Годныя ўмовы жыцця

Сёлета ў развіцці народнай гаспадаркі адбыўся шэраг пазітыўных змяненняў, сярод якіх павелічэнне ВУП на 3,7 працэнта ў параўнанні з адпаведным мінулагоднім перыядам (да 77,4 мільярда рублёў), рост рэальных даходаў грамадзян на 7,7 працэнта адносна 2017 года. Што вельмі значна для айчыннай эканомікі: зацверджана новая галіновая палітыка, назіраецца павелічэнне колькасці індывідуальных прадпрымальнікаў, ухвалена стратэгія развіцця прадпрымальніцтва да 2030 года, што паспрыяе ўзмацненню эканамічнай свабоды для бізнесу. Да таго ж беларускі Урад мае намер правесці ў нашай краіне падатковую рэформу, у сярэднетэрміновай перспектыве ставіцца мэта па зніжэнні інфляцыі на 4 працэнты (ад існуючых цяпер параметраў).


На нядаўнім пасяджэнні Савета Міністраў Беларусі па выніках працы нацыянальнай эканомікі за дзевяць месяцаў бягучага года Прэм’ер-міністр Сяргей Румас запатрабаваў узмацніць кантроль за сітуацыяй з цэнамі, паведамляе БЕЛТА. Было заяўлена: інфляцыя знаходзіцца ў запланаваных межах — 3,7 працэнта да снежня мінулага года пры прагнозе на студзень — верасень не больш за 4,3 працэнта. Аднак у верасні адбыўся яе рэзкі скачок на 0,8 працэнта. Ва Урадзе ўпэўнены: для выканання ключавых задач па развіцці і збалансаванасці эканомікі патрабуецца прыняцце неабходных аператыўных захадаў усімі адказнымі бакамі. Ад гэтага залежыць выкананне пяцігодкі.

За студзень — верасень у параўнанні з адпаведным перыядам 2017 года на 18,3 працэнта павялічыўся экспарт тавараў і паслуг (сальда знешняга гандлю станоўчае — 580 мільёнаў долараў). У цэлым за студзень — верасень выкананы найважнейшыя паказчыкі. Тэмп эканамічнага росту склаў 103,7 працэнта пры заданні 103,3, прафіцыт рэспубліканскага бюджэту — 3,38 мільярда рублёў (3,8 працэнта да ВУП). Гэта дазволіла нашай краіне своечасова разлічыцца па даўгах, але рост валавога ўнутранага прадукту крыху запаволіўся.

Прэм’ер-міністрам адзначаліся нядрэнныя тэмпы росту вытворчасці работ у будаўнічай галіне, разам з тым было выказана незадавальненне зніжэннем  аб’ёмаў будаўніцтва жылля і праблемамі выканання заданняў па экспарце паслуг. Крытыка Сяргея Румаса датычылася і асобных рэгіёнаў: Гомельская і Магілёўская вобласці не выканалі паказчыкі эфектыўнасці па валавым рэгіянальным прадукце, па тэмпах росту экспарту тавараў, заработнай платы. Безумоўна, істотна на падобную тэндэнцыю сёлета паўплывала зніжэнне аб’ёмаў сельскагаспадарчай вытворчасці, якое адбылося з-за неспрыяльных умоў надвор’я.

Днямі на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі кіраўнік Савета Міністраў Сяргей Румас прадставіў праграму дзейнасці Урада на 2018—2020 гады. Дэпутацкі корпус азнаёміўся з найважнейшымі задачамі беларускага Урада. Гэта развіццё бізнес-асяродку і стварэнне спрыяльных умоў вядзення бізнесу, апярэджваючы рост сферы паслуг, фарміраванне ІТ-краіны і маштабная лічбавізацыя ўсёй эканомікі. Прадугледжана правядзенне эфектыўнай бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі, устойлівае забеспячэнне нізкага ўзроўню інфляцыі плюс эфектыўнае кіраванне дзяржаўнай уласнасцю. У бліжэйшай перспектыве будуць: значна актывізавана знешнеэканамічная дзейнасць, удасканалена інвестыцыйная палітыка, зніжана міжрэгіянальная дыферэнцыяцыя, забяспечаны годныя ўмовы ўзроўню жыцця насельніцтва і аплаты працы.

Галоўным у практычным ажыццяўленні ўрадавага дакумента павінна стаць канкурэнтназдольная эканоміка, якая дазволіць забяспечыць тэмпы развіцця Беларусі вышэй за сярэднесусветныя, стварыўшы аснову для дасягнення напрыканцы 2025 года валавога ўнутранага прадукту ў памеры не менш за 100 мільярдаў долараў у эквіваленце.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter