Голас Коласа ад купалаўцаў

Такога глыбокага прачытання, калі хочаце, пранікнення ў тэкст паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка” віцебская тэатральная грамадскасць і не чакала ўбачыць. Купалаўскі тэатр адкрыў гастролі ў Віцебску спектаклем-містэрыяй “Сымон-музыка”, які паставіў непрадказальны Мікалай Пінігін.

— Мы прывезлі віцебскаму гледачу свае лепшыя рэчы, — адзначыў дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы народны артыст Беларусі Мікалай Кірычэнка. — Гастролі прысвечаны 125-годдзю нашых песняроў Коласа і Купалы, таму пастаноўка паэмы — акт  сімвалічны і актуальны.
Білеты на “Сымона-музыку” разыходзіліся не з такім “улётам”, як на іншыя гастрольныя спектаклі. Патрабавальны глядач мусіў прадказаць, маўляў, “сымонка” састарэў, каму будзе цікава сачыць за вершаваным відовішчам. Але відовішча з самага пачатку захапіла залу сапраўднай тэатральнай экспрэсіяй, сугуччам  пластыкі і мовы, філасофіяй быцця і небыцця. Вось яна — традыцыя ў сучасным увасабленні, вось яна — моц тэатральных сродкаў, здольная абудзіць камень і прымусіць яго загаварыць... Коласаўская сцэна стагнала і плакала, смяялася і танчыла разам з глядацкай залай, якая ў рэшце рэшт узарвалася апладысментамі таленавітым артыстам. Коласаўская сцэна дапамагла купалаўцам у каторы раз даказаць, што класіка — не памірае, што яе трэба чытаць зноў і зноў, а сучасны тэатр — гэта больш, чым само жыццё... Аляксандр Малчанаў у ролі Сымона, Віктар Манаеў у ролі Дзеда-жабрака, Генадзь Гарбук, Арнольд Памазан, купалаўская моладзь, можна сказаць, узнялі сваіх персанажаў на новы віток іх існавання ў мастацтве дзякуючы стваральнай энергетыцы рэжысёра Мікалая Пінігіна.
Колас купалаўцаў аказаўся тугім і плённым, у ім — надзея на будучы ўраджай.
Сёння купалаўцы пакажуць віцяблянам спектакль “Маэстра” па п’есе вядомага сучаснага ўкраінскага драматурга Марыі Ладо. “П’еса распавядае пра людзей мастацтва, праўдзіва адлюстроўвае тое, што непакоіць сучасную творчую інтэлігенцыю”, — расказвае спецыяліст па літаратурна-драматургічнай частцы Лавінія Шарыпкіна. Заўтра на сцэне тэатра — містычная легенда аб каханні, гістарычны расповед “Чорная панна Нясвіжа” Аляксея Дударава. А 6 красавіка гастролі тэатра імя Янкі Купалы завершацца прэм’ерай-рэквіемам “Вечар” Аляксея Дударава.
А коласаўцы на вялікай сцэне Купалаўскага тэатра прадстаўляюць на суд сталічнага гледача трагікамедыю “І смех, і слёзы, і любоў” па матывах п’есы Уладзіміра Набокава “Падзея”. Рэжысёр Віталь Баркоўскі вырашыў звярнуцца да гэтага твора, каб падштурхнуць сучаснага чалавека да разважанняў над сэнсам кахання. І падумаць над пытаннем: ці зможа выжыць любоў у нездаровым асяроддзі самадураў? Ці лепш шукаць выратаванне ў іншым вымярэнні?
Заўтра тэатр запрашае ўсіх на карнавал. Карнавал забітых душ. На сцэне Купалаўскага тэатра ў выкананні коласаўцаў — варыяцыі паводле п’есы Янкі Купалы “Сон на кургане”.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter