Горад, дзе яшчэ лепей

Тут растуць гарлачыкі і ліпы, тут ствараюць з гліны свістулькі і цацкі

Тут растуць гарлачыкі і ліпы, тут ствараюць з гліны свістулькі і цацкі

12—13 верасня Лепель будзе адзначаць 570-годдзе. На свята тут плануюць выступіць Уладзімір Ухцінскі і гурт “Тяни-толкай”. У горадзе адбудзецца шэсце матуль з дзецьмі, якія нарадзіліся сёлета. Асабліва пашанцуе сям’і, дзе немаўлятка з’явіцца на свет у пярэдадзень юбілею — яго бацькам уручаць каштоўны прыз. Спецыяльны прэзент атрымае і самая сталая жыхарка Лепеля — Соф’я Хацкевіч, якой 16 верасня споўніцца 100 гадоў. Сем чалавек стануць ганаровымі жыхарамі Лепеля (іх імёны пакуль трымаюцца ў сакрэце). Дзень нараджэння горада запомніцца і маладым, якія пажэняцца на шырокай публіцы. Аднак усё гэта наперадзе. Мы ж вырашылі зазірнуць у райцэнтр датэрмінова, каб даведацца, чым жыве Лепель зараз.

Гэты беларускі горад знаходзіцца ў 150 кіламетрах ад Мінска на беразе маляўнічага Лепельскага возера. Яму Лепель і абавязаны сваёй прыгожай назвай, якая ўтварылася ад  латышскага “лепе” і літоўскага “лепеле”, што ў перакладзе азначае жоўтыя гарлачыкі. Гэтыя кветкі растуць на возеры і зараз. А неўзабаве гарлачык стане сапраўдным сімвалам горада: у парку ўстановяць скульптуру русалкі, якая будзе сядзець на пні і трымаць менавіта гарлачык.
Па другой версіі, сваёй назвай горад абавязаны латышскаму слову “ліепа” (ліпа) у тым сэнсе, што Лепель стаіць на возеры сярод ліпавых лясоў. Гэтыя дрэвы і сёння ўпрыгожваюць вуліцы райцэнтра. Ёсць і трэці варыянт паходжання назвы Лепеля — ад беларускага слова “ляпіць”, бо тут добра развіваецца ганчарнае рамяство. Самі ж лепяльчане перакананы, што іх горад завецца Лепель, бо гэта самае лепшае месца на зямлі.
— Кажуць, неяк ехаў праз нашы мясціны знакаміты чалавек і сказаў: “Як жа тут пышна!”. І назвалі вёску Пышна, — расказвае мясцовая жыхарка. — А праз нейкі час спадарожнік пабачыў больш прыгожае мястэчка і вымавіў: “А тут яшчэ лепей!”. Так і з’явілася назва Лепель.
Лепяльчане і самі аматары даваць назвы. Напрыклад, галоўную плошчу роднага горада яны “ахрысцілі” Пятачком, раён новых пабудоў — Плінтоўкай, а месца, дзе стаяць вясковыя домікі, — Пясчанкай.
Горад нам давялося пабачыць у будны дзень, у самы разгар навядзення прыгажосці. Вуліцы і будынкі рыхтавалі да свята — іх фарбавалі, рамантавалі, выкладвалі новую плітку. На адной з алей ужо высадзілі кветкі ў выглядзе надпісу — “570 Лепелю”.
— Горад у нас прыгажэе з кожным днём і добра будуецца, — кажа намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Мікалай Нікіцін. — Штогод плошчы павялічваюцца прыкладна ў паўтара разы. Сёлета ўжо здадзены адзін дом у Лепелі і два яшчэ на падыходзе. Кватэры штогод атрымліваюць па 15—20 шматдзетных сямей.
У гэтым годзе ў Лепелі ўведзена больш за 11 тысяч квадратных метраў жылля (72 працэнты ад плану). Заданне на наступны год — 20 тысяч квадратных метраў. Паляпшэнне жыллёвых умоў патрабуецца 1371 чалавеку. На чарзе зараз стаіць 49 шматдзетных сем’яў. Ужо будуюцца тыя, хто ўстаў у чаргу ў 2005 годзе.
Калі жыллёвае пытанне ў Лепелі вырашаецца добра, то праблема беспрацоўя тут не губляе актуальнасці. У пачатку года гэты паказчык быў ажно 2 працэнты, але зараз панізіўся да 1,4.
— Беспрацоўе — гэта праблема ўсіх гарадоў, дзе ёсць расфарміраваныя ваенныя часці, — тлумачыць Мікалай Нікіцін. — Аднак мы вырашаем гэту праблему — ствараем дадатковыя месцы на прадпрыемствах горада.
У асноўным лепяльчане (у горадзе жыве звыш 18 тысяч чалавек) працуюць на прамысловых прадпрыемствах (больш як 1400 чалавек), у лясной гаспадарцы (звыш 1300 чалавек), сферы адукацыі (каля 1500) і медыцынскай галіне (1000).
Хвалюе кіраўніцтва горада і дэмаграфічная сітуацыя. Штогод тут нараджаецца 320—350 дзяцей, а хацелася болей, каб класы ў школах не скарачаліся. Інакш адна праблема выклікае іншую: калі мала вучняў, няма дзе працаваць маладым настаўнікам. Педагогаў тут сапраўды дастаткова, а вось медыцынскіх кадраў для мясцовай паліклінікі не хапае.
Так што Лепелю і ў свае 570 гадоў ёсць яшчэ да чаго імкнуцца. У планах — пабудаваць тут лядовую арэну, рэканструяваць мясцовую гасцініцу і шмат чаго яшчэ.

Ляпных спраў майстар

Калі верыць, што назва Лепеля ўтварылася ад слова “ляпіць”, то 74-гадовая Зінаіда Ляйко можа лічыць сябе сапраўднай лепяльчанкай, бо з дзяцінства яна лепіць з гліны самыя розныя цацкі.
— У дзяцінстве карова мяне аднойчы ўскінула на рогі. Падымаючыся з зямлі, я дакранулася рукой да чагосьці ліпкага. Аказалася — з гэтага можна ляпіць розныя рэчы, — так жанчына ўзгадвае сваё першае знаёмства з глінай.
Ляпіць свае першыя фігуркі ў стылі інсіта (наіўная творчасць) маленькая Зіна пачала пасля вайны. У другую сусветную дзяўчынка наглядзелася на ўсе жахі, якія толькі магчымыя, таму спачатку яна рабіла з гліны танкі, самалёты, салдатаў і іншыя нетыповыя цацкі для 8-гадовага дзіцяці. Але аднойчы бацька сказаў дачцэ: “Хопіць ужо вайну паказваць!” З той пары дзяўчынка ўзялася за звяроў — коней, парасятак, коз і г. д. Аднак больш за ўсё ёй падабалася рабіць катоў. А вось да кароў у Зінаіды Ляйко не ляжыць душа і зараз, быццам яна да гэтай пары ўзгадвае не вельмі прыемныя ўспаміны з дзяцінства.
Праўда, сустрэча з рагуляй не самая жудасная падзея ў жыцці лепяльчанкі. І нават не вайна, на якую выпала дзяцінства Зінаіды Уладзіміраўны. Летась жанчына страціла адзінага сына, якога сама гадавала. Трагедыя падкасіла пенсіянерку: яе паралізавала на левы бок. Магчыма, нехта ў такой сітуацыі адчаяўся б і забыўся б на ўсялякую творчасць. Аднак Зінаіда Ляйко распрацавала руку і ўжо лепіць сваіх катоў, кожны з якіх выглядае па-свойму і сядзіць у пэўнай позе. Лепяльчане кажуць, што ніхто ў іх горадзе больш не стварае такіх цудоўных мурзікаў і васек. І што самае дзіўнае — жанчыне ўдаецца рабіць звярам прыгожыя вейкі і вусікі з лескі. Якім чынам, цяжка зразумець. Калі ў такім выглядзе абпальваць фігуркі, то ад высокай тэмпературы леска расплавіцца, а з печы гліняныя цацкі дастаюць толькі, калі тыя астынуць, праз два дні, таму ўставіць леску ў фігурку ўжо неверагодна. Свой сакрэт пенсіянерка не раскрывае, бо гэта яе аўтарская знаходка.
Сярод прац лепяльчанкі ёсць і сцэнкі з народнага жыцця — цешча з блінамі, гарманіст, калядная звязда, танцоры, жанчына з караваем. Як заўважыла сама майстрыха, “я што бачу, тое і спрабую стварыць з гліны”. А яшчэ Зінаідзе Ляйко добра ўдаюцца свістулькі. Канешне, на тое, каб лялька стала музычным інструментам, патрэбны асаблівы талент.
Дар лепяльчанкі ацанілі яшчэ чатыры гады таму, калі яе прызналі лепшым майстрам традыцыйных рамёстваў у Віцебскай вобласці. І гэта пры тым, што ў Зінаіды Ляйко няма спецыяльнай мастацкай адукацыі: усё жыццё яна працавала маляром. Малявала яна, дарэчы, і па жыцці — карціны і нават дываны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter