Экперымент: крымiналiсты па голасу вызначаюць узрост, сацыяльны статус i месяца жыхарства

Голас як доказ

«Мама, гэта я! Збіў чалавека, неабходна заплаціць выкуп!» Такія званкі ўсё часцей атрымліваюць ахвяры тэлефонных махляроў. Зрабіць голас больш падобным на патрэбны ім дапамагаюць спецыяльныя мабільныя праграмы — сінтэзатары голасу. Але інжынеры-акустыкі і лінгвісты ўсё роўна змогуць ідэнтыфікаваць дыктара. Устанавіць ягоны пол, верагодны ўзрост, сацыяльны статус, узровень адукацыі, эмацыянальны стан і нават прыкладнае месца жыхарства. Мы запісалі голас на дыктафон, каб высветліць, што эксперты здолеюць сказаць аб ягоным уладальніку.

Аляксандр ДАВІДОВІЧ вывучае амплітудначастотныя характарыстыкі нашага запісу.

У склад фанаскапічнай групы ўваходзяць інжынер-акустык і лінгвіст. Першы вывучае тэхнічныя параметры апаратуры і аўдыязапісу, працуе з тэхнічнымі параметрамі гуку — вышынёй, частатой і працягласцю. Другі даследуе аўдытыўныя, лінгвістычныя, сацыяльныя і псіхафізіялагічныя складальнікі.

Эксперты аддзела тэхнічных экспертыз упраўлення спецыяльных і тэхнічных экспертыз ДКСЭ па Мінску могуць працаваць з любымі відамі запісу, няхай гэта бу-дзе голас на аўтаадказчыку ці відэафайл. Але, як паказвае жыццёвы вопыт, у запале сваркі апаненты часцей хапаюцца за дыктафоны. Мы таксама запісалі фрагмент гутаркі з калегай на дыктафон ма-більнага тэлефона.

— Чатыроххвіліннага запісу для даследавання павінна хапіць, — слухае наш аўдыяфайл галоўны эксперт Аляксандр Давідовіч, наразаючы яго на фрагменты, выдаляючы шумы і пакідаючы толькі чыстую гаворку. — Як правіла, каб вызначыць узровень адукацыі, культуры і слоўнікавага запасу дыктара, патрэбны запіс працягласцю ад трох хвілін. Мае значэнне і змест размовы. Калі голас пералічвае спіс пакупак у краме, то наўрад ці мы здолеем многае сказаць аб ягоным уладальніку.

Звычайна тут даследуюць аўдыязапісы, якія прахо-дзяць па справах аб тэлефонным тэрарызме, хабарах і вымаганнях. Аднойчы ўчастковы прынёс на экспертызу дыктафонны запіс. Жонка запісала сварку з мужам — справа звычайная. Пачалі вывучаць, чуюць — голас знаёмы. Прагледзелі нядаўнія нераскрытыя справы — гэты голас «засвяціўся» ў справе аб тэлефонным тэрарызме з-за ілжывага паведамлення аб мініраванні.

Дарэчы, яшчэ ў 2003 годзе ў краіне была створана база фонаўліку. З моманту яе фарміравання колькасць ілжывых паведамленняў аб небяспецы скарацілася ў дзясяткі разоў.

...Праз некалькі гадзін карпатлівай працы эксперт заключыў: запіс сапраўдны. 

— Калі запіс змяшчае шумы, якія немагчыма прыбраць і якія перашкаджаюць разабраць запісанае, то яго прызнаюць непрыдатным для правядзення даследавання. Тым не менш ёсць набор шумоў, якія можна прыглушыць, выкарыстоўваючы прафесійнае абсталяванне фонаскапіста, — тлумачыць Аляксандр Давідовіч, вывучаючы амплітудна-частотныя характарыстыкі нашага запісу.

Да нізкіх шумоў адносяць шумы прамысловых прадпрыемстваў і транспарту, а таксама шумнага натоўпу. Высокія шумы — гэта адзінкавыя крыкі, плач ці музыка на фоне.

— Звычайна для падробкі запісу выкарыстоўваюць мантаж, склейванне і перастаноўку слоў, — пералічвае самыя распаўсюджаныя спосабы падробкі аўдыязапісу Аляксандр Давідовіч. — Бывае, адзін з бакоў сцвярджае, што не казаў нічога з прадстаўленага на запісе, і мы пацвярджаем наяўнасць прыкмет мантажу экспертызай.

Тым часам да працы над нашым запісам прыступае лінгвіст — дзяржаўны судовы эксперт Тамара Мезенцава:

— Спачатку выяўляем пэўныя якасці і ўласцівасці голасу, інды-відуальнасць, манеру вымаўлення. Аналізуем артыкулярна-фанетычныя асаблівасці вымаўлення гукаў і слоў, асаблівасці інтанацыі і іншыя ацэначныя характарыстыкі. Гэта артыкуляцыя, тэмп гаворкі, моўныя паўзы... Затым вывучаем асаблівасці пабудовы гаворкі. Гэта значыць, аналізуем даўжыню сказаў, завершанасць фраз, парадак слоў у сказе, асаблівасці словаўжывання.

Падводзячы вынік нашага эксперымента, можна канстатаваць, што эксперты не памыліліся ні ў чым. Па чатыроххвілінным запісе яны здолелі вызначыць прыблізны ўзрост маёй калегі, месца нараджэння і наяўнасць у яе вышэйшай гуманітарнай адукацыі. І нават дакладна вызначылі яе эмацыянальны стан у момант размовы.

З узростам голас можа змя-ніцца, прычым як з боку псіхалінгвістычных, так і тэхнічных асаблівасцей. Ды і наогул голас варыятыўны — двойчы аднолькава вымавіць адну і тую ж фразу мы не зможам. Нават падобныя на слых галасы двайнят адрозніваюцца. 

Аднак у красавіку канадскі стартап Lyrebird анансаваў першы ў свеце сэрвіс, з дапамогай якога можна падрабіць голас любога чалавека. Сістэме хапае хвіліннага ўзору. На яго аснове яна надасць запісу характарыстыкі патрэбнага голасу. Так што з гэтага дня не варта здзіўляцца, калі добрапрыстойнаму мужу дасылаюць плёнку з запісам ягонага званка неіснуючай палюбоўніцы і пагражаюць даць паслухаць жонцы, калі ён не раскашэліцца.

Эксперты сыходзяцца ў адным: такія праграмы і галасавыя фільтры ў мабільных праграмах сапраўды дапамагаюць змяніць голас, аднак падмануць экспертаў такой падробкай голасу складана.

gorbatenko_inna@mail.ru

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter