100 тысяч спецыялістаў сельскай гаспадаркі падрыхтавала за 180 гадоў дзейнасці Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія

Горкі, дзе нараджаюцца зоркі

Са старэйшай аграрнай навуковай установы Еўропы выйшла 26 Герояў Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы

Старэйшая ў Еўропе Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія за 180 гадоў дзейнасці падрыхтавала звыш ста тысяч высакакласных спецыялістаў. Працуюць яны ў Беларусі, Расіі, краінах бліжняга і дальняга замежжа.

Шматпрофільная навучальная ўстанова стала крыніцай аграрнай адукацыі, навукі, дала свету імёны выбітных вучоных, заснавальнікаў навуковых школ. Яна адной з першых у рэспубліцы атрымала статус навуковай арганізацыі. У акадэмічных лабараторыях і кабінетах пастаянна вядуцца доследы, якія адпавядаюць прыярытэтным гаспадарчым кірункам у Беларусі. У Белдзяржсельгасакадэміі працуюць тры спецыялізаваныя Саветы па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, аспірантура і дактарантура.

Фае галоўнага корпуса ўпрыгожвае партрэтная галерэя слынных выпускнікоў «Гордасць акадэміі — слава акадэміі». Сярод іх 26 Герояў Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы. Больш як 60 выхаванцаў носяць званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі», звыш 20 вядомых навукоўцаў сталі акадэмікамі і членамі-карэспандэнтамі НАН Беларусі. Трэцяя частка кіраўнікоў райвыканкамаў і пераважная большасць старшынёўскага корпуса рэспублікі вышэйшую адукацыю атрымлівалі ў Горках.

Прарэктар БДСГА Міхаіл ВОЛКАЎ.

На пачатку восені чарговая маладая змена папоўніла шматтысячную студэнцкую сям’ю сельгасакадэміі ў Горках. Па ўсталяванай традыцыі на плошчы перад галоўным корпусам урачыста віталі навічкоў, якім працягваць летапіс слыннай альма-матар. Яшчэ нядаўна над гэтай плошчай узвышалася агромністае дрэва. Выпускнікі мінулых гадоў добра памятаюць яго. Густыя разгалістыя шаты баранілі ад спякоты і дажджу. Тут прызначалі дзелавыя сустрэчы, сустракаліся закаханыя. Некалькі гадоў таму прыродны гігант, як і іншыя старыя дрэвы, якія цалкам маглі быць равеснікамі Горы-Горацкай земляробчай школы, спілавалі. Пасадзілі маладзенькія дрэўцы. Але колькі самых розных успамінаў у педагогаў і студэнтаў звязана як з тымі старымі дрэвамі, так і з кожным куточкам студгарадка!

Звычайна сесіі студэнтаў завочнага эканамічнага факультэта прыпадалі на вясновы перыяд. Дагэтуль не магу забыць, як больш за тры дзесяцігоддзі таму ў пяць гадзін раніцы пад квітнеючым бэзам каля пад’езда жылога дома выкладчыкаў акадэміі здаваў экзамен прафесару Максу Фрэйдзіну. Мяне тады тэрмінова выклікалі ў рэдакцыю Беларускага радыё, дзе працаваў журналістам. Каб не мець запазычанасці ў акадэміі, давялося так зрабіць. Прыемна, што і сёння ў свае 88 гадоў Макс Залманавіч — дзеючы прафесар факультэта аграбізнесу і права, якім кіруе выпускніца БДУ кандыдат гістарычных навук Наталля Глушакова. Выхаванцы сталі вядомымі вучонымі, кіраўнікамі, гаспадарнікамі. Сярод іх і Герой Сацыялістычнай Працы Васіль Гарошка. Пасля заканчэння акадэміі ён, працуючы галоўным аграномам вядомага пінскага калгаса «Аснежыцкі», у Горках абараніў кандыдацкую дысертацыю. Душу Васіля Маісеевіча саграваюць успаміны пра студэнцкія гады:

— Лікаваў ад шчасця, калі атрымаў выклік на вучобу. Мне, сялянскаму сыну, акадэмія дала веды, адукацыю. У час вучобы пашчасціла прайсці праз школу выбітных вучоных: Гарфінкеля, Двайнішнікава, Джафарава, Фрэйдзіна. Акрамя дыплома агранома, Горкі падарылі мне цудоўную жонку Вольгу Міхайлаўну. Нашы сыны Аляксандр і Васіль, дачка Алена, зяць Андрэй і ўнук Максім таксама скончылі сельгасакадэмію і працуюць спецыялістамі.

Прарэктар па гаспадарчай частцы Віктар КАПЫТОЎСКІ і студэнты землеўпарадкавальнага факультэта Заміра ГЕНДЖЫЕВА і Дзідар МЯРЭДАЎ.

З цяплом у сэрцы ўзгадвае час вучобы ў Горках хлебароб і творца Рыгор Бабчанок. Свае першыя вершы ён друкаваў у студэнцкай шматтыражцы. Пасля атрымання дыплома заатэхніка вярнуўся ў родныя мясціны. Амаль тры дзесяцігоддзі кіраваў вядомай ельскай гаспадаркай «Камуніст». Рыгор Уладзіміравіч член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Кожнаму выпускніку акадэміі ёсць што ўзгадаць пра цудоўныя гады студэнцтва. Ганаровым званнем «Заслужаны аграном БССР» адзначана паўвекавая праца на зямлі Ніны Мельнікавай. А пачатак поспеху дала вучоба на аграфаку. Доследы праводзілі на невялічкіх дзялянках. У заўсёды перапоўненай студэнтамі чытальнай зале рыхтаваліся да заняткаў. Некалькі гадоў таму Ніна Антонаўна прыязджала ў акадэмію. Прайшлася любімай алеяй, што вя­дзе ад бібліятэкі да галоўнага корпуса.

— Раней там была звычайная сцяжынка, абсаджаная ружамі, — успамінае Ніна Мельнікава. — З аднаго боку вузенькімі палоскамі цягнуліся доследныя ўчасткі. Цяпер на іх месцы зелянеюць газоны. Не пазнаць студэнцкі гарадок. Усё ўладкавана. Гэту прыгажосць сцерагуць векавыя дубы, ліпы, клёны. Сустрэчы мы звычайна ладзілі ў акадэміі. Потым сталі сустракацца ў аднакурснікаў. І мы з мужам прымалі сяброў у сябе на Палессі. Ён таксама скончыў акадэмію, кіраваў калгасам на Тураўшчыне. Да выхаду на пенсію не расставалася з агранаміяй. Падтрымліваю сувязь з альма-матар. Радуе, што ў сённяшніх студэнтаў значна лепшыя ўмовы вучобы і побыту.

Спецыялісты ТАА «Тэхнапарк «Горкі» Вольга САЛОЎСКАЯ  і Настасся НОВІКАВА.

Практыкуюцца яны на палях вучэбна-доследнай гаспадаркі, якой амаль тры дзесяцігоддзі кіраваў выпускнік эканамічнага факультэта Мікалай Блахін. Плённая дзейнасць Мікалая Рыгоравіча адзначана высокім званнем «Ганаровы доктар Белдзяржсельгасакадэміі».

На базе вучгаса вядзецца навукова-даследчая і інавацыйная дзейнасць. Вынікі яе ўкараняюцца ў вытворчасць. Дзеля павышэння практыка-арыентаванай падрыхтоўкі спецыялістаў у вучгасе праводзяцца практычныя заняткі. Там стажыруюцца і выкладчыкі. Наведвае альма-матар і старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. Пасля заканчэння з адзнакай Смілавіцкага сельгастэхнікума ён завочна атрымліваў вышэйшую агранамічную адукацыю.

— Сельгасакадэмія пашырыла тэарэтычныя веды, набытыя ў тэхнікуме, умацавала мой выбар працаваць на зямлі, — лічыць Леанід Канстанцінавіч. — Запомніліся цікавыя лекцыі прафесараў Рашэтнікава і Мікалаева. Вучоба ў акадэміі абагаціла ведамі, цудоўнымі сябрамі. Памятаю, як на занятках звяраў свае практычныя нывыкі з тэорыяй. Спасцігаў агранамічныя веды з вялікім жаданнем працаваць.

Дапытлівым студэнтам быў дэкан факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі Уладзімір Гусараў. Пасля лекцый працаваў механізатарам. Дасканала авалодаў рознай сельгастэхнікай. Уладзімір Уладзіміравіч перакананы: будучы інжынер павінен ведаць кожны сельгасагрэгат.

— У вучэбным працэсе значную ўвагу надаем практычным заняткам, — адзначае рэктар Віталь Веліканаў. — Важна не толькі падрыхтаваць спецыяліста, але і падтрымліваць яго на пачатку працоўнай дзейнасці. Работа на зямлі нялёгкая. У час асноўных сельгаскампаній не да выхадных. Маладым трэба да гэтага быць гатовым. Імкнёмся іх падрыхтаваць да розных жыццёвых сітуацый. Калі ў агракамбінаце «Сноў» традыцыйна ўкаранілася настаўніцтва, то і жаданне ў студэнтаў трапіць у гэтую гаспадарку вялікае. Малады спецыяліст можа па 12 гадзін у суткі быць занятым на вытворчасці, калі гэта неабходна, але патрэбны і спрыяльныя ўмовы для рэлаксацыі. Немалаважны і адносіны да маладога спецыяліста. Яго трэба зразумець і падтрымаць, каб не расчараваўся ў прафесіі.

— Віталь Віктаравіч, памятаю раней у акадэміі вучыліся прадстаўнікі розных кантынентаў. А зараз?

— Летась займалася паўтысячы замежных студэнтаў амаль з двух дзясяткаў дзяржаў. Сёлета прынялі на вучобу моладзь з Рэспублікі Конга, Нігерыі і іншых краін Афрыкі. На сотню больш стала маладых прадстаўнікоў замежжа. Раней было іх значна больш. Пандэмія каронавіруса адмоўна паўплывала на павелічэнне іх колькасці.

— Беларуская дзярж­сельгасакадэмія сёння — гэта…

— …сучасны навукова-практычны адукацыйны цэнтр. Асноўная задача — падрыхтоўка спецыялістаў для аграпрамысловых прадпрыемстваў і арганізацый рэспублікі. У нас адзіны ў краіне факультэт землеўпарадкавання, дзе вучацца будучыя спецыялісты кадастравых служб. Рыхтуем і юрыстаў. З дапамогай спонсараў абсталявалі навучальную залу суда. Прыязджаў Старшыня Канстытуцыйнага Суда і быў уражаны.


Загадчык кафедры іхтыялогіі і рыбаводства кандыдат біялагічных навук Мікалай БАРУЛІН.

— Навучальны год у акадэміі пачынаецца з экскурсій студэнтаў у гаспадаркі, дзе яны знаёмяцца з сучаснай вытворчасцю, — дадае прарэктар па вучэбнай рабоце Міхаіл Волкаў. — Калі гэтую традыцыю пачыналі, то хваляваліся: не адбіць бы ахвоту працаваць на зямлі. Але час паказаў, што гэта патрэбная справа. Своечасова падтрымана ідэя стварэння агракласаў. Цудоўна гэта работа пастаўлена ў Быхаўскім раёне і ў Гомельскай вобласці. Сёлета больш за 70 выпускнікоў агракласаў сталі нашымі студэнтамі.

Калектыў акадэміі настроены крочыць наперад і не спыняцца на дасягнутым. З’явілася новая спецыяльнасць «аграэкатурызм». Плануецца адкрыццё цэнтра біятэхналогій з каскадам сучасных цяпліц, гароднінасховішча. Будзем рыхтаваць спецыялістаў па вырошчванні экалагічна чыстых прадуктаў. Моладзі далей працягваць слаўную гісторыю нашай альма-матар.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter