У Мінску заканчваецца сезон open-air

Горад робіць культурную прышчэпку

Гэтым летам звярнула ўвагу, як актыўна мастацтва рушыла на вуліцы, да людзей. Заўважылі? Пагадзіцеся: як жа гэта здорава! Сучаснае наша жыццё дынамічнае, яно высмоктвае сілы, затлумляе галаву. У гэтым віры мы губляем сябе, перагружаемся інфармацыяй, хуткасцямі, пошукамі вырашэння неадкладных праблем. Ды яшчэ з дня ў дзень — праца-праца-праца...


І раптам, бегучы або стомлена ідучы па горадзе, натыкаешся на галерэю рэпрадукцый выдатных карцін пад адкрытым небам. Зацікаўлена спыняешся. Усё! Культурны кантакт адбыўся. Свайго роду прышчэпка мастацтвам.

Не раз сама бачыла падобныя сцэнкі на мінскай плошчы Якуба Коласа, дзе летнія open-air вернісажы праводзяцца ўжо не першы год. Хтосьці затрымліваецца каля рэпрадукцый даўжэй, вывучае ўважліва, нехта толькі крыху суцішае хаду і мелькам кідае позірк. А іншы, можа, і не спыніцца нават, але ўспомніць, праходзячы міма, што і сам нядрэнна калісьці маляваў, і не выключана, што нават захоча зноў узяцца за пэндзаль або аловак. Што таксама нядрэнна.

Або вось класічная музыка. Мінулі тыя часы, калі лічылася, што яна не для простых людзей і слухаць яе — прывілея найбольш рэспектабельнай публікі. Як толькі класіка выходзіць на вуліцу, становіцца відавочна, што яна не штосьці далёкае, складанае і сумнае, а вельмі блізкае, зразумелае, прыцягальнае і нават любімае. Так, напрыклад, было ў Мінску ў Дзень горада, калі на праспекце Пераможцаў цудоўную праграму выконваў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам маэстра Анісімава. Не выпадкова такія вулічныя канцэрты збіраюць натоўпы гледачоў. Прычым не толькі дасведчаных меламанаў, але і звычайных гараджан усіх узростаў, якія наўрад ці ў такой жа колькасці прыйшлі б у канцэртную залу.

А тут чаму б не? Плюс не трэба купляць білет і клапаціцца пра дрэс-код, як ідучы ў тэатр ці філармонію. І зусім неабавязкова слухаць праграму да канца. Ніякіх жорсткіх рамак. Можна пацікавіцца з паўгадзіны і, калі адчуў, што табе «до», сысці. Але галоўнае — той самы кантакт, няхай і кароткачасовы, усё роўна адбыўся. І бясследным ён дакладна не будзе.

Памятаеце, як некалькі гадоў таму на паверсе аднаго з гандлёвых цэнтраў з`явіўся раяль? На яго глядзелі, як на дзіва. Пакуль адзін малады чалавек не вырашыў: інструмент без піяніста — гэта нонсэнс. І адважыўся звярнуцца да  адміністрацыі за дазволам музіцыраваць. Хлопец стаў героем газетных публікацый і тэлесюжэтаў. А ў гандлёвы цэнтр сталі прыходзіць не толькі за пакупкамі, але і паслухаць музыку. Дык вось сёння колькасць жадаючых паіграць на тым раялі вырасла настолькі, што ўсталёўваюць нават графік — калі, каму і на які час садзіцца за інструмент.

Далей — болей: сама ідэя пайшла ў народ. Яшчэ адзін так званы свабодны раяль не сціхае ў Верхнім горадзе ў дні летняга фестывалю «Класіка ля Ратушы». Можна сказаць, ён стаў ужо неад`емным яго атрыбутам. А ў гістарычным музеі з`явілася свабоднае піяніна. Прыходзьце, іграйце. З 16.00 да 19.00. Акцыя бестэрміновая. Пацікавілася: кожны дзень хто-небудзь прыходзіць.

Прыжылося ў горадзе і стала любімым свята вулічных тэатраў. Альтэрнатыва кіназале — калі ласка: гэтым летам і класіку сусветнага нямога кінематографа круцілі, і паказы кароткаметражак маладых беларускіх рэжысёраў ладзілі. Сядзі на свежым паветры, глядзі. Прыгажосць!

Зрэшты, самых адважных не спужала і пераменлівае восеньскае надвор’е. Што той верасень, калі на Кастрычніцкай віраваў гарачы бразільскі карнавал, у Верхнім горадзе — гаманкія святы нацыянальных культур, а ў парку Перамогі нават сам Прэзідэнцкі аркестр пры ўсім сваім асобым афіцыёзным статусе узяў дый сыграў частку прэм`ернай праграмы, чым вельмі парадаваў прысутную публіку.

І ўсё ж сезон такіх неабходных гораду свабодных культурных пляцовак закончыўся. Халаднавата. Шкада, не дазваляе наш клімат ладзіць open-air святы круглы год.

Такое кароткае лета.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter