В Минске отметили 25-летие со дня основания Белорусского союза ветеранов войны в Афганистане

Горы, апаленыя вайной

У афганскай вайне прынялі ўдзел каля 32 тысяч беларусаў. З гарачай кропкі не вярнуліся 789 нашых суайчыннікаў, без вестак прапалі 12, больш за 2 тысячы атрымалі раненні, кантузіі і калецтвы…

Вайна доўжылася больш за 9 гадоў — савецкія воіны першымі далі належны адпор міжнароднаму тэрарызму. Перажыўшы ў той час суровыя выпрабаванні, былыя аднапалчане аб'ядналіся, каб захаваць памяць аб мужнасці і гераізме людзей, для ўзаемнай дапамогі і падтрымкі. Учора Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане адзначыў 25 гадоў з дня заснавання.

Ветэраны вайны ў Афганістане Казімір ЧАРНІЦКІ, Алег МІКУЛЬЧЫК і Мікалай ПАПРОЦКІ сустрэліся, каб ва ўрачыстай абстаноўцы шчыра павіншаваць саюз з 25-годдзем.

У Рэспубліканскім палацы культуры ветэранаў сабраліся былыя «афганцы» з усіх куткоў нашай краіны. Прымалі і ганаровых гасцей. Міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў, які прысутнічаў на мерапрыем-стве, павіншаваў членаў БСВВА: «Вы мужныя, мэтанакіраваныя. Разам мы і далей будзем займацца патрыятычным выхаваннем, клапаціцца аб ветэранах і вырашаць іх праблемы, умацоўваць нацыянальную бяспеку».

Старшыня грамадскага аб’яднання Валерый Гайдукевіч не сумняваецца ў тым, што саюз заўсёды запатрабаваны часам і грамадствам: «Усе мы бачым, што сёння адбываецца ў свеце. З часоў далёкай афганскай вайны планета не стала больш спакойнай і бяспечнай. Мы ўсе павінны аб’ядноўвацца, каб перамагчы тэрарызм».

Мiнiстр абароны Андрэй РАЎКОЎ віншуе старшыню грамадскага аб’яднання Валерыя ГАЙДУКЕВІЧА.

Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане мае на ўвазе некалькі важных мэт. Адна з іх — дапамога тым, хто мае ў гэтым патрэбу. «Большасць воінаў-«афганцаў» — гэта самадастатковыя людзі. Але ёсць і тыя, каму не абысціся без нашай дапамогі. Мы ўнікаем у канкрэтныя сітуацыі, разбіраемся, стараемся дапамагчы. Гэта і працаўладкаванне, і розныя жыллёва-камунальныя пытанні», — расказаў Валерый Гайдукевіч. Дарэчы, сёння ў краіне пражывае больш за 20 тысяч воінаў«афганцаў», з іх больш за 12 тысяч — члены саюза, і гэтая лічба пастаянна расце.

«Сярэдні ўзрост удзельнікаў баявых дзеянняў у Афганістане — 50—55 гадоў. Немаладыя мы ўжо хлопцы. Многія раны і кантузіі ў той час здаваліся нястрашнымі, але зараз яны даюць сябе адчуць. Мы працуем над тым, каб унесці некаторыя змены ў парадак вызначэння інваліднасці. Каб ветэранам было прасцей атрымаць гэты статус, — заўважыў старшыня саюза. — Таксама наспела неабходнасць унесці змены ў закон аб ветэранах, абнавіць дакумент з улікам сённяшніх рэалій».

З часоў далёкай афганскай вайны планета не стала больш спакойнай і бяспечнай.

Яшчэ адна найважнейшая задача саюза — патрыятычнае выхаванне. «У першую чаргу гэта тычыцца моладзі, — расказвае намеснік старшыні савета грамадскага аб’яднання Юрый Бацян. — Новае пакаленне выхоўваем у духу любові і павагі да сваёй краіны, яе гісторыі і герояў. Асабістым прыкладам вучым моладзь дабру і справядлівасці».

Сёння ў БСВВА ўваходзіць 136 структурных падраздзяленняў па ўсёй краіне. Валяр’ян Мацкевіч, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі аб’яднання, падключаецца да гутаркі аб патрыятычным выхаванні моладзі: «Мы працуем з хлопцамі кожны дзень — у школах, каледжах, інстытутах. Цяперашнія юнакі і дзяўчаты не ўспрымаюць манатонныя гутаркі з багаццем лічбаў і фактаў, таму мы выкарыстоўваем сучасныя тэхнічныя сродкі: дэманструем тэматычныя фільмы, ролікі — так інфармацыя лепш засвойваецца». Валяр’ян Мацкевіч перакананы, што ў краіне расце вельмі разумная моладзь. І задача старэйшых — матываваць юнае пакаленне, быць яму падтрымкай, падказаць правільны шлях.

Сёння ў краіне пражывае больш за 20 тысяч воінаў-«афганцаў».

Герой Украіны генерал-лейтэнант Сяргей Чэрванапіскі прыехаў, каб павіншаваць нашых ветэранаў і абмеркаваць разам планы на будучыню. Старшыня Украінскага саюза ветэранаў Афганістана кожны раз шчыра рады паездцы ў нашу краіну: «Я тут вучыўся, нейкі час служыў. Беларусь для мяне ўжо стала роднай. Выдатна, што мы сябруем. І не буду буркуном, які кажа: «А ў наш час...» Нашы дзеці і ўнукі цяпер не менш патрыятычныя, чым мы былі ў свой час».

ypopko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter