Жодзіна адзначае 55-годдзе

Горад вялікіх магчымасцей

Жодзіна адзначае 55-годдзе. Для горада, які з’явіўся на карце краіны адным з апошніх, гэта дата больш чым значная. А таму і адзначыць яе вырашана маштабна — святкаванне юбілею расцягнецца аж на чатыры дні — з 30 чэрвеня па 3 ліпеня.

Самазвалы БелАЗ сёння працуюць амаль у 80 краінах.
Фото БЕЛТА

Свой дзень нараджэння горад адзначае з 1963 года. Аднак ён не ўзнік на пустэчы. Паводле гістарычных крыніц, у 1643 годзе на месцы непралазных дрымучых лясоў, дзе зараз расце і развіваецца Жодзіна, было заснавана паселішча Багуслаў Поле, якое належала магнатам Радзівілам. У 1781 годзе мястэчка ўпершыню згадваецца пад новай назвай Жодзін (пазней Жодзіна) — на той момант у ім пражывала каля 230 жыхароў. Зараз жа ў горадзе каля 63 тысяч чалавек! Такому буйному скачку і ў колькасці насельніцтва, і ў пашырэнні межаў, і ў набыцці новага статусу — горад — Жодзіна, вядома, абавязаны ўзвядзенню тут найбуйнейшага машынабудаўнічага завода БелАЗ, які стаў вядомы ва ўсім свеце дзякуючы выпуску аўтасамазвалаў звышвысокай грузападымальнасці. 



Самы вялікі ў свеце самазвал БелАЗ-75710 грузападымальнасцю 450 тон, які ўвайшоў у Кнігу (рэкордаў) Гінеса, завод вырабіў у 2013 годзе. Сёння БелАЗ уваходзіць у лік  вядучых сусветных канцэрнаў па вытворчасці кар’ернай тэхнікі. Яго самазвалы працуюць амаль у 80 краінах, у тым ліку ў такіх далёкіх, як ЗША, Інданэзія, Ангола і гэтак далей. 

З кожным годам прадпрыемства ўмацоўвае свае пазіцыі на рынках блізкага і далёкага замежжа, пашыраючы геаграфію экспарту, нарошчваючы аб’ёмы вытворчасці і ўдасканальваючы якасць тэхнікі. У пацвярджэнне эфектыўнай працы атрымлівае прэстыжныя ўзнагароды. Так, у маі БелАЗ прызнаны пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Лепшы экспарцёр — 2017” у намінацыі “Машынабудаванне і металаапрацоўка”.

Дарэчы, 2018-ы — юбілейны не толькі для горада, але і для завода, будаўніцтва якога пачалося 70 гадоў таму. Юбілей плануюць адзначыць новымі дасягненнямі. 

— Працягваем рэалізацыю інвестыцыйнага праекта “Стварэнне магутнасцяў і павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі кар’ерных самазвалаў грузападымальнасцю 90—450 т”, — расказвае генеральны дырэктар ААТ “БелАЗ” Пётр Пархомчык. — Плануем завяршыць поўную мадэрнізацыю вытворчых плошчаў і абсталявання (праект “Вышыня +178”) і інвестыцыйны праект “Будаўніцтва завода па вырабе кранаў маставога тыпу грузападымальнасцю да 240 тон з рэканструкцыяй існуючых вытворчых магутнасцяў у ААТ “Слуцкі завод пад’ёмна-транспартнага абсталявання”. Як і раней, вялікую ўвагу надаём рашэнню на прадпрыемстве сацыяльна-эканамічных пытанняў: будаўніцтву жылля, стварэнню новых сучасных працоўных месцаў, паляпшэнню ўмоў працы. 

Адно з сёлетніх дясягненняў завода было прэзентавана ў пачатку месяца — у самай шырокай у свеце лінейцы самазвалаў з’явілася новая мадэль БелАЗ-75320 грузападымальнасцю 290 тон, якая зойме нішу паміж машынамі грузападымальнасцю 240 і 360 тон. Па разліках маркетолагаў, найбольш верагодныя рынкі збыту для 290-тоннага самазвала — Чылі, Перу, Аргенціна. Прадпрыемства ставіць таксама мэту выйсці на рынкі ЗША, Мексікі, Канады, Намібіі, ПАР. 

БелАз у Жодзіне — у нейкім сэнсе горад у горадзе. На заводзе працуе звыш 14 тысяч чалавек — не ў кожным раённым цэнтры пражывае столькі людзей. У распараджэнні прадпрыемства — Дом культуры, аздараўленчыя комплексы, рэдакцыя газеты, стадыён, футбольная каманда. Завод даў вялікі штуршок у развіцці горада. Малады 55-гадовы Жодзіна сёння можа пахваліцца дасягненнямі не толькі ў машынабудаўніцтве, але і спорце, культуры, сферы малога бізнесу, развіцці гарадской інфраструктуры. Нядаўна Жодзіна стаў пераможцам у рэспубліканскім конкурсе па добраўпарадкаванні ў катэгорыі “Гарады з насельніцтвам ад 50 тысяч жыхароў”. І па ўсім відаць, горад не плануе спыняцца на дасягнутым. Старшыня Жодзінскага гарвыканкама Юрый Шарый расказвае, што ўжо распрацавана канцэпцыя развіцця горада на бліжэйшую і больш аддаленую перспектыву:

— Канцэпцыя маштабная і ўключае ў сябе практычна ўсе аспекты гарадской інфраструктуры, пачынаючы з пашырэння межаў горада і заканчваючы светлавым і кветкавым афармленнем вуліц і будынкаў.

Міла КАВАЛЁВА.

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter