Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Тураве шануюць традыцыі продкаў і дбаюць пра будучыню

Горад старажытны, горад малады

Для мяне старажытны Тураў, што ў Жыткавіцкім раёне Гомельшчыны, — гэта горад маёй маладосці. У 1964-м пасля заканчэння курсаў па падрыхтоўцы кіраўнікоў-танцмайстраў якраз туды я прыехаў працаваць па накіраванні Гомельскага ўпраўлення культуры. Паслалі ж мяне, як тады казалі, падымаць харэаграфічныя калектывы. Там, шчыра кажучы, я і сам хораша падняўся. Паспрыяла таму найбагацейшая зямля, таленавітыя людзі, якія самі зберагаюць ды з любоўю перадаюць нашчадкам лепшыя народныя абрады, традыцыі.

У вясновую пару штогод у наваколлі Турава шырока разліваюцца воды Прыпяці

Цяпер на Замкавай гары ў Тураве ўзвышаецца магутная постаць Свяціцеля Кірылы Тураўскага. Як вядома, з горадам цесна спалучаны лёс знакамітага святара. Сам жа Тураў згадваецца ў старажытных летапісах яшчэ ў 980 годзе.

Тураўцы, як называюць сябе там жыхары, — унікальныя людзі. Часам жартуюць: “Тураўцы мы, а не чалавекі!”. У тым сэнсе, што адрозныя ад іншых. Памятаю з мінулага, ды і цяперашніх тураўцоў ведаю працавітымі, таленавітымі, спагаднымі. Кожнаму вандроўніку — дапамогуць, чым змогуць. Добрым словам і справай падтрымаюць. Тая зямля, людзі з іх самабытнымі талентамі былі для мяне своеасаблівай Народнай Акадэміяй, дзе я вучыўся жыць у ладзе з сабою, зямлёю, людзьмі ды Сусветам. Па гэты час для мяне тураўскія спевы, абрады, танцы, паданні — як залацінкі на прыгожым палатне Бацькаўшчыны, як чыстая крынічка народнай мудрасці, з якой прыемна смагу наталіць. Бываючы ў Тураве, заўсёды дзякую гораду, людзям зямлі Тураўскай за жыццёвую навуку. І гэтыя словы ўдзячнасці — таксама ім, дарагім, прысвячаю.

Помніцца, у Тураў, калі я там працаваў, прыязджалі вядомыя людзі: Уладзімір Мулявін, Васіль Быкаў, Генадзь Цітовіч, Ігар Лучанок, фалькларысты Васіль Ліцьвінка, Ніл Гілевіч (бо Ніл Сымонавіч быў і вялікім паэтам, і цудоўным знаўцам народнай культуры!), Пётр Гуд і многія іншыя. Колькі цікавых размоў, сустрэч, выступленняў там было… Пра тое згадваў і нядаўна, калі завітаў у Тураў. Сустрэліся там з старшынёй гарвыканкама Сяргеем Скарапацкім. Расказаў яму пра свае планы: сустрэцца з дзецьмі, школьнікамі ды іх выхавацелямі. Пагаварыць пра багатыя скарбы духоўнай мясцовай культуры.

Потым завітаў у дзіцячы садок. Там якраз малыя пад кіраўніцтвам старэйшых рыхтаваліся да Калядаў: развучвалі абрадавыя гульні. Малеча шчабятала: “Дзе Каза ходзіць, там жыта родзіць,/ Дзе Каза хвастом — там жыта кустом…”. Спявалі песню “Святы вечар, добры вечар…”. А як танчаць! Мне расказалі: гэтыя жвавыя танцоры ўжо з поспехам выступаюць і на розных раённых святах, фэстах.

Мікола Котаў і яго маленькія сябры-тураўцы
Аляксандр Кулікоў

А ў 1-й тураўскай школе, дзе мяне гасцінна сустрэлі настаўнікі ды вучні, мы гаварылі пра народнае мастацтва. Пра тое, як яно, вобразна кажучы, умее людзей у людзі выводзіць. Я нагадаў, што былыя вучні школы, якія танцавалі ў народным ансамблі “Прыпяць”, не згубіліся ў жыцці. Скажам, Васіль Стаднік стаў прафесійным артыстам — у Дзяржаўным акадэмічным хоры імя Генадзя Цітовіча. А Фёдар Сядзельнік цяпер — заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, жыве ў Ленінградскай вобласці.

Сябар мой, шчыры і душэўны чалавек Іван Матох, таксама танцор, быў вайскоўцам, цяпер ён — афіцэр запасу. Але й танцуе, можна сказаць, усё жыццё. Сябар жыве ў Маскве, і ў яго, ведаю, нават унукі танчаць беларускія танцы. Між тым багата хто з былых артыстаў “Прыпяці” потым і сам узначаліў танцавальныя калектывы. Нашага ж Міхася Буду запрасілі ва Украіну: у Дзяржаўны ансамбль танца. Ганаруся сваімі вучнямі! А пасля сустрэч у Тураве задаволены вельмі, што там ад дзіцячага садка дзетак далучаюць да народнай культуры.

Хоць мяне й цяжка здзівіць — але ж дзівіўся, радаваўся, пабачыўшы цудоўны музей, прысвечаны традыцыям продкаў, у 2-й тураўскай школе. Там ёсць мастацка-абрадавы гурт навучэнцаў. І якраз ішла рэпетыцыя дзеі “Вясну сустракаць, Юр’я вітаць”. Гучала песня: “Ой, Вясна-Вяснулечка,/ А што ж ты нам вынесла?/ А ці сырчыку, а ці маслейка,/ А ці добрага шчасцейка?” Гучыць родная мова, ляцяць буслы, спяваюць птушкі... Вельмі адказна рыхтаваліся да творчай справаздачы і настаўнікі, і вучні: агляд  праводзіць Жыткавіцкі райаддзел народнай адукацыі. Шмат увагі пашырэнню народнай культуры надаюць мясцовыя ўлады, падахвочвае да зберажэння традыцый і мясцовая газета “Новае Палессе”. А галоўны скарб краю — таленавіты, працавіты народ. Палешукі Жыткавіччыны спрадвеку жывуць у плыні роднай культуры, менавіта там ацалеў галоўны асяродак традыцыйнай культуры Беларусі.

Як вядома, з той шчодрай на таленты зямлі выйшлі ў людзі добрыя кампазітары, пісьменнікі, кіраўнікі рознага ўзроўню, артысты ансамбляў песні, танца — як беларускіх, так і з суседніх краін. Прыемна мне бываць на зямлі, з якой і я паяднаны лёсам. То багацей, мой родны, працавіты, таленавіты палескі Жыткавіцкі край! Перадавай нашчадкам мудрасць продкаў, навучай любові да Бацькаўшчыны, да традыцый народных. У якіх — наша сіла, наша слава, ды і наша будучыня.

Голас Радзімы № 13 (3517), чацвер, 30 сакавіка, 2017 у PDF

Мікола Котаў, харэограф, ганаровы жыхар горада Турава
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter