Побач з невялікім Астраўцом расце літаральна новы горад

Горад для атамшчыкаў

Побач з невялікім Астраўцом расце літаральна новы горад. У ім будуць жыць будаўнікі ды абслугоўваючы персанал першай беларускай АЭС... 

На будаўніцтве аб`ектаў БелАЭС
На будаўніцтве аб`ектаў БелАЭС

Па адзін бок новенькай асфальтаванай дарогі, што вядзе да станцыі, завяршаецца ўзвя­дзенне мікрараёна N 1. 13 шматпавярховых дамоў-прыгажуноў ужо ўведзеныя ў эксплуатацыю, засталося здаць дзяржкамісіі яшчэ два. Насупраць будуецца другі мікрараён. Да трох яго дамоў сёлета дададуцца яшчэ пяць. Цалкам яго дабудуюць у 2016 годзе, а яшчэ праз год пачнецца ўзвядзенне трэцяга мікрараёна, куды, як мяркуецца, перамесціцца цэнтр старажытнага горада. Разам з жыллём узводзяцца школа, дзіцячыя сады... 

Паводле прагнозаў, насельніцтва Астраўца з пускам другога энергаблока ўзрасце да 25 тысяч чалавек. Першапачаткова горад быў утрая меншы. Цяпер на важнейшай беларуска-расійскай будоўлі наступае вырашальны перыяд: сёлета ў планах — дасягнуць высокай ступені будаўнічай гатоўнасці найважнейшых аб’ектаў. Так, сярод палёў і лясоў хутка з’явіцца “хмарачос”, роўнага якому па вышыні няма і ў Мінску, — вялізная 167-метровая бочка-градзірня, прызначаная для ахалоджвання агрэгатаў АЭС. 

Пабываўшы на важнейшай будпляцоўцы Беларусі, мы з фотакарэспандэнтам, што называецца, “засеклі” цяперашнюю вышыню гэтага ледзь не самага маштабнага са 102 аб’ектаў станцыі, на якіх кіпіць работа: 34 метры. Прыкладна ўдвая, больш як да 44 метраў над узроўнем зямлі, павінен прырасці корпус першага энергаблока — гэты пералік можна прадоўжыць. Усяго ў 2015 годзе давядзецца выканаць работ больш як на 650 мільёнаў долараў. Адной арматуры трэба зманціраваць 50 тысяч тон — на яе дастаўку патрэбна тысяча чыгуначных вагонаў! Бетону трэба будзе ўлажыць 360 тысяч кубаметраў. Калі выстраіць у рад грузавікі-“міксеры”, неабходныя для дастаўкі такой колькасці на будпляцоўку, то калона выцягнецца ад Мінска амаль да Масквы. 

Такія вось уражлівыя лічбы. Каб ацаніць маштаб будучых перамен, узбіраемся па стромкай лесвіцы, якая апярэзвае круглы будынак будучага рэактара. З вышыні некалькіх дзясяткаў метраў адкрываецца незабыўная карціна: на сотні метраў вакол — шчыльнае шчацінне арматуры, якую з дапамогай дзясяткаў пад’ёмных кранаў рабочыя заліваюць трывалым бетонам. Але каб многія з гэтых аб’ектаў да канца года набылі больш-менш завершаныя абрысы, без рэзкага паскарэння, бадай, не абысціся. І яно абавязкова будзе. З 3500 рабочых і спецыялістаў, якія цяпер працуюць на будпляцоўцы, сёлета колькасць калектыву павінна ўзрасці не менш як да 6200 чалавек. У асноўным будуць беларусы. Але нямала прыедзе і расіян. Гэта і работнікі прадстаўніцтва генпадраднай арганізацыі, і мантажнікі асабліва адказнага абсталявання і збудаванняў. Усё актыўней паступае на будпляцоўку абсталяванне, якое таксама ў асноўным вырабляецца ў Расіі. Як ідзе ўзаемадзеянне? Генеральны дырэктар будучай АЭС Міхаіл Філімонаў задаволены: 

— Сумесную работу ацэньваю вельмі станоўча. Задумкі, якія былі ў нас у пачатку будаўніцтва, увасобіліся ў рэальнасць. Нам лёгка працаваць з расіянамі. У нас адна мова, практычна адна і тая ж культура. Адна і тая ж адукацыя — вучыліся па адных падручніках. Так што спайка ёсць. Тым больш што Расія прадстаўлена высокакваліфікаванымі спецыялістамі. А са многімі мы ўжо працавалі. Напрыклад, з Уладзімірам Масальскім, які нарадзіўся непадалёк ад гэтых месцаў, некалі будавалі мінскую АЦЭЦ (з-за чарнобыльскай катастрофы пераўтвораную проста ў ЦЭЦ. — Аўт.). Сёння ён прадстаўляе буйную расійскую мантажную арганізацыю, якая вядзе будаўніцтва рэактарнага аддзялення. Усё лепшае, што разам выкарыстоўвалі раней, прымяняем і цяпер, але на больш высокім узроўні. Адсюль галоўнае — ідзём у графіку. 

З некаторымі тэхналагічнымі прыёмамі, што дазваляюць трымаць высокі тэмп, нас таксама пазнаёмілі. Да прыкладу, буйнаблочны мантаж корпуса рэактарнага аддзялення. Вось у заводскім цэху таўшчэзная, у руку, сталёвая рыфленая арматура зварваецца ў шматметровы закруглены сегмент. Тут жа прыварваецца сталёвая абшыўка, уся канструкцыя праходзіць антыкаразійную апрацоўку і фарбуецца, каб за многія гады не пацярпела ад іржы. І затым падаецца на будпляцоўку, дзе гіганцкія краны паднімаюць дэталь на вышыню. Уступаюць у справу зваршчыкі, затым бетоншчыкі — і будынак адразу прырастае на некалькі метраў. У іншым месцы штампуюць і зварваюць са сталёвых лістоў вялікія трубы — цыркуляцыйныя вадаводы. Раней вазілі з Украіны і Расіі. Аказалася вельмі нявыгадна: дастаўлялі па сутнасці паветра. Тады асвоілі выраб самі. 

Можна, вядома, спытаць: навошта так напружвацца? Генеральны падрадчык усё можа прывезці сам, ды і сваіх рабочых паставіць. Толькі плаці... Але ў гэтым уся і справа! Ад цяперашніх затрат залежыць сабекошт электраэнергіі, якую з 2018 года на працягу не менш як 60 гадоў будзе выпрацоўваць першая ў Беларусі АЭС. А гэта — важнейшы аспект яе канкурэнтаздольнасці. Ужо сёння магчымасці куплі беларускай электраэнергіі зандзіруюць многія суседнія краіны. Наколькі рэальныя такія перспектывы? Міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык катэгарычны: 

— Наша галоўная задача быць канкурэнтаздольнымі не толькі на ўнутраным рынку, але і на еўразійскім. Каб затраты адпавядалі лепшым сусветным узорам. У тым ліку за кошт эканоміі на ўзвядзенне АЭС. Паводле нашых падлікаў, дзякуючы ўдзелу беларускіх арганізацый мы зберагаем каля двух мільярдаў долараў. 




Старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Кавалько настроены аптымістычна:

— Мы забяспечым камфартабельным жыллём усіх будаўнікоў станцыі. Што датычыцца яе будучага калектыву, то многія ўжо прыехалі з сем’ямі. Таму ў хуткім часе пачнём будаўніцтва новага дзіцячага сада. Трэба развіваць жыллёва-камунальную гаспадарку, пашыраць кацельню, ачышчальныя збудаванні. У хуткім часе пачнём і будаўніцтва новага корпуса мясцовай бальніцы амаль на 400 месцаў. Яна будзе аснашчана найноўшым абсталяваннем. Адсюль і кошт, большы за трыльён беларускіх рублёў.



Усяго ў 2015 годзе да­вя­­­дзецца выка­наць работ больш як на $ 650 млн. 

Адной арматуры трэба зманціраваць 50 тысяч тон — на яе дастаўку патрэбна тысяча чыгуначных вагонаў! Бетону трэба будзе ўлажыць 360 тысяч кубаметраў. Калі выстраіць у рад грузавікі-“міксеры”, неабходныя для дастаўкі такой колькасці на будпляцоўку, то калона выцягнецца ад Мінска амаль да Масквы
Уладзімір Якаўлеў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter