Канешне, няма ў ім таго старажытнага таямнічага дыхання, якое ёсць на гатычных вулках Вены ці Парыжа. І зусім не таму, што Мінск за іх маладзейшы – з першай згадкі аб ім у летапісах мінула больш за дзевяцьсот гадоў. Але шматлікія войны, што каціліся па гэтай зямлі, не пакінулі Мінску шанцаў стаць горадам-музеем.
А ён акрыяў, расправіў крылы і стаў горадам сучасным. Падняўшыся з руін пасля апошняй вайны, ён, Горад-герой, светлы дзевяцісотгадовы юнак, сустракае гасцей зелянінай паркаў, шырынёй праспектаў, незвычайнымі будынкамі, усмешкамі мінчан, якім утульна і зручна жывецца ў ім.
Горад-сталіца, горад-мегаполіс – буйныя прадпрыемствы, галоўныя канструктарскія цэнтры Беларусі размешчаны менавіта тут. Горад навукі і студэнтаў – Акадэмія навук, Парк высокіх тэхналогій, Нацыянальная бібліятэка, шматлікія навучальныя ўстановы – Мінск для беларусаў і суседзяў як сапраўдная скарбніца сучасных ведаў і практычнага вопыту.
Сонечны горад пад шчаслівай зоркай, у якім радасна жыць і працаваць, – гэта ён, Мінск, натхняльнік добрых спраў, крэатыўных ідэй і шчырых памкненняў.