“Горад майстроў” у Акцябрскiм

Рэспублiканскi фестываль фальклорнага мастацтва “Берагiня” з кожным годам пашырае свае маштабы

Рэспублiканскi фестываль фальклорнага мастацтва “Берагiня” з кожным годам пашырае свае маштабы. Калiсьцi ён меў мясцовае значэнне, цяпер жа выйшаў далёка за межы Беларусi. Сёлета ў гарадскi пасёлак Акцябрскi, што на Гомельшчыне, абяцаюць прыехаць каля 650 творцаў з розных куткоў краiны, а таксама госцi з Расii, Украiны, Латвii i Польшчы. 

Фiнал ужо чацвёртага па лiку фестывалю адбудзецца з 1-га па 4 чэрвеня. Але мерапрыемствы распачалiся яшчэ ў кастрычнiку. Прайшла традыцыйная навукова-практычная канферэнцыя, на якой абмяр-коўвалiся пытаннi этнавыхавання. Потым быў тыдзень фальклорных вiдэафiльмаў. Гэта новая старонка ў гiсторыi фестывалю. 

Наогул, паабяцалi нам у мясцовым райвыканкоме, якi разам з Гомельскiм абласным выканаўчым камiтэтам i Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь з’яўляецца арганiзатарам свята, сёлета адбудзецца шмат новых цiкавых мерапрыемстваў. Вядома ж, цэнтральным стане конкурс фальклорных калектываў, у якiм будуць удзельнiчаць не толькi беларусы, але i артысты з Нiжагародскай i Жытомiрскай абласцей. Дадуць госцi i асобны канцэрт. Прыемна, што фестываль не абмяжуецца цэнтральнай пляцоўкай. Калектывы праедуць i па вёсках раёна. 

Будзе ў рамках фестывалю i яшчэ некалькi конкурсаў. Гэта  турнiры фальклорных калектываў i салiстаў (выканаўцаў твораў народнай спадчыны). Iх удзельнiкi – моладзь i дзецi. Мiж iншым,  Акцябрскi можна лiчыць адным з лiдэраў па выхаваннi нацыянальнай самасвядомасцi новага пакалення.  Сёлета па традыцыi для дзяцей пройдуць так званыя майстар-класы. Заняткi па народнаму танцу, традыцыйных спевах i дэкаратыўна-побытаваму мастацтву правядуць прызнаныя спецыялiсты з розных рэгiёнаў Беларусi. Дзецi ж, якiя займаюцца ў гуртках, прадэманструюць свае здольнасцi: у пасёлку будзе арганiзаваны “Горад майстроў”. Прэзентацыi вырабаў з саломкi, вышыўкi, выцiнанкi i iншых работ будуць суправаджацца песнямi i танцамi. “У нас будзе яшчэ цiкавей, чым на “Славянскiм базары ў Вiцебску”, — гавораць арганiзатары свята i запрашаюць яшчэ блiжэй пазнаёмiцца з народнымi традыцыямi ў Акцябрскiм. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter