Горад на рацэ Сож

Старажытны i сучасны Гомель пазналi ўдзельнiкi сумеснай вiктарыны “НГ” i выдавецтва “Рыфтур” “Нечаканая Беларусь”. Здымак быў змешчаны 28 кастрычнiка.

“Iснуюць некалькi версiй паходжання назвы горада, — пiша Людмiла Жук з Нясвiжа. — Паводле адной, назва мае старажытнаславянскiя каранi i паходзiць ад слова “гом” — “пагорак, узвышша”. Другая версiя звязвае назву з назвай роду, што пасялiўся тут, або з iмем заснавальнiка гэтага роду. Горад узнiк у канцы 1-га тысячагоддзя нашай эры, на зямлi племяннога аб’яднання радзiмiчаў пры ўпадзеннi ракi Гомiй (Гамяюк) у Сож. Археолагi ў час раскопак выявiлi тут матэрыялы эпохi неалiту, бронзавага веку, мiлаградскай, зарубiнецкай, калочынскай культур, а таксама ўмацаваннi 9—11-га стагоддзяў, рэчы 10—13-га стагоддзяў. Сучасны Гомель — адзiн з буйных прамысловых цэнтраў Беларусi. Тут працуюць 106 прадпрыемстваў, 63 будаўнiчыя арганiзацыi, 20 прадпрыемстваў транспарту i сувязi, больш за 80 устаноў культуры”.
Пэўна, вы заўважылi, што загадкi вiктарыны становяцца ўсё больш складанымi? Мы робiм гэта наўмысна, каб з лiку некалькiх прэтэндэнтаў вызначыць абсалютнага пераможцу. Бо, на жаль, вiктарына наблiжаецца да свайго завяршэння. Сёння — апошнi тур.
Мяркуючы па вашых лiстах, вам спадабалася лётаць разам з фотамастаком Сяргеем Плыткевiчам над прасторамi самай лепшай у свеце краiны. Жадаем вам нiколi не развучыцца глядзець на жыццё з вышынi птушынага палёту! Чакаем лiстоў з адказамi на апошнiя загадкi i занатоўкамi пра родны кут. А вынiкi вiктарыны — праз два тыднi.

Пiшыце нам: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
“Народная газета”, з пазнакай “Нечаканая Беларусь”, цi на элктронную скрыню info@ng-daily.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter