Горацкая сіліконавая даліна

ЗДЫМАЧНУЮ групу Латвійскага тэлебачання, якая рыхтуе цыкл праграм аб нашым агракомплексе, пасля наведвання цяплічнай гаспадаркі віцебскага ААТ “Рудакова” і школьнай абсерваторыі, чакалі ў Беларускай дзяржаўнай сельгас- акадэміі.


– ПАСЛЯ развалу латвійскіх калектыўных гаспадарак у нас такога не ўбачыш, — адзначае тэлерэжысёр Дацэ Славінска, якая ўражана краявідамі збожжавых палеткаў, шматлікіх статкаў жывёлы і колькасцю малакавозаў, што разміналіся з нашым легкавічком. — Многія фермеры пасля ўступлення краіны ў Еўрасаюз не вытрымалі канкурэнцыі і падаліся хто ў Нарвегію клубніцы вырошчваць каля цёплых фіёрдаў, а хто ў туманны Альбіён ці Ірландыю. Не карыстаюцца папулярнасцю сярод латвійскай моладзі і сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы.

Зразумела цяпер, чаму госці былі так уражаны, калі рэктар акадэміі Павел Саскевіч сыпануў, як кажуць, крыху лічбаў: амаль сто тысяч падрыхтаваных спецыялістаў сельскай гаспадаркі, звыш 12 тысяч студэнтаў на 13 факультэтах, выпускнікі, якія сталі вядомымі вучонымі і педагогамі, арганізатарамі сельгасвытворчасці, дзяржаўнымі і грамадскімі дзеячамі. Амаль палова выкладчыкаў маюць навуковыя ступені. Дыпломы выпускнікоў сельгасакадэміі прызнаюцца ў 26 краінах свету.

Журналіст Яніс Лаціс пацікавіўся, ці ўплывае вышэйшая навучальная ўстанова на сельскагаспадарчую палітыку краіны. У адказ пачуў, што за мінулы год з навуковых лабараторый акадэміі перададзена на выпрабаванне звыш дзесяці сартоў сельгаскультур. Далейшае вырошчванне іх на палях — самы непасрэдны ўплыў на гаспадарчую дзейнасць. Цікавіла гасцей, як сёлета прайшоў набор першакурснікаў.

— На некаторых больш прэстыжных спецыяльнасцях конкурс дасягаў чатырох чалавек на бюджэтнае месца, — адзначыў рэктар. — Дадатковы набор не спатрэбіўся ні на адным факультэце.

Цесныя кантакты акадэмія, як высветлілася, мае з калегамі з Латвіі і іншых еўрапейскіх краін па развіцці арганічнага земляробства.

— Арганічнае земляробства шырока распаўсюджана ў латвійскіх фермераў таму, што не хапае сродкаў на набыццё дарагіх прэпаратаў, — тлумачыць Дацэ Легзда. — Падлічана, што для вырошчвання гектара бульбы неабходна хімікатаў амаль на трыста еўра. Атрымліваць экалагічна чыстую прадукцыю дапамагае суровы прыбалтыйскі клімат. Зімою ў мароз выміраюць многія шкоднікі. Такія ж кліматычныя ўмовы і ў Беларусі. У заходнееўрапейскіх краінах вымушаны апрыскваць сады да дзесяці—пятнаццаці разоў за сезон. Таму і плады прывабныя на выгляд. А чым яны напоўнены, пакупніка мала турбуе. А шкада.

Гасцям прадэманстравалі тэхнічныя навінкі.

— Веру, што хутка будзе ў Горках тэхнапарк, накшталт амерыканскай Сіліконавай даліны, — падзяліўся задумкамі Павел Саскевіч. — Мэта — не толькі стварэнне, а і садзейнічанне ўкараненню паркавых навуковых распрацовак у вытворчасць і адкрыццё інавацыйных прадпрыемстваў.

— Пяць гадоў таму мяне ўразіў студэнцкі гарадок у Горках, — прызналася Дацэ Славінска. — Але тое, што ўбачылі і знялі для падрыхтоўкі тэлепраграмы ў сельгас- акадэміі, прымусіла яшчэ больш захапіцца суседняй Беларуссю. Галоўнае, цяпер вось так прыгожа данесці ўсё да тэлегледача.

Горацкі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter