Горкае рэха вайны. “Мой брат Афанасій Фядотавіч ПАСЕНІН прапаў без вестак у гады Вялікай Айчыннай.

У першыя дні вайны ён быў прызваны на фронт са Смаленскай вобласці. У пахавальнай паведамлялася, што брат загінуў у 1943 годзе. Хачу даведацца, дзе яго напаткала смерць і дзе пахаваны. Яшчэ шукаю пляменніцу Любоў Мікалаеўну ШМАНЦАР, 1965 года нараджэння, ураджэнку горада Веліж Смаленскай вобласці. Яна выйшла замуж, і іх сям’я пераехала ў горад Вілючынск Камчацкага краю. У 2006 годзе перапіска паміж намі спынілася. Ангеліна Фядотаўна Пасеніна, Воранава”.

“Мой старэйшы брат Міхаіл Іванавіч ІВАНОЎСКІ, 1923 года нараджэння, ураджэнец вёскі Навуць Жыткавіцкага раёна былой Палескай (зараз Гомельскай) вобласці, да вайны скончыў школу фабрычна-заводскага навучання ў Жыткавічах. Удзельнічаў падчас практыкі ў пракладцы другой каляі ўчастка чыгункі Жыткавічы—Калінкавічы. У 1941 годзе іх навучальную ўстанову эвакуіравалі ў Расію, у горад Чэлябінск. Праз год Міхаіла прызвалі ў армію. Хачу даведацца, дзе ён служыў, памёр ці загінуў, дзе пахаваны. Таксама шукаю звесткі пра маіх дзядзькоў па лініі маці: Мацвея Іпалітавіча ПРЫЛУЦКАГА, прыкладна 1897—1898 гг., і Андрэя Іпалітавіча ПРЫЛУЦКАГА, 1904—1905 гадоў нараджэння. Сцяпан Іванавіч Іваноўскі, Светлагорск”.

“Шукаю дзядзьку Навума Рыгоравіча ЧАРНЯЎСКАГА, 1918 года нараджэння, ураджэнца Брагіна. Да вайны ён з сям’ёй жыў у горадзе Рэчыца. За пяць дзён да страшнай фашысцкай навалы паехаў у водпуск да сястры ў Польшчу, у горад Беласток. Там і застала яго вайна. З сястрой і яе дзецьмі прабіраўся ў Рэчыцу. Але яны не паспелі, родныя эвакуіраваліся. У горадзе былі немцы. Сястру ў хуткім часе расстралялі, а дзяцей яе схавалі добрыя людзі. Навум пайшоў на фронт. У 1944 годзе знаходзіўся ў шпіталі. Дамоў пасля перамогі не вярнуўся. Дзе дзеўся, невядома. Быў адзін адказ: прапаў без вестак у жніўні 1944-га. Можа, хто з ветэранаў пазнае на фотаздымку свайго таварыша і адгукнецца. Мая Канстанцінаўна Перлава (ці Пярлова), Гомель”.

“Майго брата Франца Міхайлавіча РАДЗЕВІЧА, 1920 года нараджэння, ураджэнца вёскі Замасточча Мінскага раёна, у 1940-м забралі ў армію. У маі 1946-га прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак у чэрвені 1941 года. Марыя Міхайлаўна Ветрава, Мінск”.

“Шукаю магілу Дзяніса Іванавіча БАРСУКОВА, 1913 года нараджэння, ураджэнца горада Добруша. Пайшоў на фронт у першыя дні вайны з Добрушскага райваенкамата. Пасля перамогі нам выдалі даведку, што ён прапаў без вестак 8 кастрычніка 1943 года. Кацярына Паўлаўна Барсукова”.

Знайшлі на вакзале

“Звестак пра маё дзяцінства засталося вельмі мала. Нарадзілася ў 1944 годзе. Згодна з маёй асабістай карткай, я была ў 1947 годзе змешчана ў Брэсцкі прыёмнік-размеркавальнік. Прывезла мяне туды чужая жанчына. У анкеце напісана, што мяне яна знайшла на вакзале ў Брэсце. Пазначана месца нараджэння: горад Кіеў, Украіна. Бацька Іван загінуў на фронце, а маці — “зарэзаў” поезд. 9 жніўня 1947 года я была накіравана Брэсцкім абласным аддзелам народнай адукацыі ў Дамачоўскі дашкольны спецыяльны дом, дзе знаходзілася да 1951 года. Затым адпраўлена ў Пружанскі дзіцячы дом, закончыла там першы клас. З 1955 па 1961 год знаходзілася ў Малецкім дзетдоме Бярозаўскага раёна, там закончыла школу. У 1961—1966 гадах вучылася ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце. Можа, хто-небудзь помніць ці чуў пра маё дзяцінства, ці ведае, хто мяне забраў на вакзале ў Брэсце, няхай адгукнуцца. Вельмі на гэта спадзяюся. Хачу адшукаць сваіх родных. Людміла Іванаўна Кнышава (Асадчанка), Пінск”.

Шукаю брата

“Шукаю брата Мікалая Мікалаевіча ЯРАШЭВІЧА, 19 студзеня 1963 года нараджэння, ураджэнца горада Чэрвеня. Летам 1989 года ён звольніўся з работы, забраў дакументы і больш з таго часу яго ніхто не бачыў. Не ведаем, дзе дзеўся, што з ім здарылася. Магчыма, паехаў на заробкі, але куды... Раіса Мікалаеўна Мельнікава, Гродна”.

За сустрэчаю — сустрэча

  • Уладзімір Васільевіч Малашонак з Ушацкага раёна шукаў ва Украіне стрыечную сястру Таццяну Уладзіміраўну Мамонаву і яе дзяцей. З дапамогай супрацоўнікаў аддзела грамадзянства, міграцыі і рэгістрацыі фізічных асоб гарадскога ўпраўлення Міністэрства ўнутраных спраў Украіны ў Днепрапятроўскай вобласці родныя людзі знайшліся.
  • Людміла Фамінічна Рудніцкая з Мазыра шукала брата Міхаіла Іосіфавіча Алістрава, які жыў у Петрапаўлаўску-Камчацкім. Родныя не бачыліся больш як 25 гадоў. Знайсці М.І.Алістрава дапамаглі супрацоўнікі ўпраўлення ўнутраных спраў па Петрапаўлаўска-Камчацкай гарадской акрузе Міністэрства ўнутраных спраў Расіі.
  • Соф’я Яраславаўна Башкірава з Кобрына шукала сяброўку Алу Міхайлаўну Станкіну. Жыла сяброўка ў Львоўскай вобласці ва Украіне. З дапамогай адміністрацыі Львоўскай вобласці Украіны А.М.Станкіна знайшлася.
  • Валянціна Рыгораўна Шлыкава з Віцебскай вобласці шукала сяброў маладосці, разам з якімі вучылася ў школе № 1 горада Багушэўска на Віцебшчыне. Калегам патэлефанавала былая аднакласніца Валянціны Ганна Геніна — і адбылася яшчэ адна сустрэча.
  • Таццяна Міхайлаўна Шыманчык з Івацэвіцкага раёна шукала сябра маладосці Міхаіла Міхайлавіча Свірыдэнку. Адгукнулася жонка яго брата Таццяна Іванаўна Свірыдэнка з Добруша, якая і расказала пра лёс Міхаіла Міхайлавіча.

Адгукніцеся, родныя людзі

Упраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь заўжды дапамагае нам у пошуку магіл і звестак пра тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. На гэты раз яны просяць аб дапамозе радыёслухачоў і чытачоў “Народнай газеты”. Просім адгукнуцца родных і блізкіх тых, пра каго мы раскажам.

Леанід Іванавіч КАТЫНСКІ, 1903 года нараджэння, бліжэйшыя родныя з горада Рэчыца Гомельскай вобласці. Чырвонаармеец. Месца і дата смерці: Сенне, Германія, 4 чэрвеня 1945 года. Месца і дата пахавання: Маргратэн, Нідэрланды, 9 чэрвеня 1945-га. Месца і дата перапахавання: Амерсфорт, Нідэрланды, 9 снежня 1947 года. Нумар магілы 7.648.
Васіль Фёдаравіч СПІРЫДОНАЎ, 1925—1926 года нараджэння, месца нараджэння с.Екіслава Віцебскай вобласці, бліжэйшыя родныя Фёдар і Анастасія Спірыдонавы (бацькі), вёска Казіміраўка Віцебскай вобласці. Дата і месца смерці: 9 мая 1945 года, Людэншэйд. Месца і дата пахавання: Маргратэн, Нідэрланды, 14 мая 1945-га. Месца і дата перапахавання: Амерсфорт, Нідэрланды, 5 лістапада 1947 года. Нумар магілы 3.273.
Мікалай Аляксандравіч ЗУЕЎ, 1918 года нараджэння, месца нараджэння Курская вобласць. Бліжэйшыя родныя: жонка Ніна Мікалаеўна Зуева, Тульская вобласць, горад Сталінагорск (цяпер Новамаскоўск). Прызываўся 5 кастрычніка 1938 года Сталінагорскім гарадскім ваенкаматам. Чырвонаармеец. Апошняе месца службы воінская часць 5897. Месца і дата смерці: Людэншэйд, Германія, 13 мая 1945 года. Месца і дата пахавання: Маргратэн, Нідэрланды, 17 мая 1945-га. Месца і дата перапахавання: Амерсфорт, Нідэрланды, 5 лістапада 1947 года. Нумар магілы 3.258. Як паведаміў ваенны камісар г.Новамаскоўска Тульскай вобласці, адрас месцажыхарства родных — Мінская вобласць, вёска Цароўка (зараз Кірава) Слуцкага раёна.
Ягор Іванавіч ВАРАБ’ЁЎ, 1902—1905 года нараджэння, вёска Сукіна Горацкага раёна Магілёўскай вобласці. Бліжэйшыя родныя: жонка З.І.Вараб’ёва, Хабараўскі край, Вяземскі раён, Дармідонтаўская лесапрамысловая гаспадарка, лесанарыхтоўчы ўчастак “Піхта”. Прызываўся Вяземскім раённым ваенкаматам Хабараўскага краю. Чырвонаармеец. Месца і дата смерці: Людэншэйд, Германія, 8 мая 1945 года. Месца і дата пахавання: Маргратэн, Нідэрланды, 11 мая 1945-га. Месца і дата перапахавання: Амерсфорт, Нідэрланды, 4 лістапада 1947 года. Нумар магілы 3.229.
Сяргей Ерамеевіч ХАЦЕТАЎ, 1910 года нараджэння. Бліжэйшыя родныя: маці Ефрасіння Лявонаўна Хацетава (гады жыцця 1881—1951), Магілёўская вобласць, Чавускі раён, вёска Нешкаўка, сястра Таццяна Ерамееўна Хацетава, 1923 года нараджэння, Калінінградская вобласць, пляменніца Пелагея Іванаўна Шульга, 1951 года нараджэння, Калінінградская вобласць. Чырвонаармеец. Месца і дата смерці: Бад-Ліпшпрынге, Германія, 28 мая 1945 года. Месца і дата пахавання: Маргратэн, Нідэрланды, 1 чэрвеня 1945-га. Месца і дата перапахавання: Амерсфорт, Нідэрланды, 15 снежня 1947 года. Нумар магілы 8.685.
Аляксандр Дзмітрыевіч АРЦЁМЕНКА (ці АРЦІМЕНКА), 1921 года нараджэння, вёска Мохава Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці. Прызываўся ў ліпені 1941 года Лоеўскім раённым ваенкаматам. Чырвонаармеец. Прапаў без вестак, дата выбыцця — сакавік 1945 года. Апазнаны па медальёне. Зной-дзены ў маі 1991 года. Загінуў вясной 1942 года. Пахаваны ў Клімавіцкім сельскім Савеце Юхнаўскага раёна Калужскай вобласці на воінскіх мемарыяльных могілках “Вялікае Усце” 6 мая 1991 года.

Нашы калегі з радыёпраграмы “Помні імя сваё”, якія па нашай просьбе нядаўна агучылі прозвішчы, паведамілі, што адгукнуліся родныя яшчэ дваіх адшукваемых — Тэафана (Феафана) Іванавіча Пукаса і Васіля Якаўлевіча Кончыца. Яны хочуць як мага больш даведацца пра лёс дзядзькі і дзядулі. Спадзяёмся, што супрацоўнікі ўпраўлення паспрыяюць у гэтым.

Час летуценны, чароўны

“Раней мой любімы чалавек Мікалай Іванавіч ХАДКЕВІЧ жыў у Быхаўскім раёне, а потым паехаў адтуль. Ад знаёмых даведалася, што быццам бы накіраваўся ў Цюменскую вобласць. Вось там, напэўна, і трэба яго шукаць. Вельмі хочацца сустрэцца з ім, пагаварыць, абмеркаваць наша жыццё і справы. Мы ўжо ў сталым узросце, маем унукаў. Цікава даведацца, як склаўся лёс, можа, яму зараз нялёгка і ён хоча сустрэцца. Раней мы жылі непадалёку, ведалі сем’і адно аднаго, бацькоў, родных. Цікава, ці наведвае зараз Мікалай сваю вёску, малую радзіму. Валянціна Ягораўна Салдашова (Кавалёва), Рагачоўскі раён”.
“Шукаю і не магу знайсці сябра юнацтва Антона РАЎКО, прыкладна 1957—1959 года нараджэння. Вучыўся ў Маладзечанскім вучылішчы ў 1974—1976 гадах. Служыў у арміі ў Расіі (Валагодская вобласць, горадзе Чарапавец) у канцы 80-х. Сустрэліся мы з ім у Мядзелі: ён там быў на практыцы, а я прыехала на будоўлю адразу пасля заканчэння вучылішча. У нас былі чыстыя, светлыя адносіны. Ведаю, што жыў ён з бацькам, маці памерла. Антон мяне кахаў. Больш пра яго нічога невядома. Фота-здымак не захаваўся. Вельмі хочацца даведацца, як склаўся яго лёс. Калі ён шчаслівы, мяне гэта толькі парадуе. Калі штосьці не склалася з-за мяне, хачу папрасіць прабачэння. Лідзія Міхайлаўна Прышчэпава, Мінск”.
“Цікава, як склаўся лёс Валянціны Іосіфаўны ГАРАДЗЕЦКАЙ. Ведаю, што яна ўраджэнка Асіповіцкага раёна. Працавала ў калгасе “Запаветы Ільіча” Навагрудскага раёна ў 1955 (ці 1957, напісана неразборліва) — 1962 гадах. Потым звольнілася і некуды паехала. Калі яна ёсць на гэтым свеце, няхай адгукнецца. Анатоль Ігнатавіч Смоляк, Навагрудак”.
“Прайшло дваццаць гадоў, але забыць пра Вячаслава АНТОНАВА немагчыма. Пазнаёміліся мы ў Мінску, дзе я жыла і працавала пасля заканчэння навучальнай установы. Мой сябра тады быў маёрам, пазней — палкоўнікам. Час, калі мы сустракаліся, быў самым шчаслівым у маім жыцці. Я кожны дзень думаю пра Вячаслава. Хачу даведацца, як склаўся яго лёс. Раней ён жыў у горадзе Калінінградзе, працаваў выкладчыкам у Вышэйшым ваенным вучылішчы. Таксама ў Мінску жыў мой сябар Валерый Паўлавіч ДЗЯДЗЕЧКІН. Раней ён працаваў у Гомельскім медыцынскім універсітэце загадчыкам кафедры. Прафесар. Яшчэ хачу даведацца пра свайго сваяка Валерыя ГАБАЯ, прыкладна 1955 года нараджэння. Ён раней жыў у Мінску, працаваў на насоснай станцыі, потым — на “Інтэграле”. Нумар тэлефона яго згубіла і не ведаю нічога пра лёс роднага чалавека. Ганна Іосіфаўна Тананко, Слонім”.
Мая каханая Раіса Міхайлаўна ДЫЛЯВАЯ, 1948 года нараджэння, жыла ў Казахстане: пасёлак Міхайлаўка Астанайскай (Цалінаградскай ) вобласці. У яе ёсць сын Віталь, 1970 года. Магчыма, яны пераехалі ва Украіну (Хмяльніцкая вобласць) ці ў Беларусь, і Раіса змяніла прозвішча. Лявонцій Іванавіч Архіп, Слонімскі раён”.

Сяброўка мая

“Дапамажыце знайсці маю сяброўку дзяцінства і юнацтва Вольгу Фёдараўну ЧАКУН (прозвішча дзявочае), прыкладна 1935 года нараджэння, ураджэнку вёскі Дзягцяныя Капыльскага раёна. Зараз у яе вёсцы нікога з родных не засталося, і няма ў каго спытаць пра Вольгу. Можа, яна сама адгукнецца або дзеці раскажуць пра лёс маёй сяброўкі. Лідзія Міхайлаўна Козел (Траццяк), Капыльскі раён”.
“Хачу знайсці сваю былую сяброўку Раю МІКАНОВІЧ (прозвішча дзявочае). Мы разам вучыліся ў Гродзенскім педвучылішчы, якое скончылі ў 1955 годзе. Па накіраванні я паехала ў раён, дзе зараз жыву, а яна — у пасёлак Наваельня Дзятлаўскага раёна. Часта ўспамінаю нашу дружбу і хачу даведацца, як жыве мая сяброўка. Яфімія Міхайлаўна Будзько (Сакута), Шчучынскі раён”.
“З Тамарай Іванаўнай ТАРМОЛА, 1942 года нараджэння, у 1961—1963 гадах мы разам вучыліся ў Мінскім тэхнікуме савецкага гандлю. Тамара нарадзілася ў вёсцы Заполле Карэліцкага раёна. Мне давялося перарваць вучобу па сямейных абставінах. Сустрэліся мы з сяброўкай амаль праз тры гады. Яна была замужам за сваім аднавяскоўцам Вячаславам (прозвішча яго не памятаю), у іх нарадзіўся сын Алежка. Пасля гэтага сувязь паміж намі перарвалася. Памятаю яшчэ, што ў Мінску жыў дзядзька сяброўкі Раман Тармола. Зінаіда Віктараўна Шаўкунова (Дылейка), Бабруйск”.

50 гадоў таму

“На душы становіцца крыху сумна, што жыццё праляцела так хутка. Вельмі хочацца сустрэць былых маіх аднакласнікаў. У 1960 годзе мы скончылі Расненскую сярэднюю школу Дрыбінскага раёна і раз’ехаліся па свеце. Наш клас быў вельмі дружны. Я і зараз памятаю ўсе імёны і прозвішчы сваіх сяброў. Яны былі з вёсак Бабейкі, Баброва, Галалобаўка, Заходы і населенага пункта Расна. У наступным годзе спаўняецца 50 гадоў, як мы пакінулі сцены сваёй школы. Спадзяюся, што былыя аднакласнікі адгукнуцца, каб сабрацца ўсім разам. Валянціна Мікалаеўна Русакова, Мінск”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter