Прырода, бяспека і прыемныя суседзі: мінчанкі-даўншыфтэры падзяліліся ўражаннямі ад пераезду ў вёску

Горад на агародзе

Насельніцтва Мінска імкліва расце. Па даных Белстата, колькасць жыхароў за 2016 год узрасла на 15 тысяч чалавек і дасягнула на 1 студзеня 2017 года амаль 1,975 млн. Падлічана таксама, што ў горадзе жыве кожны пяты беларус. Чаму Мінск так вабіць правінцыялаў — зразумела. Але карэспандэнт «Р» знайшла тых, хто, наадварот, адмовіўся ад жыцця ў амаль двухмільённым горадзе і пераехаў у ціхую, невялікую вёску. Тры мінчанкі падзяліліся ўражаннямі ад змены месца жыхарства і расказалі пра складанасці, якія ў іх узніклі.

Ганна МАСЦЯРОВА з сям'ёй пераехала ў вёску Зарэчча

Конь, папугаі і каты

Ужо больш за год у вёсцы Яцкава-Пескі жыве мінчанка Ева Гілевіч. Дзяўчыне заўсёды хацелася знаходзіцца бліжэй да прыроды, і ў 2016 годзе, разгледзеўшы розныя варыянты жылля, яна спынілася на звычайнай вясковай хаце. Дарэчы, тая была без выгод і рамонту — Еве давялося нямала папрацаваць, каб зрабіць месца для пражывання ўтульным і камфортным. У гэтай няпростай справе ёй дапамагалі сябры і знаёмыя.

— А вось бацькі спачатку вельмі перажывалі, маўляў, дзяўчыне прыстасавацца да вясковага жыцця будзе цяжка, — успамінае яна. — Думалі, што буду стамляцца і не спраўлюся. Але я тут ужо больш за год, і ўсё ў парадку.

Жыве Ева не адна: кампанію ёй складаюць два каты, два папугаі, сабака і конь, на куплю якога рашыцца мінчанцы было нялёгка:

— Я разумела, што гэта немаленькі груз адказнасці. Але пакуль што даглядаць яго нават лягчэй, чым я думала.
Нягледзячы на ўсе плюсы, мінчанкі хоць раз у тыдзень, але марнуюць час на дарогу да Мінска

З вядомым стэрэатыпам «у вёсцы няма чым заняцца» Ева Гілевіч абсалютна не згодна: сумаваць ёй ніколі не прыходзіцца. Летам да яе прыязджаюць мінскія сябры, якім падабаецца праводзіць час на прыродзе — Налібоцкая пушча і рэчка знаходзяцца ў крокавай даступнасці ад хаты Евы, ды і з суседзямі і мясцовымі мінчанка ўжо раззнаёмілася і падтрымлівае кантакт:

— Тут вельмі добрыя людзі. Яны больш адкрытыя, чым гарадскія. Мы заўсёды дапамагаем адзін аднаму. Не бывае такога, каб нехта з суседзяў з табой не павітаўся, як гэта здараецца ў горадзе.

А калі не хапае такіх забаў, як кіно, кафэ, рэстараны — Ева едзе ў Валожын, які знаходзіцца зусім недалёка, або ў Мінск. У сваім родным горадзе яна, дарэчы, бывае чатыры разы на тыдзень — прыязджае працаваць. Па прафесіі Ева — рэпетытар па англійскай і беларускай мовах. Дарога на машыне да Мінска, па яе словах, займае каля гадзіны, а на грамадскім транспарце крыху больш:

— На бензін траціцца тая ж сума, як у мінчан, якія ездзяць па горадзе на машыне. Што тычыцца ацяплення, то на дзве печкі на ўвесь халодны перыяд (5 месяцаў) сышло 150 рублёў. Хоць, вядома, трэба адзначыць, што жыць у вясковай хаце зімой больш цяжка, чым у кватэры. Трэба загадзя купіць дроў, праверыць печкі, падрыхтаваць машыну да зімы. Але, нягледзячы на гэтыя цяжкасці, я задаволена сваім жыццём тут і зусім не расчаравалася ў сваім выбары.

«Можна не баяцца за бяспеку дзіцяці»

Святлана Лісоўская — мінчанка, якой у гарадскім жыцці не хапала блізкасці да прыроды і свежага паветра. Паўтара года таму яна разам з мужам і маленькім дзіцем перабралася ў аграгарадок Драчкава Смалявіцкага раёна. Рэакцыя сяброў і знаёмых на яе рашэнне была такая: «Ну ты даеш!»

Нягледзячы на тое што адлегласць паміж родным Мінскам і яе пасёлкам усяго 40 км, жыццё Святланы істотна змянілася:

— Летам у кватэры горача і душна, а тут мы заўсёды можам паабедаць і павячэраць на свежым паветры. Калі прыходзіць зіма, гуляем у снежкі на двары. Дарэчы, перажываць халодную пару года ў доме было зусім няцяжка, у нас ёсць печ і камін, — дзеліцца ўражаннямі ад пераезду мінчанка. — Яшчэ мне падабаецца тое, што ў вёсцы можна вывесці дзіця на вуліцу і не баяцца за яго бяспеку — тут зусім мала машын.

Зараз Святлана ў дэкрэтным адпачынку, паралельна вучыцца на завочным аддзяленні БДЭУ і шукае падпрацоўку. Не хапае ёй у вясковым жыцці толькі супермаркетаў, утульных кафэ і такой жа медыцыны, як у Мінску.

Як на курорце

Пяць гадоў таму з Мінска з’ехала і Ганна Масцярова. Для пражывання яна з сям'ёй абрала вёску Зарэчча, якая таксама знаходзіцца зусім недалёка ад горада — за  24 км ад МКАД.

— Месца, дзе мы жывём, можна назваць курортным, я вельмі задаволеная! — апісвае яна. — Пятровіцкае вадасховішча ў нас відаць з акна.

Прычынай для пераезду стала жаданне жыць у больш прасторнай кватэры. Калі ў Мінску ў сям'і было аднапакаёвае жыллё ў старым доме, то ў Зарэччы Ганна з мужам набылі двухпакаёвую кватэру ў новабудоўлі.

— Кошт «квадрата» ў Мінску ў новабудоўлях быў тады 1200 долараў, а тут — у Зарэччы — 800 долараў, — падкрэслівае яна.

Праўда, ездзіць у Мінск прыходзіцца пастаянна. Сям’я там працуе, карыстаецца паслугамі паліклінікі і адвозіць дзіця ў садок — дарога ад вёскі да станцыі метро «Магілёўская» займае 20 хвілін.

— Хоць знаёмыя нас не разумеюць, маўляў, шмат часу трацім на дарогу, на прыроду можна выязджаць і ў выхадныя, яно таго варта. Тут чыстае паветра, прыгожая прырода і ціхія, інтэлігентныя суседзі. Ды і злачыннасць нулявая.

Усе гераіні заўважаюць, што за горадам бяспечна, паветра чысцей, а людзі — адкрытыя і прыемныя. Аднак ідэалізаваць не трэба: нягледзячы на гэтыя плюсы, мінчанкі хоць раз у тыдзень, але марнуюць час на дарогу да роднага горада — прыязджаюць яны па медыцынскія паслугі, на працу ці па забавы, якіх у вёсках часта не хапае.

matuzova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter