Почему жителей Пинска считали полесскими индейцами и что шведский король Карл XII сказал о местной природе

Горад з гонарам

Лёс Пінска з самага пачатку вызначала не столькі ўдалае геаграфічнае месцазнаходжанне, колькі яго прадпрыемлівыя ўладальнікі і жыхары. Вялікім духоўным, гандлёвым, рамесным (пазней і прамысловым) цэнтрам ён стаў не дзякуючы абставінам, а хутчэй насуперак ім.


Вернае палажэнне

Гэты горад лічыцца ў Беларусі другім па колькасці помнікаў архітэктуры, якія захаваліся. Аднак амаль усе яны адносяц­ца да апошніх некалькіх стагоддзяў. Калі стаіш на ідэальна роўнай плошчы Леніна ў цэнтры горада, зусім не верыцца, што ў наступным годзе Пінску споўніцца 925 гадоў. У Полацку, Тураве, Брэсце ды іншых старажытных беларускіх мясцінах лёгка ўяўляеш іх узрост — бачыш перад сабой то замкавую гару, то рэшткі тысячагадовага храма. А мінулае Пінска трэба яшчэ ўмець разгледзець за яго адносна сучасным абліччам. 

— Бачыце, адразу за плошчай амаль на беразе Піны ўзвышаецца ад старой печы труба, на якой гняздо з бусламі? Дом даўно пусты, а птушкі на коміне жывуць. Гэта і сцвярджальны сімвал жыцця на Палессі, і ўмоўная кропка для мясцовых экскурсаводаў: лічыцца, што гэта самае высокае месца на колішняй замкавай гары, — расказвае вядучы навуковы супрацоўнік Музея Беларускага Палесся Святлана Цылімава. 

Як горад выглядаў дзевяць соцень гадоў таму? З аднаго боку абаронай для яго была рака Піна. На высокім беразе знаходзіўся княжацкі двор, які быў умацаваны валам і ровам. А на месцы сучаснай плошчы Леніна раскідваўся вакольны горад, што таксама меў добрыя ўмацаванні. Адсюль і назвы дзвюх вуліц — Завальная (літаральна — за валам) і Равецкая (уздоўж рова). 


— Пасляваенны час, калі горад перапланіроўвалі і актыўна забудоўвалі, стаў перыядам знакавых археалагічных раскопак. У прыватнасці была знойдзена віслая царкоўная пячаць ХI стагоддзя, якая належала вялікаму князю кіеўскаму Ізяславу Яраславічу (у хрышчэнні Дзмітрый), — кажа Святлана Цылімава. — Усяго такіх рарытэтаў на Беларусі знойдзена пяць штук, але каштоўнасць канкрэтна гэтай у тым, што яна пралівае святло на мінулае Пінска. Гісторыкі мяркуюць, што на месцы, дзе пячаць была знойдзена, стаяла Дзмітрыеўская царква. На адным баку свінцовай пляшкі — выява святога Дзмітрыя, а на іншым — абразок Багародзіцы. 

Пазней на працягу доўгіх стагоддзяў на месцы вакольнага горада знаходзілася рыначная плошча, якую яшчэ век таму ў народзе звалі «шаранговымі лаўкамі», а каля ракі стаяў знакаміты лодачны базар. Бойкі гандаль забяспечваў не толькі выхад да месца ўпа­дзення Піны ў Прыпяць, але і той факт, што ў горадзе здаўна жылі яўрэі. 

— У XVI стагоддзі пасля смерці апошняга ўдзельнага князя Фёдара Іванавіча Яраславіча Пінск перайшоў ва ўладанні Вялікага Княства Літоўскага, а ў хуткім часе ім фактычна стала валодаць каралева Бона Сфорца. Нягледзячы на рэпутацыю атручальніцы, яна па-гаспадарску вяла справы на тэрыторыях, якія ёй належалі, праводзіла рэформы, — расказвае вядучы навуковы супрацоўнік музея. — Вядома, што менавіта Бона Сфорца актыўна запрашала ў горад на Піне яўрэяў і дазволіла ім пабудаваць тут сінагогу, каб яны развівалі гандаль і рамесніцтва. 

У розныя перыяды існавання архітэктурнымі дамінантамі Пінска выступалі праваслаўныя, каталіцкія і іўдзейскія храмы. Яны давалі імпульс для развіцця самых розных бакоў жыцця мясцовага ­насельніцтва — ад адукацыі і медыцыны да ганд­лю і прамысловасці. Так, упрыгажэннем галоўнай плошчы горада першапачаткова былі Сямёнаўская і Спаская праваслаўныя цэрквы, пасля тут узвышаўся касцёл святога Станіслава з ансамблем езуіцкага манастыра (да нашага часу захаваўся толькі будынак калегіума), а насупраць стаяла трохпавярховая сінагога, якая звонку нагадвала крэпасць. 

Сёння Пінск пацвярджае статус моцнага рэлігійнага цэнтра Беларусі. Тут надзвычай актыўна будуюцца праваслаўныя храмы (апошні быў асвечаны мінулай восенню пры ўдзеле Патрыяршага Экзарха Веніяміна). І ў той жа час у горадзе дзейнічае каталіцкая Вышэйшая духоўная семінарыя імя св. Тамаша Аквінскага, а яшчэ існуе адна з самых шматлікіх у краіне суполак артадаксальных іўдзеяў, пры якой нават працуе школа. 

Не правінцыя, а сталіца

— Пойдзем на «шпацыр па газу»? — задае дзіўнае пытанне Святлана Цылімава і, заўважаючы неразуменне ў маіх вачах, перакладае: — Гуляць па галоўнай вуліцы! Пінск доўгія стагоддзі быў міжэтнічным горадам. Таму і ў адной з самых папулярных фраз у маўленні мясцовых спалучыліся польскія і яўрэйскія словы. 
Сёлета Пінск адзначае 440 гадоў з моманту атрымання магдэбургскага права. У экспазіцыі Музея Беларускага Палесся можна ўбачыць арыгінал граматы (1785 г.), якая пацвярджала права горада на самакіраванне
Першы, з кім сутыкаецца кожны госць горада, — ганаровы пінчук у бронзе на пачатку пешаходнай вуліцы Леніна. Ёсць у гэтым імпазантным мужчыне ў капелюшы нешта і ад сялян з навакольных вёсак, якія ўмеюць працаваць, а ёсць штосьці і ад мясцовых яўрэяў, якія ладна вялі гандаль на рацэ. Арыгінальная скульптура быццам увабрала ў сябе супярэчлівы характар мясцовасці і яе не менш супярэчлівых жыхароў, якія заўжды вылучаліся асабістым меркаваннем абсалютна на ўсё і не саромеліся падкрэсліваць сваё пахо­джанне, дзе б ні апынуліся. Га­на­ровы паляшук таму какетліва пальчык і загінае са словамі: «Па-першае, я з Пінска…»

Актрыса Палескага драматычнага тэатра Вольга Шэндар, якая нарадзілася і вырасла ў Расіі, але большую частку жыцця правяла ў гора­дзе над Пінай, аднойчы трапна заў­важыла: 

— Пінчукі — людзі асаблівыя. Мне як прыезджай гэта добра відаць. Яны маюць гонар і ўмеюць трымацца на вышыні, нават калі за душой ні капейкі.



Вуліца Леніна (першапачаткова — Вялікая Спаская) — куток Пінска, які знешне амаль цалкам захаваўся з канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Аднак наш маршрут — у сапраўдны палац, які напрыканцы XVIII стагоддзя пабудаваў пінскі суддзя Матэвуш Бутрымовіч. 

Будынак надзвычай добра захаваўся да нашага часу, і гэта дзіўна, паколькі ўзво­дзілі яго «на плывунах» (крыніцах). Ды і ў цэлым забалочаная мясцовасць каля ракі не вельмі падыходзіла для палаца.  

— Бутрымовіч быў выбітным дзяржаўным дзеячам, які імкнуўся зрабіць Пінск міжнародным партовым горадам. Менавіта пры яго актыўным удзеле будаваліся Дняпроўска-Бугскі канал і канал Агінскага, якія фактычна злучылі Балтыку з Чорным морам, — расказвае Святлана Цылімава. — Вясной 1784 года Матэвуш снарадзіў флатылію з дзясятка судоў, нагружаных вэнджанай рыбай, мёдам, мяхамі, воскам і іншымі мясцовымі таварамі. Узначаліў экспедыцыю, якая ­ішла ў Гданьск, пінскі шляхціц Стахоўскі. Гэта, кажучы сучаснай мовай, была моцная піяр-кампанія як новых водных каналаў, так і самога Палесся. У Варшаве паглядзець на караблі выйшаў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі са світай. Ён быў моцна ўражаны багатым караванам з правінцыі і ўжо восенню паехаў асабіста знаёміцца з «палескімі індзейцамі». 

Самі жыхары Піншчыны сёння не турбуюцца наконт свайго аддаленага ад буйных гарадоў месцазнахо­джання. Паспрабуй ім сказаць, што яны жывуць у правінцыі, у адказ абавязкова паправяць: ­«Пінск — сталіца Палесся».



ДАРЭЧЫ

Іншаземцы заходзілі ў Пінск не толькі з добрымі намерамі, але таксама з агнём і мячом. Так, падчас Паўночнай вайны тут спыняўся шведскі кароль Карл XII. Існуе паданне, што пасля некалькіх тыдняў у горадзе ён падняўся на адну з веж езуіцкага касцёла (на хвілінку, яго вышыня дасягала 28 метраў), аглядзеўся і сказаў: «За гэтымі балотамі нічога няма. Будзем адступаць». 

— Адступаючы, шведы ўзарвалі замак князёў Вішнявецкіх, які знаходзіўся ў прадмесці Пінска, і вывезлі з сабой нямала каштоўнасцей, — дзеліцца Святлана Цылімава. — Хацелі забраць і вядомы абраз Багародзіцы з мястэчка Лагішын. Згодна з паданнем яны нават запакавалі ікону, аднак яна «не далася» ў рукі варварам і цудам засталася на сваім месцы.

ВАРТА ВЕДАЦЬ

Першае ўзгадванне Пінска ў летапісных крыніцах адносіцца да 5 лістапада 1097 года. У «Аповесці мінулых гадоў» горад на Пінай з’яўляецца з нагоды нарастання напружання паміж вялікім князем кіеўскім Святаполкам Язяславічам (унукам Яраслава Мудрага), князем Давыдам Ігаравічам (мяркуецца, што ён заснаваў Давыд-Гарадок) з аднаго боку і князем Васількам Церабоўльскім з іншага. У той час Пінск у складзе Тураўскага княства належаў Святаполку, аднак Давыд, вядомы сваім актыўным удзелам у міжусобіцах, як піша аўтар летапісу, казаў наступнае: «Калі ж сыдзе (Васілька) у сваю воласць, сам пабачыш, што зойме ўсе твае гарады — Тураў, Пінск і іншыя... Тады памянеш мяне. Але пакліч яго цяпер, схапі і аддай мне». Вядома, што гэты гістарычны эпізод скончыўся сумна — Давыд асляпіў Васільку. 

kurak@sb.by 

Палац Бутрымовіча.

Вуліца Леніна — былая Вялікая Спаская.

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter