Даследчыца-філолаг з Варшавы нямала паспрыяла наладжванню навуковых і культурных кантактаў паміж Польшчай і Беларуссю, піша навуковыя працы па-польску і па-беларуску

Голас пані Эльжбеты

Даследчыца-філолаг з Варшавы нямала паспрыяла наладжванню навуковых і культурных кантактаў паміж Польшчай і Беларуссю, піша навуковыя працы па-польску і па-беларуску


Прафесар Эльжбета Смулкова
Часам адно прозвішча можа выклікаць шэраг розных асацыяцый, успамінаў. Так было і на гэты раз. Мне прапанавалі напісаць прадмову да кніжкі, што рыхтуецца ў Мінску да 85-х угодкаў польскай даследчыцы-філолага і дыпламата Эльжбеты Смулковай. Праглядаў нататкі з 90-х, калі яна актыўна ўдзельнічала ў беларусазнаўчым руху, была першым Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь (1992—1995). Гартаў свой “Рымскі дзённік”, пісаны з 29 красавіка па 6 мая 1990 года і часткова апублікаваны ў кнізе “І ажываюць спадчыны старонкі” (1994). І толькі цяпер зразумеў: цяжка перабольшыць значэнне апісаных там падзей. Бо адбыліся яны напярэдадні абвяшчэння беларускай незалежнасці — прыняцця 27 ліпеня 1990 года Вярхоўным Саветам БССР “Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”. Прынамсі, тое мерапрыемства, якое ўвайшло у гісторыю як ”Рым-I”, рыхтавала і ў нашым грамадстве зразуменне названай Дэкларацыі. З Рыма ж ці не ўпершыню так яўна ішоў пасыл найперш тром суседнім краінам (Літве, Польшчы і Украіне), а потым і ўсёй Еўропе, свету аб праве беларусаў на ўласную гісторыю, мову, дзяржаўнасць.

Прафесар Эльжбета Смулкова натуральна ўваходзіла тады ў склад нешматлікай польскай дэлегацыі, я ж быў у яшчэ меншай беларускай. Канферэнцыя праходзіла ў акружаных пальмамі ды пініямі, абнесеных высокімі сценамі пакоях Міжнароднага цэнтра імя святога Джавані. На першым пасяджэнні кожны меў магчымасць і права гаварыць тое, што пажадае. Я расказаў пра трагічнасць Чарнобыльскай катастрофы і неабходнасць еўрапейскай дапамогі яе ахвярам не толькі ва Украіне, але і ў Беларус. Прычым спачатку, прызнацца, мне ўдзельнікі не дужа й верылі... Далейшыя даклады і паведамленні былі скіраваныя на адладку дыялогу, узаемаразумення паміж прадстаўнікамі чатырох дзяржаў, якія адраджаліся на тэрыторыі колішняй Рэчы Паспалітай.

Спачатку, калі па шчырасці, я і мае калегі ды й прадстаўнікі беларускай дыяспары з Вялікабрытаніі, ЗША пабойваліся будучых выступленняў польскіх дэлегатаў: зноў, маўляў, пачнуць згадваць належнасць беларусаў да іхніх “крэсаў усходніх”… Але прафесар Ежы Клачоўскі з Любліна, тады прадстаўнік Польшчы ў ЮНЕСКА, скіроўваў дыскусію вельмі тактоўна. Суседзі з Літвы, як забыўшыся пра добрасуседства і ўзаемадапамогу ў часы агульнага Вялікага Княства Літоўскага, павялі сябе даволі агрэсіўна: маўляў, і забраны ад іх “Мінск Літоўскі” трэба ім аддаць, і “Брэст Літоўскі”, і нават “Палессе Літоўскае”, а што “Наўгардукас” і “Гардзінас” — то і ў першую чаргу... На выпады мы адказвалі то са смехам, то з абурэннем, а прафесар Клачоўскі прапанаваў прысутным напісаць гісторыі сваіх дзяржаў паводле свайго нацыянальнага разумення, а пасля выдання садзейнічаць іх перакладу на тры іншыя мовы з двумя засцярогамі: не абражаць іншыя народы і розным аўтарам не супярэчыць адзін другому. Да прыкладу, не варта пісаць літоўцам, што некалі іх продкі, жамойты, быццам бы заваявалі русінаў, продкаў сённяшніх беларусаў. Бо інакш чаму тыя “заваёўнікі” карысталіся канцылярскай моваю русінаў?

Забягаючы наперад, скажу: беларусы, палякі ды ўкраінцы тыя разумныя патрабаванні выканалі неўзабаве пасля канферэнцыі або з невялікай правалокай. А літоўцы — толькі праз дваццаць год, тое зрабілі чатыры іншыя аўтары і толькі ў дачыненні да Вялікага Княства Літоўскага… Але лепш позна, чым ніколі.

А галоўнай “прымірыцель­кай” “Рыма-І” была прафесар Смулкова. Яе пазіцыя выявілася нам 1 мая 1990 года, пасля выступлення айца Аляксандра Надсана, які быў апостальскім візітатарам і дырэктарам Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане. Летась ён адышоў у іншы свет. Цытую свой тагачасны запіс: “Свой даклад пра рэлігійнае жыццё ў Беларусі ён пачаў з эмацыйнага расказу пра Чарнобыльскую трагедыю (і тым пацвердзіў маё выступленне. — А.М.), заклікаў прысутных аказваць дапамогу яе ахвярам (на наступны дзень мінчанам прывезлі ў Цэнтр першыя корабы з лекамі. — А.М.). Потым гаварыў, што і праваслаўная царква, і асабліва каталіцкі касцёл не дужа паварочваюцца да беларускага нацыянальнага адраджэння, прывёў таму прыклады. Бог добры, закончыў ён сваё выступленне, у яго ёсць месца для ўсіх. То чаму ж тады не знаходзіцца месца для беларусаў?!

Крыху нечакана для нас Аляксандра Надсана падтры­малі варшаўскія вучоныя. Прафесар Смулкова сцвердзіла, што касцёл каталіцкі на Беларусі (а яна добра спазнала яго ў час шматлікіх лінгвістычных экспедыцый. — А.М.) павінен паслугоўвацца не толькі польскай, але і беларускай моваю, бо інакш людзі проста адыдуць ад яго. Калі місіянеры едуць, скажам, да папуасаў, то найперш вучацца гаварыць па-папуаску. Дык чаму ж тады гэтае правіла ігнаруюць ксяндзы, якія з Польшчы скіроўваюцца цяпер у Беларусь?!”


На сустрэчы з Папам рымскім. 1 мая 1990 г.

А вечарам таго ж дня ўдзельнікаў форуму запрасілі ў Ватыкан, на сустрэчу з Архіпастырам Янам Паўлам ІІ, ініцыятарам канферэнцыі, цяпер ужо кананізаваным. Нечакана дэлегаты-беларусы даручылі асноўнае выступленне зрабіць мне, і я, уручыўшы Папе рымскаму юбілейнае энцыклапедычнае выданне, прысвечанае Францыску Скарыне, распачаў словамі: “Ойча святы! Дрэнна дзеецца з Касцёлам каталіцкім на Белай Русі…” Потым мае думкі прадоўжылі прафесар Эльжбета Смулкова, мінскі кандыдат навук Вячаслаў Вярэніч. І пасля кожнага выступлення Архіпастыр аптымістычна ўздыхаў: “Nie wszystko odrazu. To przecież proces”.

І працэс пайшоў! Яго паскарала вопытная і энергічная прафесар Эльжбета Смулкова. Летам таго ж 1990-га яна сабрала ў Польшчы вучоных-гуманістаў з розных краін, каб па прыкладзе ўкраінцаў распачаць стварэнне Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, выбраць старшыню яе аргкамітэта. Калі ўрэшце тайным галасаваннем выбралі мяне, то пані Смулкова знайшла слушныя аргументы за тое, каб першы Кангрэс беларусістаў правесці не пазней мая наступнага года. І вось на майскі ўстаноўчы форум у 1991-м з’ехаліся ў Мінск літаратуразнаўцы, мовазнаўцы, гісторыкі, мастацтвазнаўцы з 23 краін.

Першым ганаровым сябрам асацыяцыі быў выбраны на кангрэсе нашчадак князёў Мсціслаўскіх і Заслаўскіх, мецэнат і прафесар Анджэй Цеханавецкі (Англія). Яго, як і прафесара Смулкову, і мяне, турбавалі слоўныя канфлікты паміж літоўскімі ды беларускімі гісторыкамі на “Рыме-І” і наступным “Рыме-ІІ” у Любліне (Польшча, 1991). Таму неўзабаве Смулкова прапанавала мне: “А давайце злётаем разам у Лондан, далучым яшчэ каго з гісторыкаў. Можа, пан Цеханавецкі фінансава дапаможа нам, беларусістам, правесці канструктыўны “круглы стол” з літоўцамі”. І наша падарожжа разам з сябрам МАБ Генадзем Сагановічам адбылося ў лютым 1992-га, а вясной і летам таго ж года ў Мінску і мястэчку Гервяты Астравецкага раёна, дзе жывуць этнічныя літоўцы (беларускі ксёндз адправіў нам у касцёле імшу на літоўскай мове, а літоўскі — на беларускай) ішлі пасяджэнні, прысвечаныя супольнай спадчыне Вялікага Княства Літоўскага. На жаль, запрошаныя літоўскія ўдзельнікі “Рыма-І” у Гервяты не прыехалі. Як і на канферэнцыю “Рым-ІV”, якая прайшла ў Гродне (1993). А ў час “Рыма-V”, што  адбыўся ў Тракаі (1995), у вільнюскім друку з’явіліся такія тэндэнцыйныя артыкулы пра беларускіх гісторыкаў, што далейшыя правядзенні “Рымаў” увогуле спынілася. І толькі ў апошні час адносіны паміж беларускімі ды літоўскімі даследчыкамі ВКЛ, у тым ліку спадчыны Францыска Скарыны, пачалі нармалізавацца.

Затое з прыездам у Мінск у 1992 годзе першага польскага амбасадара Эльжбеты Смулковай навуковыя і культурныя кантакты паміж Беларуссю і Польшчай ажывіліся. Часцейшымі сталі абмен канцэртамі і спектаклямі, правядзенне навуковых канферэнцый і выданне іх матэрыялаў. Помню, разам ездзілі ў Астравецкі раён, на маю радзіму, для сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовай польскай дыяспары. Прафесар Смулкова працягвала ўдзельнічаць у беларускіх навуковых даследаваннях, і я сёння не ведаю, якіх навуковых прац у яе болей: на польскай мове ці на беларускай.

Скажу пра польскую каляжанку ў сувязі з яе юбілеем: мы абодва людзі этнічнага і культурнага памежжа, мы — паміж заходнім і ўсходнім славянствам, паміж Захадам і Усходам. Нарадзіліся і жывем там, дзе скрыжоўваюцца, узаемаўзбагачаючыся, розныя культуры. Яна нарадзілася ў галіцкім Львове, я — у Падвіленскім краі. І заканамерна мы належым некалькім культурам. І таму, віншуючы Вас, гаспадарыня прафесар, з юбілеем, традыцыйна ўсклікаю: Sto lat! 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter