Как отдыхает накануне Нового года горнолыжный центр Силичи

Горы задавальнення

Как отжигает в эти дни горнолыжный центр Силичи
Яркія лыжныя касцюмы на фоне бялюткага снегу, музыка, духмянасць шашлыкоў кожны дзень ствараюць свята ў гарналыжным цэнтры «Сілічы». Для аматараў зімовых забаў тут прапануюць некалькі лыжных трас рознай вышыні і складанасці, горку для цюбінгаў, санную трасу. А вось каток пакуль не прымае гасцей — закрыты на рамонт.

У наведвальнікаў гарналыжнага цэнтра выдатны настрой.

— Па выхадных днях у нас заўсёды шмат наведвальнікаў, — расказвае Мікіта Ярошчык, маркетолаг РУП «Рэспубліканскі гарналыжны цэнтр «Сілічы». — У будні людзей крыху менш. Ці прыязджаюць да нас іншаземцы? Ну, расіян мы лічым сваімі, іх тут заўсёды шмат. Да нас едуць, напрыклад, са Смаленшчыны. Сваіх гор там няма, і беларускія для іх бадай што самыя блізкія. Да таго ж гэта магчымасць не толькі на лыжах пакатацца, але і пазнаёміцца з іншымі цікавымі мясцінамі. А ўвогуле ў Сілічы прыязджаюць літаральна з усіх краін свету. Не так даўно, напрыклад, партугальцы адпачывалі. Праўда, не магу сказаць, што накіроўваюцца іншаземцы менавіта да нас. Прыязджаюць у камандзіроўку, па сваіх справах, але спыняюцца тут, каб сумясціць карыснае і прыемнае.

Хто сказаў, што забавы — гэта лёгка?

Фунікулёр падымае лыжнікаў і сноўбардыстаў на вяршыню, дзе бяруць пачатак пакуль што тры лыжныя трасы — чацвёртую яшчэ высыпаюць. На самым пакатым і доўгім схіле (аж 850 метраў) з задавальненнем катаюцца дзеці і асцярожныя аматары зімовых забаў, а таксама робяць першыя крокі з інструктарамі пачынаючыя. Людзі вопытныя па-заліхвацку, з пырскамі снегу з’язжджаюць з гары, якая мае большы градус схілу. А вось чацвёртая горка і на горку непадобная — амаль стромкая круча. Да яе краю нават падыходзіць страшна, не тое што рынуцца ўніз. Але і такія смельчакі ёсць.

Узрост аматараў зімніх забаў самы розны

Нават у час адлігі праблем са снегам няма: на дапамогу прыходзяць снежныя пушкі. Для бяспекі наведвальнікаў падушка з утаптанага снегу павінна быць не менш за 50 сантыметраў.

Яўген МІХЕЙЧЫК збіраецца пакарыць самы круты схіл.

— Амаль усе нашы горкі прыроднага паходжання, — працягвае Мікіта Ярошчык. — Толькі адна штучная, яна ўмацавана плітамі. Градус схілу — як на міжнародных курортах, толькі даўжыня крыху меншая.


Дык хто круцейшы: лыжнік ці сноўбардыст?

Той, хто не мае ўласнага лыжнага інвентару, зной-дзе лыжы, сноўборды і адпаведны абутак у пункце пракату. А вось лыжныя касцюмы, акуляры, шлемы трэба мець свае або катацца без іх.

Яркія лыжныя касцюмы ўпрыгожваюць трасы

Узрост лыжнікаў і сноўбардыстаў самы розны. Пара сталага ўзросту ў яркіх чырвоных касцюмах расказала, што на лыжы яны сталі гадоў у 45 і з таго часу заўсёды, калі ёсць вольны час, едуць катацца. 


Адпачнём на вяршыні — і паедзем далей..

— Выдатнае сёння надвор’е, бязветранае, — усміхаецца мужчына. — Шкада толькі, сонейка няма. Але нічога, мы любім катацца і позна вечарам, траса добра асвятляецца. А вы чаму не катаецеся?!


У пункце пракату можна выбраць топавы інвентар.


Яўген Міхейчык са Смалявіч, пасмейваючыся з майго перапалоханага выгляду, папраўляе лыжныя акуляры і… знікае за абрывам. Некалькі імгненняў — і я бачу яго далёка ўнізе.

Тыя, хто пакуль не адважваецца стаць на лыжную трасу, бавяць час на саннай. Дзеці тут катаюцца на цюбінгах: іх задаволены смех сягае аж да нябёс.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter