Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Гісторыя Брэста пачалася задоўга да таго, як з’явілася вядомая цяпер многім Брэсцкая крэпасць

Горад і крэпасць — над Бугам

Для пачатку прывяду некалькі дат. У 2019 годзе беларускі горад Брэст рыхтуецца адзначаць 1000-гадовы юбілей — значыць, адлік часу там вядзецца з 1019-га. Увайшоў горад у склад Расійскай імперыі толькі ў 1795-м: амаль 800 гадоў гісторыі меў на той час. Праект крэпасці ў Брэсце-Літоўскім, складзены расійскімі інжынерамі-генераламі, зацвердзіў імператар Мікалай I у 1830-м. А заклалі славутую Брэсцкую крэпасць, як сведчаць гісторыкі, 1 ліпеня 1836 года.

Ганаровая варта на мемарыяле “Брэсцкая крэпасць-герой”

Беларусам за межамі Бацькаўшчыны часта даводзіцца гаварыць з тымі, хто хоча больш даведацца пра Беларусь, яе гісторыю, прычым і старажытную. Бывае, згадваюць у Клайпедзе пра Брэст і знакамітую крэпасць. Я чытала тэкст Анжэлы Фаміной пра горад і Брэсцкую крэпасць, падрыхтаваны паводле матэрыялаў з інтэрнэту: пад назвай “Брестская крепость-герой — визитная карточка Бреста” змешчаны на сайце беларускай суполкі “Мара”, на іншых інтэрнэт-рэсурсах. Хто жадае — можа пачытаць. А мне хацелася паглядзець глыбей. І аказалася: гісторыя Брэста пачалася амаль за 800 гадоў да таго, як з’явілася Брэсцкая крэпасць. Не ўсе, мяркую, чулі пра археалагічны музей “Бярэсце”, філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея: http://berestje.brest.museum.by/be. Яшчэ ў савецкі час, у 1969-81 і 1988 гадах на месцы даўняга горада супрацоўнікі аддзела археалогіі Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР праводзілі раскопкі пад кіраўніцтвам доктара навук Пятра Лысенкі. На сайце чытаем: “Былі выяўлены дзясяткі драўляных пабудоў XI—XIII стагоддзяў, вулічныя маставыя, агароджы, шматлікія прадметы матэрыяльнай культуры таго часу. Агульная плошча раскопак дасягнула 1800 квадратных метраў. Высокая канцэнтрацыя на параўнальна невялікай тэрыторыі добра захаваных пабудоў дазволіла стварыць унікальны музей”.

Цяпер у Брэсце, непадалёк ад мемарыяла “Брэсцкая крэпасць-герой”, узведзены павільён з бетону, шкла й алюмінія памерам 40х60 метраў. У ім і можна пабачыць рэшткі старажытнага горада: гэта не рэканструкцыя, а сам раскоп. На 4-метровай глыбіні археолагі расчысцілі частку рамесніцкага квартала: 28 жылых і гаспадарчых пабудоў XIII стагоддзя, 2 вулічныя маставыя, частакол, рэшткі глінабітных печак… На сайце паведамляецца, што “культурны пласт таўшчынёй да 7 метраў і высокая вільготнасць дазволілі захаваць многія з пабудоў на 5-9 вянцоў, некаторыя нават на 12 вянцоў, што з’яўляецца вялікай рэдкасцю”. Мяркую, далёка не кожны горад свету можа пахваліцца такім музеем!

Яшчэ згадаем пра знакавую для старажытнай гісторыі Беларусі Грунвальдскую бітву (1410 год), якая адбылася “недалёка ад вёсак Грунвальд, Таненберг і Ладвігова ( Усходняя Прусія, сучасная Польшча)”. Бітва была паміж злучанымі войскамі Польскага Каралеўства ды Вялікага Княства Літоўскага (пад кіраўніцтвам вялікіх князёў Ягайлы й Вітаўта) і войскамі Дзяржавы Тэўтонскага ордэна. У дакументах ёсць згадка пра Берасцейскую харугву ў складзе войска ВКЛ. Кажуць, якраз у Бярэсці напярэдадні бітвы прайшла таемная сустрэча Ягайлы з Вітаўтам, на якой князі выпрацавалі яе план.

Будынак археалагічнага музея “Бярэсце” 

Калі знаёмішся з гістарычнымі матэрыяламі, то пераконваешся: у горадзе над Бугам скрыжоўваліся, сутыкаліся шляхі, уплывы, інтарэсы розных дзяржаў Еўропы. З ІХ стагоддзя на тых землях жылі плямёны валынян і дрыгавічоў. А ў 983-м, знайшла звесткі, князь кіеўскі Уладзімір Святаслававіч, які заваяваў землі яцвягаў між рэчкамі Наравам ды Нёманам, для абароны тых тэрыторый “збудаваў на выспе ў вусці рэчкі Мухавец, што ўпадае ў Буг, крэпасць”. Называўся горад-крэпасць Бярэсцем: можа з-за вяза-бераста, можа — ад вонкавага слою кары бярозы. Цяпер прынята лічыць, што згадваецца Бярэсце ўпершыню ў “Аповесці мінулых гадоў” (па руску: “Повести временных лет”) за 1019 годам, таму Брэст і рыхтуецца адзначыць 1000-гадовы юбілей. А сярод гісторыкаў на гэты конт пакуль адзінства няма. Увогуле ж Бярэсце-Брэст па ўзросце лічыцца трэцім горадам у Беларусі пасля Полацка й Турава. Праз яго ішлі, сёння ідуць гандлёвыя шляхі з Усходняй Еўропы ў Заходнюю, у Прыбалтыку. Ёсць звесткі, што ў сярэдзіне ХІ стагоддзя горад быў ва ўладзе галіцка-валынскіх князёў. Да таго ж, у 1020-м, яго захапіў Баляслаў І Храбры: тады яшчэ князь, а з 1025-га — першы кароль Польшчы. Але неўзабаве, у 1044-м, Яраслаў Мудры горад адваяваў, а ўжо ў 1117-м паселішча было “пад рукой” Уладзіміра Манамаха. Будучы на памежжы зямель Кіеўскай Русі, гістарычнай Літвы (а раней беларусы й называлі сябе ліцьвінамі…) ды Польшчы, горад Бярэсце часта станавіўся месцам высвятлення адносінаў між князямі кіеўскімі, галіцкімі, валынскімі, польскімі ды літоўскімі. Гэта, дарэчы, вельмі аслабляла горад, і ў асобнае княства Берасцейская зямля так і не выдзелілася. Прычым у ХІІ стагоддзі быў там збудаваны драўляны замак, а гісторык Міхась Ткачоў прыйшоў да высновы, што толькі ў 1099-м Бярэсце названа было горадам. Пазней з’явіўся й сярэднявечны замак: на высокім мысе пры ўпадзенні Мухаўца ў Буг. Ён у віхурах часу не ацалеў, аднак яшчэ ў канцы ХVІІІ — пачатку ХІХ стагоддзя зберагалася пляцоўка Замчышча памерам 234х187х234 метры, а плошча помніка была трохі большай за два гектары.

Важная дата ў гісторыі горада — год 1315-ы: тады Берасцейскія землі ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, якім на той час кіраваў вялікі князь Гедымін. Пазней некаторы час у Берасці валадарыў польскі кароль Казімір ІІІ, а потым па дамове яго ў 1366-м з Кейстутам Гедымінавічам горад вярнуўся ў ВКЛ. Потым яго асаджвалі крыжаносцы, а палякі нават захоплівалі — у 1390-м, калі была міжусобіца між вялікімі князямі Вітаўтам і Ягайлам. І ў тым жа годзе горад атрымаў Магдэбургскае права, пачаў бурна развівацца. У 1441-м яго аднеслі да галоўных гарадоў ВКЛ, і ў горадзе-крэпасці з 1466 па 1569 год 17 разоў праводзіліся Вальныя соймы. У 1500-м, сведчаць гісторыкі, Бярэсце асадзіла 15-тысячная крымская арда, і гараджанам ад ворагаў давялося адкупіцца. Пасля таго гарнізон крэпасці ўмацавалі, паставілі ў ёй гарматы. Аднак прыйшла ў 1525-м іншая бяда: пажар. Летапісцы пісалі: “Замак Берасцейскі, і паркан, і горад, і брамы — усё пад корань выгарала”. Праз некаторы час горад-крэпасць аднавіўся з яшчэ большымі ўмацаваннямі, вежамі, абарончым ровам. А ў гарнізоне было каля 1000 ваенных людзей і гараджан-апалчэнцаў.

Тым часам горад-крэпасць умацоўваў не толькі сцены, але й дух гараджан. У 1550-я гады берасцейскі староста, канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл Чорны паставіў у горадзе друкарню, і ў 1563-м з яе выйшла Берасцейская Біблія — помнік беларускай культуры. А ў 1583-м у горадзе адкрылася першая аптэка. І яшчэ горад праславіўся тым, што ў 1590, 1594 і 1596 гадах там праходзілі царкоўныя саборы, на якіх была ўрэшце абвешчана Унія (паяднанне) Усходняй і Заходняй хрысціянскіх цэркваў — пад верхавенствам Папы Рымскага, з захаваннем абрадаў і набажэнстваў на славянскіх мовах. Уніяцкая царква, дарэчы, па гэты час існуе — у прыватнасці, ёсць Беларуская Грэка-Каталіцкая царква.

Брэст-Літоўск перажыў велізар-нае ўзрушэнне, калі пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) увайшоў у склад Расійскай імперыі. Новыя ўлады вырашылі ўмацоўваць новыя рубяжы Расіі, таму з’явіліся планы па ўзвядзенні шэрагу крэпасцяў уздоўж заходняй мяжы. Вось і план будаўніцтва Брэст-Літоўскай крэпасці, распрацаваны ваеннымі інжынерамі, быў зацверджаны царом у 1830 годзе. І што ўражвае: крэпасць планавалася збудаваць на месцы горада! У адпаведнасці з такім планам старадаўнія пабудовы горада былі знесены — за выключэннем хіба культавых будынкаў, якія прыстасавалі для патрэб крапаснога гарнізона. Новы ж горад адбудоўваўся за 1,5-2 кіламетры ад цытадэлі. Дарэчы, даследчыкі пішуць: у канцы ХVІІІ стагоддзя, да таго руйнавання, Брэст-Літоўск быў адным з найлепшых гарадоў ВКЛ ды Рэчы Паспалітай — не горшым за Львоў. Аднак ці быў пра тое клопат у новых уладаў? Кажуць, горад амаль цалкам разбурылі, жыхароў выселілі ў поле, а шматлікія цэрквы, касцёлы, палацы, кляштары перабудавалі пад казармы й вежы крэпасці. А дзеля чаго? Эксперты сцвярджаюць, што ў новых умовах вядзення баявых дзеянняў стратэгічнага значэння Брэсцкая крэпасць не мела ні ў Першую, ні ў Другую сусветную вайну: нямецкія калоны яе проста абміналі. Больш таго, перад самым наступленнем кайзераўскіх войск “у ноч з 12 на 13 жніўня 1915 года расійскія войскі пакінулі крэпасць і горад”.

Будынак археалагічнага музея “Бярэсце” 

Шмат чаго пабачыў на сваім вяку горад-крэпасць Брэст. З гісторыі больш новых часоў многія чулі пра Брэсцкі мір: яго 3 сакавіка 1918 года савецкая дэлегацыя падпісала ў Белым палацы крэпасці, прыняўшы кабальныя нямецкія ўмовы мірнага дагавора. Як цяпер кажуць гісторыкі, бальшавікі з немцамі вырашалі лёс Беларусі, нават не запрасіўшы беларусаў на перагаворы: https://news.tut.by/culture/579126.html?sub=1 А для Беларусі мір той быў асабліва цяжкім: практычна ўсе яе тэрыторыі, за выключэннем часткі Віцебскай і Магілёўскіх губерній, бальшавікі пагадзіліся аддаць немцам, і Брэст перадаваўся Украіне. А Брэсцкую крэпасць у той час немцы выкарыстоўвалі як канцлагер для ваеннапалонных расійскай арміі. У сваіх успамінах наркам замежных спраў Леў Троцкі, які ўзначальваў савецкую дэлегацыю на перамовах, напісаў, што “за выключэннем некалькіх будынкаў, што стаялі ў баку ад старога горада, Брэст-Літоўска, уласна, не існавала. Горад быў спалены ў бяссільнай злосці царскімі войскамі пры адступленні”. У хуткім часе немцы пачалі займаць аддадзеныя ім тэрыторыі. Такі цынічны здзек над народам са шматвекавой гісторыяй, можна сказаць, перапоўніў чашу цярпення — і ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года, якраз сто гадоў таму, беларускія патрыёты падпісалі Трэцюю Устаўную грамату Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта быў надзвычай важны крок на шляху да дзяржаўнай незалежнасці Беларусі.

Цяпер Брэст — прыгожы абласны цэнтр. Штогод яго наведвае звыш паўмільёна гасцей з больш чым з 50 краін. А візітная картка горада — мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, адкрыты 25 верасня 1971 года для ўвекавечання подзвігу абаронцаў крэпасці. Пагранічны Брэст апынуўся ў эпіцэнтры галоўнага ўдару гітлераўцаў на досвітку 22 чэрвеня 1941 года, калі Германія напала на СССР. Пра подзвігі абаронцаў цытадэлі над Бугам шмат напісана, зняты мастацкі фільм “Брэсцкая крэпасць”. А мемарыял у Брэсце — найбуйнейшы на постсавецкай прасторы помнік мужнасці прадстаўнікоў розных народаў Савецкага Саюза, што змагаліся з агульным ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Асноўныя элементы мемарыяла: перадуваходная плошча, галоўны ўваход, кампазіцыя “Смага”, плошча Цырыманіялаў, галоўны манумент, штык-абеліск, мемарыяльныя пліты і Вечны агонь.

Колькасць наведнікаў крэпасці павялічваецца, штогод там пра-водзіцца каля 7600 розных экскурсій. А бываюць яны аглядныя, тэматычныя, як па тэрыторыі мемарыяла й музейных экспазіцыях, так і філіяле-музеі “5-ы Форт”, на Памежны востраў. Дарэчы, у 2014-м увялі ў эксплуатацыю паўднёва-ўсходнюю частку абарончай казармы, там адкрыты музей пад назвай “Музей вайны — тэрыторыя міру”. Яго экспазіцыя — лагічны працяг музея абароны Брэсцкай крэпасці, яна расказвае пра падзеі з жыцця мемарыла, гісторыю яго стварэння. У асноўным турысты едуць з постсавецкіх краін, а таксама з Кітая, Польшчы, Германіі. Кожны год у крэпасці праводзіцца больш за 50 буйных мерапрыемстваў. Напрыклад, 9 Мая праходзіць мітынг і парад, увечары ўсіх радуе святочны салют. Двойчы ў год там прымаюць прысягу вайскоўцы Брэсцкага гарнізона, рэгулярна праходзяць цырымоніі прысвячэння ў студэнты, навучэнцы.

У музеі “Музей вайны — тэрыторыя міру” можна шмат даведацца пра грамадзянскі подзвіг збіральніка, франтавога журналіста, пісьменніка Сяргея Смірнова (1915—1976). У прызнанні подзвігу абаронцаў крэпасці яго праца найкаштоўная. Дзякуючы яго кнігам у 1956 годзе было прынята рашэнне аб праектаванні помніка героям Брэсцкай крэпасці. Вось што казала супрацоўніца мемарыяла Людміла Шавырова: “Да Сяргея Сяргеевіча было — небыццё: усе ж думалі, што ўсе тут у 41-м загінулі. Дзякуючы Смірнову ўвесь свет даведаўся, што была такая моц духа ў абаронцаў крэпасці, таму гэта цяпер помнік: цытадэль у 1965-м атрымала высокае званне “Крэпасць-герой”. У кнізе “Брэсцкая крэпасць” аўтар апісвае, як сустракаўся з абаронцамі цытадэлі, што яны расказвалі. Да Смірнова герояў не ведалі, пісьменнік многіх знайшоў на Далёкім Усходзе: яны былі сасланы туды пасля палону. Дарэчы, праз палон прайшлі каля 80 адсоткаў абаронцаў крэпасці, якія пасля вайны ціха сядзелі, баяліся што-небудзь зрабіць, пакуль Смірноў не дастаў іх на свет Божы і не зрабiў героямі”.

Прозвішчамі герояў, што абаранялі крэпасць і горад у 41-м, вызвалялі яго ў ліпені 44-га, названы брэсцкія вуліцы. На Плошчы Свабоды ўсталяваны помнік у гонар вайсковых часцей, якія вызвалялі Брэст Гэтыя ды іншыя пахаванні, мемарыяльныя месцы дагледжаныя, да іх ускладаюцца кветкі. З 2016 года Брэсцкая крэпасць — у Міжнароднай асацыяцыі музеяў Другой сусветнай вайны. І разам з горадам трымае абарону супраць бяспамяцтва, застаецца тэрыторыяй памяці ды міру.

Анжэла Крумплеўская, г. Клайпеда, Літва

Голас Радзімы № 22 (3574), чацвер, 14 чэрвеня, 2018 у PDF

Фота: БЕЛТА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter