Принципы системы международной безопасности, основанные на ДРСМД, находятся под угрозой расторжения

Голас “Хельсінкі” пакуль не пачуты

Падчас нядаўняй цырымоніі ўручэння вярыцельных грамат нашаму Прэзідэнту шэрагам кіраўнікоў дыпламатычных місій Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Беларусь гатова да ўзаемадзеяння з Захадам і Усходам, Поўначчу і Поўднем, калі яно грунтуецца на прынцыпах павагі, шчырасці і прыстойнасці. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы, як паведамляе БЕЛТА, звярнуў увагу на асноўныя аспекты нацыянальнай палітыкі: “За Беларуссю ўжо замацаваўся статус аднаго з ініцыятараў і актыўных удзельнікаў інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы. Глыбока перакананы, што Мінск можа стаць месцам новага шырокамаштабнага дыялогу па пытаннях бяспекі дзяржаў у Еўра-Атлантыцы і Еўразіі. Мы будзем і надалей ініцыяваць міралюбныя, аб’яднальныя праекты супрацоўніцтва”.

Сёлета знешнепалітычнае ведамства Беларусі, якое 22 студзеня адзначыла стогадовы юбілей, працягне садзейнічаць агульнаму дыялогу па ўмацаванні глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, каб узняць узровень падобных дыскусій для далейшага прыняцця па іх вынікам канкрэтных палітычных рашэнняў. Паводле слоў міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, якога цытуе Беларускае тэлеграфнае агенцтва, пройдуць мерапрыемствы, звязаныя з ініцыятывамі, што прасоўвае наша краіна на міжнародных пляцоўках (гэта “партнёрства інтэграцый”, урэгуляванне канфлікту ва Украіне, барацьба з тэрарызмам і многія іншыя актуальныя тэмы парадку дня).

Зараз фундаментальныя прынцыпы існавання сістэмы міжнароднай бяспекі, замацаваныя ў Дамове аб ракетах сярэдняй і малой далёкасці (ДРСМД) паміж цяперашнімі яе гарантамі Расіяй і ЗША, знаходзяцца пад пагрозай скасавання. 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ДРСМД сёння фактычна “перакрэслены”, а гэта значыць, голас нашай краіны, яе ініцыятыва па фармаце міжнародных перамоў “Хельсінкі-2” пакуль не пачутыя буйнымі геапалітычнымі гульцамі планеты. 

Нагадаю, што напачатку 1970-х — у разгар халоднай вайны — ЗША і СССР пачалі разгортваць у Еўропе ўласныя ядзерныя баявыя сродкі: з аднаго боку балістычныя і крылатыя ракеты “Першынг-2” і “Тамагаўкі”, з другога — стратэгічныя комплексы “Піянер”. Крыху пазней, у 1975 годзе, Хельсінскім заключным актам па бяспецы была замацавана тагачасная палітыка разрадкі міжнароднай напружанасці — гэта пагадненне 35 дзяржаў Еўропы і Паўночнай Амерыкі, якое ўсталявала прынцыпы міралюбнага і гуманнага парадку ў Еўропе. 

Аднак, як паведамляе Reuters, Злучаныя Штаты 2 лютага бягучага года ўсё ж пачнуць выхад з Дамовы аб ракетах сярэдняй і малой далёкасці (без згоды Расіі). Па інфармацыі прадстаўніка Дзярждэпартамента ЗША Андрэа Томпсан, працэс зойме паўгода і адпавядае ранейшаму рашэнню па ДРСМД гаспадара Белага дома Дональда Трампа і наўздагон агучанай для Расіі афіцыйнай заявы дзяржсакратара ЗША Майка Пампеа. Зробленай, па сутнасці, ва ўльтыматыўнай форме.

На жаль, на мінулым тыдні ў Жэневе адбыліся безвыніковыя перамовы па далейшым лёсе гэтага глабальнага дакумента. Вашынгтон згаданымі кансультацыямі не задаволены і заклікае Маскву знішчыць ракетныя сістэмы, якія парушаюць ДРСМД. У прыватнасці, амерыканцы канстатуюць: Расія трымае ў сакрэце сапраўдныя магчымасці крылатай ракеты 9М729 комплексу “Іскандэр-М”, якая мае далёкасць баявога дзеяння звыш за 500 кіламетраў. У сваю чаргу ў Расійскай Федэрацыі ўпэўнены: дамову ў аднабаковым парадку хочуць ліквідаваць менавіта ЗША. Згодна меркаванню намесніка кіраўніка расійскага знешнепалітычнага ведамства Сяргея Рабкова, ДРСМД варта абавязкова захаваць, а рашэнне агульнай праблемы бяспекі неабходна ажыццяўляць пры дапамозе перамоў.

Між іншым падпісантам не трэба забываць, што ДРСМД не дазваляе валодаць балістычнымі ракетамі наземнага базіравання і крылатымі ракетамі з дальнасцю палётаў ад 500 да 5,5 тысячы кіламетраў.

З перадгісторыі тэмы: год таму быў надрукаваны “Агляд ядзернай палітыкі Злучаных Штатаў Амерыкі”, дзе вызначалася роля ядзернай зброі ў стратэгіі нацыянальнай бяспекі краіны. Згодна дакладу, галоўныя пагрозы для Вашынгтона — ваенная моц Расіі, магчымасці Кітая, КНДР і Ірана. У студзені 2019-га, даклад па супрацьракетнай абароне ЗША быў зроблены ўжо прэзідэнтам Дональдам Трампам, які ў гэты перыяд адзначыў двухгоддзе свайго прэзідэнцтва. Аднак сутнасць палітыкі супердзяржавы не змянілася — Злучаныя Штаты працягнуць ядзернае стрымліванне Расіі і КНР. Разам з тым Белы дом заяўляе, што будзе імкнуцца ўсталяваць нармальныя адносіны з гэтымі краінамі. 

Хацелася б верыць. Асабліва, гледзячы з таго пункту гледжання, што для большасці дзяржаў сёння прыярытэтным з’яўляецца сталы рост эканомікі, а не чарговая гонка ўзбраенняў.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter