Трагедия в Кемерово: в торгово-развлекательных центрах Беларуси усиливают меры безопасности

Горыч «Зімовай вішні»

Паніка пры пажары, спробы наведвальнікаў кемераўскага гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Зімовая вішня» ў мітусні знайсці сваіх блізкіх, неспрацоўка пажарнай сігналізацыі і, па даных некаторых СМІ, уцёкі супрацоўнікаў гандлёвага цэнтра, несумненна, ускладнілі эвакуацыю з ахопленага дымам будынка. Акрамя таго, як высвятляецца, некаторыя аварыйныя выхады маглі быць заблакіраваныя, а залы кінатэатра — зачыненыя на ключ. У выніку ратавальнікі знайшлі целы 64 загінулых, сярод іх шмат дзяцей.

Узгаранне ў «Зімовай вішні» адбылося ў нядзелю каля 16.00 па мясцовым часе, але пажарныя справіліся з адкрытым агнём толькi бліжэй да раніцы панядзелка. Пажар ліквідавалі, пачаўся разбор завалаў, хоць яшчэ некалькі разоў узгаранне паўтаралася. Афіцыйныя асобы паведамілі, што ў гандлёвым цэнтры часткова абваліўся дах і перакрыцці паміж паверхамі.


Цяпер ужо зразумела, што агонь успыхнуў на чацвёртым паверсе цэнтра, дзе знаходзіліся кіназала і дзіцячы забаўляльны гарадок. З абвяшчэннем прычыны, што прывяла да страшнай трагедыi, у СК Расiі не спяшаюцца. Але намеснік губернатара вобласці Уладзімір Чарноў распавёў Інтэрфаксу, што, па папярэдняй інфармацыі, пажар пачаўся ў батутнай зале.

— Папярэдняя версія — што ў кагосьці з дзетак была запальнічка. Узгаранне пачалося з паралону ў батутным басейне, які ўспыхнуў як порах.

СК ужо паведаміў пра затрыманне чатырох чалавек — арандатараў памяшканняў, дзе адбылося ўзгаранне, і кіраўніка кіруючай кампаніі, якая абслугоўвала будынак. Пытанняў будзе шмат. Відавочцы пажару распавялі: дзверы некалькіх эвакуацыйных выхадаў мужчыны выбівалі нагамі. А на сустрэчы з чыноўнікамі прагучала, што наведвальнікам давялося выбіваць вокны, каб выратавацца.

Тым часам збіраюцца сведчанні, што замкнёныя дзверы кінатэатра падчас сеанса — звычайная практыка ў ГЗЦ «Зімовая вішня». Жанчына паведаміла телеграм-каналу LifeShot, што яе ўнук з сябрамі пастаянна хадзіў туды ў кіно і супрацоўнікі тлумачылі ім, студэнтам: дзверы зачыняюцца ад безбілетнікаў. У МНС, зрэшты, удакладнілі: калі ратавальнікі прабіліся на паверх, дзверы былі адчыненыя. Нават калі і так, то ў паніцы і дыме — і, магчыма, без асвятлення — знайсці выхад ўсё адно было б складана.


Ад відавочцаў прыйшлі і іншыя жахлівыя сведчанні. Напрыклад, што супрацоўнікі аховы ГЦ перакрылі праходы на лесвіцах, не даўшы спусціцца дзецям. На гэтыя паведамленні адрэагавалі ў Расгвардыi — саветнік дырэктара ведамства Аляксандр Хiнштэйн паабяцаў, што дзеянні аховы будуць правераны.

КАМПЕТЭНТНА

Уладзімір ВАШЧАНКА, міністр па надзвычайных сітуацыях:

— Прэзідэнт даў даручэнне МНС распрацаваць комплексны план і да канца месяца арганізаваць праверкі падобных аб’ектаў. Сёння мы паставілі задачы кіраўнікам падраздзяленняў на месцах — ва ўсе вобласці будуць накіраваныя работнікі міністэрства для арганізацыі гэтай працы. Мы праiнфармавалi Дзяржаўны сакратарыят Савета бяспекі, старшыню Дзяржкантролю, старшыню камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў, таксама дадзеная інфармацыя даведзена да ўсіх старшынь аблвыканкамаў.

РЭЗАНАНС

У сувязі з трагічным здарэннем у кемераўскім гандлёвым цэнтры «Р» даведалася ў прадстаўнікоў некаторых мінскіх ГЦ пра тое, якія яны прымаюць меры па прафілактыцы падобных здарэнняў.

Кацярына Вераскіна, кіраўнік аддзела маркетынгу Galleria Minsk, запэўнівае, што гэты гандлёва-забаўляльны цэнтр цалкам адпавядае ўсім нормам бяспекі:

— Вельмі шкада, што падобная трагедыя наогул магла здарыцца. Што датычыцца нашай сітуацыі, то нават пры нязначных недапрацоўках аб’ект не пусцілі б у эксплуатацыю. Мы рэгулярна запрашаем інспектараў МНС, якія праводзяць трэнінгі і ролевыя гульні з нашымі супрацоўнікамі – падчас такіх мерапрыемстваў мадэліруюцца розныя надзвычайныя сітуацыі, у тым ліку і пажары. Таксама не забываем правяраць тэрміны прыдатнасці вогнетушыцеляў і спраўнасць аварыйных выхадаў.

Аляксандр Голубеў, начальнік сектара пажарнай бяспекі ГЦ «Момо», прызнаецца, што сочыць за сітуацыяй у Кемераве:

— Гэтая трагедыя лішні раз нагадвае, што нельга абыякава ставіцца да бяспекі людзей. Мы звяртаем пільную ўвагу на ўсе нюансы: прычым размова ідзе аб планамернай комплекснай працы, а не пра нейкія паказушныя разавыя акцыі. Кожны месяц правяраем сігналізацыю і спраўнасць пажарных кранаў, нагадваем супрацоўнікам правілы эвакуацыі, нярэдка запрашаем прадстаўнікоў МНС правесці лекцыі па тэхніцы бяспекі.

Мікалай Марцінкевіч, адказны за пажарную бяспеку ТЗЦ Galileo, паведаміў, што разам з супрацоўнікамі МНС зараз праводзіць поўную праверку неабходнага абсталявання:

— У нас усталявана сістэма аўтаматычнага пажаратушэння — яна выяўляе пажар на ранніх стадыях і не дае яму разгарэцца. Таксама ёсць супрацьдымная абарона — у крытычным выпадку яна прадухіліць задымленне на шляхах эвакуацыі людзей.

Дарэчы, учора ратавальнікі ўжо правялі вучэбную эвакуацыю з ГЦ Galleria. Афіцыйны прадстаўнік Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Вольга Мельчанка распавяла, што такім чынам правяраліся «працаздольнасць сістэм абвесткі, а таксама дзеянні персаналу аб’екта».

Хрысціна ГЛУШКО

kristina_skuratovich@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter