Урад вызначыў парадак аднясення працаздольных грамадзян да незанятых у эканоміцы

Годзе ўхіляцца, пара за справу брацца

Да 1 снежня будзе сфар-міравана база даных працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы. Тых, хто трапіў у яе, пра гэта папярэдзяць, а сам інфармацыйны рэсурс будзе абнаўляцца штоквартальна. Пра гэта і многае іншае ў час брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА расказаў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч.

Нагадаем, для рэалізацыі Дэкрэта №1 «Аб садзейнічанні занятасці» Урад прыняў пастанову, якая вызначае парадак аднясення працаздольных грамадзян да не занятых у эканоміцы, а таксама фарміравання і вядзення базы даных такіх грамадзян. Таксама Урад распрацаваў прыкладнае палажэнне аб пастаянна дзеючай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва.

Тых, хто трапіць у базу даных, аб гэтым папярэдзяць
фота pim.by

Такім чынам, база даных — гэта інфармацыйны рэсурс, які дазваляе аптымізаваць працэс фарміравання спіса працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы. Актуалізавацца яна будзе кожны квартал. А інфармацыя за папярэднія тры месяцы будзе накіроўвацца для работы камісій у выканкамы, удакладняе Андрэй Лабовіч. Тых, хто трапіць у базу даных, аб гэтым папярэдзяць. Гэтыя людзі змогуць разлічваць на садзейнічанне ў працаўладкаванні.

Ключавая роля ў арганізацыі працы па выкананні норм Дэкрэта №1 адведзена мясцовым органам улады. Для гэтага будуць створаны пастаянна дзеючыя камісіі. Галоўная іх задача — аказаць садзейнічанне занятасці і самазанятасці грамадзян. Таксама камісіі могуць прымаць рашэнні аб неабходнасці або магчымасці накіравання чалавека ў ЛПП. Зразумела, толькі па рашэнні суда. Патрэбны кірунак камісіям падкажуць у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Першы намеснік міністра ўдакладніў: спецыялісты ведамства паспрабуюць падрыхтаваць метадычныя рэкамендацыі для работы камісій на месцах. Своеасаблівы пералік прыкладаў цяжкіх жыццёвых сітуацый, якія стануць падставай для выключэння з базы не занятых у эканоміцы грамадзян, накіруюць у рэгіёны. Бо менавіта камісія будзе разглядаць такія цяжкія сітуацыі, а таксама выпадкі, калі, на думку чалавека, яго ўключылі ў спіс не занятых у эканоміцы памылкова. 

Хто дакладна не патрапіць у спіс? Занятымі ў эканоміцы лічацца тыя, хто легальна працуе, у тым ліку выконвае работы па грамадзянска-прававых дагаворах, індывідуальныя прадпрымальнікі, адвакаты, натарыусы, рамеснікі, якія займаюцца агратурызмам, дзейнасцю без рэгістрацыі ІП, але якія выплачваюць адзіны падатак. А таксама тыя, хто займаецца творчасцю (статус павінен быць пацверджаны творчым саюзам), вучыцца на дзённай форме і дома. Тыя, хто вырабляе прадукцыю раслінаводства, жывёлагадоўлі на зямельным участку. Маці, мачахі, бацькі, айчымы, усынавiцелi, апекуны, папячыцелі, якiя выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 7 гадоў, дзіця-інваліда да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей. Выключаюцца са спіса не занятых у эканоміцы грамадзяне, занятасць якіх па аб'ектыўных прычынах абцяжарана або немагчымая. Гэта людзі з інваліднасцю, грамадзяне, якія адбываюць пакаранне, знаходзяцца на прымусовым лячэнні па рашэнні суда і іншыя катэгорыі. На льготны перыяд у шэсць месяцаў, на працягу якога грамадзяне не будуць уключацца ў базу даных, змогуць разлічваць вайскоўцы, супрацоўнікі ваенізаваных арганізацый, якія мелі спецыяльнае званне рэзервіста, ваеннаабавязанага, якія прайшлі альтэрнатыўную службу. Тыя, хто працуе ці вучыцца за мяжой, павінны свой статус пацвердзіць. У гэтым выпадку яны не трапяць у спіс не занятых у эканоміцы для кампенсацыі паслуг. 

Што тычыцца паслуг, абавязковых для поўнай кампенсацыі не занятымі ў эканоміцы працаздольнымі грамадзянамі. Канчатковы іх пералік яшчэ не зацверджаны. Праект нарматыўна-прававога акта цяпер у заключнай стадыі ўзгаднення.

Алена КАБАНАВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter