Голад

Кожны дзявяты жыхар планеты харчуецца недастаткова, восемсот мільёнаў чалавек наогул галадаюць. Хаця пятнаццаць гадоў таму такіх людзей было больш за мільярд.

Палітычная і эканамічная нестабільнасць, працяглыя ваенныя дзеянні, галеча, рэзкія кліматычныя змяненні ў выглядзе дэградацыі земляў, засухі — першапачатковыя прычыны для з’яўлення голаду, пагроза якога ўзнікла сёння ў шэрагу рэгіёнаў афрыканскага кантыненту. Трэба памятаць: большая частка людзей, якія галадаюць, жыве ў сельскай мясцовасці і яны вельмі залежаць ад таго, што вырошчваюць на зямлі.  

Так, ваенны канфлікт у Емене можа бліжэйшым часам выклікаць найбуйнейшы ў найноўшай гісторыі голад: дзесяць мільёнаў грамадзян краіны адчувае недахоп у прадуктах харчавання, з іх 2,2 мільёна — дзеці. Паводле апошніх звестак Міжнароднага дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ), адразу ў чатырох краінах — Паўднёвым Судане, Нігерыі, Самалі і Емене — ад голаду могуць загінуць паўтара мільёна дзяцей. У тым жа Емене цяпер ад недастатковай колькасці ежы пакутуе 462 тысячы дзяцей, у Нігерыі — 450 тысяч, у Самалі і Паўднёвым Судане каля 185 тысяч маленькіх жыхароў. Праз некалькі месяцаў гэтае чысло можа падвоіцца...

Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН для выратавання  насельніцтва тэрмінова накіроўвае ў Паўднёвы Судан каля 150 тысяч камплектаў рыбалоўных прылад. Тут галадаюць зараз сто тысяч чалавек, каля 5,5 мільёна не маюць надзейных крыніц харчавання. Падстава — грамадзянская вайна, якая доўжыцца амаль чатыры гады.

Таму генсек ААН Антоніу Гутэрыш б’е трывогу: да канца сакавіка неабходна знайсці больш за 4 мільярды долараў (пакуль ёсць толькі каля ста мільёнаў) для выратавання ў згаданых краінах ад галоднай смерці амаль дваццаці мільёнаў чалавек. А ўсяго сёлета для спынення гуманітарнай катастрофы з харчаваннем у глабальным маштабе патрэбна 5,6 мільярда долараў.

Не суцяшаюць і апошнія даследаванні брытанскіх кліматолагаў — да 2030 года на Зямлі, з-за глабальнага пацяплення, наогул можа распачацца голад. Вучоныя, назіраючы за ўраджаямі кукурузы, заўважылі пэўную заканамернасць: павышэнне сярэднегадавой тэмпературы ўплывае на перыяд росту злака і яго назапашаную масу. Такім чынам, ураджайнасць кукурузы — асноўнай сельскагаспадарчай культуры ў свеце — знізіцца не толькі ў Афрыцы, але і ў іншых рэгіёнах планеты. Разам з тым скарачэнне выкідаў парніковых газаў не спыніць гэты працэс, а толькі адцягне яго.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter