Слоним: страницы истории

Горад, не падобны на iншыя

Калі вы яшчэ не былі ў старажытным Слоніме, то спазніліся як мінімум на 200—300 гадоў. Гэта горад, пра які можна распавядаць бясконца. 1 верасня тут вялікае нацыянальнае свята — Дзень беларускага пісьменства і друку. Запрашаю ў вандроўку ў старажытна-гістарычны горад над Шчарай.



Слонім мае вялікую гісторыю. Узнік у першай палове XI стагоддзя. У 1040-м адбыўся рабаўнічы паход кіеўскага палка князя Яраслава Мудрага на паселішчы панямонскай Літвы (Гарадзеншчыны). Як пішуць гісторыкі Міхаіл Балінскі і Леанід Ліпінскі, спасылаючыся на польскага гісторыка XV стагоддзя Яна Длугаша, гэты самы Яраслаў Мудры, «спаткаўшыся на палях сломінскіх (слонімскіх) з літвінамі, перамог іх так, што затым, праехаўшы ўласна Літву да самага Нёмана, прымусіў яе на нейкі час падпарадкавацца». На думку гісторыкаў, калі існавалі «палі слонімскія», то, лагічна, мусіў існаваць і сам Слонім. Бо адкуль тады ўзяліся слонімскія палі?

Такім чынам, спасылаючыся на слыннага гісторыка Длугаша, у гістарычных даведках пра Слонім з’явілася дата — 1040 год. Некаторыя памылкова пішуць — 1036 год, але ў такой шматвяковай гісторыі 3—5 гадоў асаблівага значэння не маюць. Згадваецца горад пад 1040 годам і ў старажытнарускім летапісе «Аповесць мінулых гадоў». Аб гэтым сцвярджае і доктар гістарычных навук Васіль Мялешка. У сваёй кнізе «Слоним», якая пабачыла свет на рускай мове ў 1962-м, піша: «Первое летописное упоминание о Слониме относится к 1040 году и связывается с борьбой древнерусского князя Ярослава Владимировича против литовцев, проживавших по соседству с дреговичами. В польской летописи отмечается, что князь Ярослав Владимирович в 1040 году одержал победу над литовцами и обязал их платить дань». Васіль Супрун у сваёй кнізе «100 пытанняў і адказаў» (Слонім, 2002) сцвярджае: «Як старажытны славянскі апорны пункт на рацэ Шчара Слонім быў заснаваны не пазней Х стагоддзя». І падобных крыніц можна прыводзіць безліч.

Слонім, пачатак ХХ ст. Паштоўка.

Да XIV стагоддзя назва горада ў пісьмовых дакументах фігуравала як Услонім, Вслонім, Васлонім. Пытанне паходжання назвы і цяпер цікавіць многіх даследчыкаў. Адны выказваюць здагадкі, што яе атрымаў з-за таго, што тут знаходзілі шмат слановых і мамантавых касцей. Іншыя даследчыкі лічаць: назва паходзіць ад польскіх слоў «слома» (салома) ці «слоніна» (сала), спасылаючыся на саламяныя стрэхі старых будынкаў і шырокі гандаль салам. Гісторык Васіль Мялешка некалі прапанаваў сваю версію: «Слонім» паходзіць ад слоў «сленіс», «сленумас», што азначае «нізіна, нізінны». А слонімскі краязнавец Васіль Супрун сцвярджаў, што ад слова «ўслон», «услона» — заслон. Бо, як вядома, рака Шчара яшчэ ў старажытныя часы была важнай магістраллю, якая случала Палессе з Панямоннем і Прыбалтыкай.

З канца XIII стагоддзя горад уваходзіў у Вялікае Княства Літоўскае. Пры князю Альгерду ён ахоўваўся братам Кейстутам, які валодаў і Трокамі і разам з сынам Вітаўтам часта бываў у слонімскім замку. Пасля трагічнай смерці Кейстута Слонім перайшоў пад непасрэдную апеку князя Вітаўта.

У 1410 годзе ў Грунвальдскай бітве мужна змагаліся і гарадскія харугвы. А пасля перамогі Слонімскае княства ператворана ў павет і ўвайшло ў Трокскае ваяводства ВКЛ. Дзесьці ў 1490 годзе вялікім князем Літоўскім і каралём Польскім Казімірам Ягелончыкам побач з Замкавай плошчай быў пабудаваны першы каталіцкі касцёл. Цяпер на гэтым месцы ўзвышаецца касцёл Святога Андрэя — прыгажосць Слоніма!

Вялікі князь ВКЛ і кароль Польшчы Жыгімонт I Стары ў 1532 годзе дараваў гораду Магдэбурскае права. З гэтага часу ўся ўлада перайшла ў рукі рады. Зыгмунд III Ваза ў 1591 годзе пацвердзіў права і даў герб: залаты леў з падвойным сярэбраным крыжам на блакітным полі. З 1631 да 1685 года ў Слоніме праходзілі перадсеймавыя генеральныя сеймікі.

Інтэнсіўнае развіццё горада прыпадае на той час, калі слонімскім старостам стаў вялікі літоўскі канцлер Леў Сапега. Ён спрыяў уздыму культуры і прамысловасці, палітычнай значнасці. Побач з замкам на беразе Шчары Сапега ўзвёў мураваны палац, названы яго імем. У гэты час канцлер меў вялікую бібліятэку і архіў. Парупіўся і аб добраўпарадкаванні вуліц і мастоў. Не без загаду старосты з 1605 года горад атрымаў права «склада», што абавязвала розных купцоў, якія везлі праз горад тавары, спыняцца тут і гандляваць. Леў Сапега заснаваў першы ткацкі цэх.

Слонімскі паэт Гальяш Леўчык (трэці злева) з землякамі, 1905 г.

Лепш за ўсё пачаць знаёмства з горадам менавіта з плошчы Льва Сапегі, дзе ўзвышаецца касцёл Святога Андрэя, пабудаваны ў 1775 годзе. Святары распавядаюць цікавую гісторыю пра гэты храм, а яшчэ пра тое, як у касцёле ў спецыяльным куфэрачку зберагалася сэрца Міхала Казіміра Агінскага...

З плошчы можна прайсці праз масты, патрапіўшы ў гарадскі парк. Праз яго працякае славуты канал Агінскага. Росквіт Слоніма ў другой палове XVIII стагоддзя звязаны з дзейнасцю вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага. У 1771 годзе ён перайшоў на бок Барскай канфедэрацыі, але не здолеў са сваім войскам заняць Нясвіж і Слуцк. У ноч на 23 верасня 1771 года яго трохтысячнае войска было разбіта пад Сталавічамі (цяпер Баранавіцкі раён) рускімі войскамі Суворава. Пасля паражэння Агінскі эмігрыраваў. Але праз чатыры гады, атрымаўшы амністыю і секвестраваныя маёнткі, вярнуўся ў Слонім, дзе пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, друкарню, заснаваў тэатр і капэлу. Па яго ініцыятыве і на яго сродкі быў пабудаваны і канал.

У тэатры працавалі прафе-сійныя беларускія, польскія, нямецкія, італьянскія оперныя і драматычныя акцёры, мастакі, прыгонны хор і балет. Тэатр меў свае філіялы ў Целяханах і Сяльцах. Рэпертуар уключаў 60 опер, 18 балетаў, 3 музычныя камедыі, 253 сімфоніі і больш за 460 іншых музычных твораў. У 1781 годзе функцыянаваў «плывучы тэатр» на баржах.

Побач з тэатрам у 1765 годзе пачала дзейнічаць першая кавярня («кафенхаўс») — сапраўдны шыкоўны цагляны будынак, аздоблены ўнутры шаўковымі шпалерамі і гравюрамі на медзі. Посуд тут быў фаянсавы варшаўскай вытворчасці. Сам Агінскі пісаў музыку і літаратурныя творы, некаторыя з іх друкаваліся ў слонімскай друкарні. Выдаў кнігу «Байкі і не байкі» ў двух тамах. Як паэт, драматург і перакладчык увайшоў у гісторыю польскай літаратуры.

На вялікі жаль, да сённяшніх дзён будынак тэатра не захаваўся, але засталася Оперная вуліца. А таксама аўстэрыя, пабудаваная з цэглы архітэктарам Я. Боем, які праектаваў пры палацы Агінскага шэраг барочных надворных пабудоў.

Слонім часоў Агінскага нярэдка называлі палескімі Афінамі, куды ў святочныя дні з’язджаліся вяльможы і багацейшая шляхта з усяго краю і нават з Варшавы. Горад меў узорны парадак: скверы, сады, аранжарэі і рыбныя ставы ствараліся і даглядаліся лепшымі спецыялістамі Еўропы. Дарэчы, у Слоніме пры двары Міхала Казіміра Агінскага прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады яго пляменніка Міхала Клеафаса Агінскага, аўтара вядомага ўсім паланеза «Развітанне з Радзімай». Тут ён атрымаў пачатковую музычную адукацыю ў музыканта і кампазітара Іосіфа Казлоўскага.

Той тэатральны шлях, які пачаў у Слоніме Міхал Казімір Агінскі амаль 300 гадоў назад, працягваецца і сёння. У горадзе існуе прафесійны дзяржаўны драматычны тэатр, які ставіць спектаклі па п’есах беларускіх, рускіх, польскіх, французскіх і італьянскіх драматургаў. Спектаклі ставяцца як для дарослых, так і для юных гледачоў. А пяць гадоў таму калектыў тэатра пераехаў у новы ўласны будынак, які знаходзіцца ў самым цэнтры горада. Насупраць тэатра 1 верасня адкрыюць помнік Льву Сапегу, а каля канала Агінскага ўстановяць бюст Міхала Казіміра Агінскага.

Гасцям горада можна наведаць кляштар бернардзінак і бернардзінцаў, Спаса-Праабражэнскі праваслаўны сабор і сінагогу. Апошняя — найстарэйшы архітэктурны помнік у Слоніме, пабудаваны ў 1642 годзе. У будучым плануюцца яго рэстаўрацыя і адкрыццё беларускага рэспубліканскага музея яўрэйскага мастацтва.

Слонім — горад шматканфесійны. На левым беразе канала знаходзіцца мячэць. Можна завітаць і сюды, дзе старшыня-імам Слонімскай мусульманскай абшчыны Сулейман Байрашэўскі правядзе экскурсію. Татары ў Слоніме з’явіліся ў XVI стагоддзі, а ў 1765 годзе тут ужо была мячэць, пры якой зараз існуе ня-дзельная мусульманская школа, арганізавана навучанне арабскай мове, гісторыі іслама.

Азнаёміўшыся з усімі канфесіямі і іх храмамі, вернемся ў цэнтр горада і наведаем Краязнаўчы музей імя Язэпа Стаброўскага, археолага, краязнаўцы, гісторыка і філосафа. Ён і заснаваў са сваёй уласнай калекцыі ў 1929 годзе музей, на адкрыццё якога прыязджаў прэзідэнт Польшчы Ігнацiй Масціцкі. Стаброўскі быў членам-карэспандэнтам Віленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага таварыства і сябрам Яраслаўскага археалагічнага таварыства. Сапраўдны росквіт музей набыў у канцы 1939 года, і на пачатку 1940-х узбагаціўся дарагімі калекцыямі — мінералагічнай і палеанталагічнай, выставамі па гісторыі і рэлігіі, карцінамі, нумізматыкай, этнаграфічным матэрыялам.

У Слонімскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа ёсць Музей кнігі. Складаецца ён з трох залаў. Адна прысвечана класіку беларускай літаратуры, другая распавядае пра літаратурную Слонімшчыну. А трэцяя зала прысвечана самаму знакамітаму слонімцу ХХ—ХХI стагоддзяў, пісьменніку і педагогу, доктару філалагічных навук, прафесару, члену-карэспандэнту Нацыянальнай акадэміі Навук Беларусі Алегу Лойку.

У Слоніме можна наведацца ў мемарыяльны музей сярэдняй школы № 2, які прысвечаны героям Другой сусветнай вайны — Кузьму Гнідашу і Клары Давыдзюк, народны музей імя Аляксандра Жукоўскага сярэдняй школы № 4, у фондзе якога захоўваюцца звыш 6 тысяч унікальных экспанатаў. Абавязкова трэба трапіць у Альбярцін — стары мікрараён, быўшую сядзібу маршалка шляхты Слонімскага павета Войцеха Пуслоўскага. Да сённяшніх дзён захаваўся мураваны палац, дзе некалі знаходзіліся багатая калекцыя твораў мастацтва, флігель, стайня і пейзажны парк.

Шчыра кажучы, пасля наведвання Слоніма ён будзе доўга стаяць перад вачыма, бо гэты горад не падобны на ўсе іншыя. Ён сам па сабе вельмі цікавы, разнастайны гістарычнымі і культурнымі мясцінамі. А чаму? Ды таму, што гэта мой родны горад, дзе я жыву і працую, дзе жылі мае дзяды і прадзеды. Мы ганарымся, што ён мае вялікую і даўнюю гісторыю, а ў 2040 годзе адзначыць сваё 1000-годдзе.

Сяргей ЧЫГРЫН, загадчык літаратурнай часткі Слонімскага драматычнага тэатра

Фотаздымкі з архіва аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter