінае кулінар. — Нягледзячы на сваю папулярнасць, яна не адмаўляла ў размове незнаёмым людзям, якія падыходзілі да яе на вуліцы. Без праблем давала аўтографы ўсім жадаючым. Такой жа простай была і оперная спявачка Абразцова, з якой тады адпачывала Церашкова...

Аляксандр СЯНЮЦЬ

Мядзельскі раён

НА ЗДЫМКАХ: Мікалай і Галіна СПЕЦЫЯН разам 55 гадоў; шэф-повар і яго каманда.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter