Голас Вiнцэнта

Музычнае  свята,  прысвечанае  200-годдзю  Дунiна-Марцiнкевiча,  прайшло  ў  старажытным  горадзе  Заслаўi

Музычнае  свята,  прысвечанае  200-годдзю  Дунiна-Марцiнкевiча,  прайшло  ў  старажытным  горадзе  Заслаўi 

Юбiлей слыннага ўраджэнца Беларусi Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча, аўтара наватарскiх паэтычных i драматычных твораў, тэатральнага дзеяча, адзначаюць сёлета ва ўсiм свеце. Рашэннем ЮНЕСКА бягучы год аб’яўлены годам нашага знакамiтага земляка. 

Вiнцэнту Дунiну-Марцiнкевiчу прысвячалася музычнае свята, якое ў восьмы раз ладзiлася ў старажытным Заслаўi Нацыянальным канцэртным аркестрам пад кiраўнiцтвам Мiхаiла Фiнберга сумесна з Мiнскiм аблвыканкомам, раённымi i гарадскiмi ўладамi. 

Якая сувязь слыннага лiтаратара з музычным светам? Паводле слоў доктара мастацтвазнаўства, прафесара Вольгi Дадзiёмавай, гэтая сувязь намнога больш цесная, чым можа здавацца спачатку. Мноства цiкавых звестак гавораць аб музычных захапленнях i здольнасцях Дунiна-Марцiнкевiча, а факты сведчаць аб яго значным укладзе ў нацыянальную музыкальную культуру. 

У прыватнасцi, менавiта з лёгкай рукi Вiнцэнта Дунiна-Марцiн­кевiча беларуская мова ўпершыню загучала на опернай сцэне. Гэта адбылося ў Мiнску ў 1852 годзе, калi ў тэатры ставiлася яго славутая п’еса “Сялянка”, альбо “Iдылiя”, з музыкай Станiслава Манюшкi. Дарэчы, з гэтым кампазiтарам Дунiн-Марцiнкевiч напiсаў яшчэ тры оперы. Акрамя таго, вядома, што Дунiн-Марцiнкевiч i сам спрабаваў ствараць музыку, меў добры голас i музычны слых. Вядома, што ў оперы “Сялянка” ён нават выконваў адну з галоўных роляў – Навума Прыгаворкi. Мiж iншым iмя  гэтага персанажа стала адным з лiтара­турных псеўданiмаў пiсьменнiка. 

Музыка Станiслава Манюшкi, а таксама iншых аўтараў, сучаснiкаў i суайчыннiкаў Дунiна-Марцiнкевi­ча – Напалеона Орды, Мiхала Ельскага, Мiхала Клеафаса Агiнскага, прагучала на юбiлейным вечары ў Заслаўi. Як заўсёды, у блiскучым выкананнi шасцi камерных калектываў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi. Завяршылася iмпрэза прэм’ерай музыкi беларускага кампазiтара Уладзi­мiра Кур’яна да спектакля “Iдылiя” па п’есе Дунiна-Марцiнкевiча, якi i сёння ўпрыгожвае рэпертуар Купалаўскага тэатра. 

Адметнымi старонкамi свята сталi таксама творчая сустрэча i аўтарскi канцэрт кампазiтара народнага артыста Беларусi Дзмiт­рыя Смольскага, майстар-клас знакамiтага пiянiста народнага артыста Беларусi Iгара Алоўнiкава, канцэрт навучэнцаў Заслаўскай дзiцячай школы мастацтваў, выстаўка “...Я бацькоўскаму краю адданы”, прысвечаная Дунiну-Марцiнкевiчу, з фондаў Дзяржаўнага музея гiсторыi беларускай лiтаратуры. Сёлета ўпершыню са сцэны разам з музыкай гучала i вершаванае слова беларускiх паэтаў Вiктара Шнiпа, Алеся Бадака, Навума Гальпяровiча, якiя сталi ўдзельнiкамi свята. Аб значнасцi падзеi, павазе i цiкавасцi да яе сведчыла прысутнасць на канцэрце першага намеснiка мiнiстра культуры Беларусi Уладзiмiра Рылаткi, першага намеснiка старшынi Мiнскага аблвыканкома Вiктара Шчэцькi, старшынi Заслаўскага гарвыканкома Нiны Бухавец, прадстаўнiкоў пасольстваў замежных дзяржаў.  

Музычнае свята ў Заслаўi – адна з жамчужынак у прыгожым пярсцёнку асветнiцкiх iмпрэз, якiя ўжо больш за дзесяць гадоў ладзiць па краiне Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусi пад кiраўнiцтвам маэстра Мiхаiла Фiнберга. Нясвiж, Тураў, Чачэрск, Мсцiслаў, Мiр, Iванава... Гэта адрасы, дзе ўжо традыцыйна чакаюць сустрэч з музыкантамi знака­мi­тага калектыву, якi ўзяў на сябе няпростую i высакародную мiсiю — вяртаць з небыцця iмёны i творы нашых славутых землякоў, адкрываць забытыя старонкi ў багатай мастацкай спадчыне невялiкiх беларускiх гарадоў i мястэчак. 

На здымку: выступленне ансамбля салiстаў на драўляных духавых iнструментах. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter