Гонар фірмы і пыл у вочы?

Майстар: Катушка павінна быць не ў пыласосе, а ў галаве

Вядомую прымаўку пра збан, які да пары ваду носіць, асабіста я з поўнай адказнасцю маю права нават дапоўніць. Паверце, і пыласос таксама да пары пыласосіць. У самы адказны момант (гэта калі саступіў угаворам кабеты і, пакінуўшы такую ўтульную канапу, згадзіўся «хоць раз у год» дапамагчы ёй прыбраць кватэру) разрэкламаванае цуда заморскай тэхнікі нечакана дзіўна чмыхнула і наадрэз адмовілася смактаць пыл айчынных кілімаў.

І што я толькі не рабіў, каб рэанімаваць хатняга памочніка! І праціраў яго чыстай анучкай, і шморгаў за электрашнур, і нават, зняўшы накрыўку (!), спрабаваў з дапамогай уласных лёгкіх прадзьмуць рухавік. Але мае намаганні не прынеслі плёну: пыласос упарта не жадаў працаваць. Што звычайна робяць у такіх выпадках разумныя людзі? Правільна, нясуць няспраўны апарат у майстэрню. Што і было зроблена. Праўда, трошкі бянтэжыў той факт, што мая «іншамарка» гэтак хутка (мо гады чатыры толькі карыстаўся) паламалася, калі на лецішчы да цяперашняга часу, як дзікі звер, раве і смокча пыл айчынны аналаг пад назвай «Буран», куплены яшчэ за савецкім часам.

Фірменны цэнтр па абслугоўванні і рамонце замежнай тэхнікі ўразіў. І чыста, і ўтульна, і майстры такія ветлівыя. Сэрвіс, аднак. Занатаваўшы мой нумар тэлефона, абяцалі адразу ж перазваніць, як толькі выявяць прычыну «хваробы» агрэгата і адрамантуюць яго. Што неўзабаве і здарылася. Акрылены такім хуткім вырашэннем праблемы, з усмешкай на твары зноў завітаў у майстэрню. Але пасля паведамлення прадстаўніка цэнтра твар мой адразу стаў сумным, як у той рэкламе пра драўлян. Справа ў тым, што згарэла нейкая там катушка. Яе ў наяўнасці нямашака і наўрад ці будзе, бо пыласосы такога тыпу ўжо зняты з вытворчасці. Вось табе і на.

— І што рабіць? — пытаю ў майстра. — На сметнік выкідваць?

— Відавочна, так, — з ветлівай усмешкай згаджаецца са мной знаўца замежных пыласосавых вантробаў.

Давялося купіць новы пыласос. Стары ўжо сапраўды хацеў выкідваць, ды ўсім вядомае земнаводнае не дазволіла гэта зрабіць адразу. Маўляў, хай яшчэ пастаіць на балконе. І наквакала. Неяк у размове з калегам закранулі тэму рамонту. Аказалася, у яго таксама была падобная сітуацыя, праўда, не з пыласосам, а з электратрымерам. Майстры з «Рамбыттэхнікі» вярнулі ў працоўны стан ягоную мотакасу, у той час як фірменны цэнтр таксама вынес прысуд: рамонту не падлягае.

У айчыннай майстэрні не было так утульна, як у той, дзе першы раз спрабаваў выратаваць свайго памочніка. Што трошкі крыўдна. Тым не менш зухаваты дзядзька-майстар абяцаў патэлефанаваць у хуткім часе. Здаецца, нешта падобнае я ўжо чуў. Прайшоў дзень, другі. Няма ніякіх вестак. Вырашыў праявіць ініцыятыву.

— Што чуваць з пыласосам? — тэлефаную ў майстэрню.

— Добра чуваць, — з гумарам адказвае майстар. — Аж гудзе, — і запрашае забраць ужо адрамантаваны апарат.

Сапраўды, пыласос роў, як новы. Вачам і вушам нават не верылася. Дык як жа катушка, думаю.

— Якая там катушка, — адказвае мясцовы Кулібін. — Яна павінна быць у галаве.

Як я зразумеў іранічны намёк, гэтай вось самай дэталі і не «хапала» ў прадстаўнікоў замежнай фірмы, што было вельмі верагодна. Безумоўна, ім прасцей за ўсё адмовіць у паслузе, спасылаючыся на абсалютна аб’ектыўны і неабвержны факт адсутнасці запчастак. Тады ўжо само сабою ўзнікае пытанне: а чаму ж нашы майстры здатныя адрамантаваць нерамантуемае? Што б там ні было, але вынік відавочны: мы ўсе па-рознаму (не толькі рамонтнікі) адносімся да выканання сваіх прамых абавязкаў, адстойваем гонар фірмы, дзе працуем. А гэта, у сваю чаргу, цягне за сабою цэлы шэраг акалічнасцей. З рознымі наступствамі для кожнага.

Наўмысна не ўдакладняю марку замежнай «блыхі», якую так дасканала і ўмела «падкавалі» мінскія майстры звычайнай раённай «Рамбыттэхнікі». Урэшце, як і адрас, па якім яны знаходзяцца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter