Год — падзей карагод

Апытанне: Якая самая значная падзея адбылася з вамі ў 2013-м?

Мiнулы 2013-ы ўжо ўвайшоў у гiсторыю. Для кожнага з нас ён быў па-свойму асаблівым. Адных шчодра асыпаў падзеямі, другіх толькі час ад часу цешыў прыемнымі момантамі. Зараз, калі каляндар пачаў ужо адлік новага года, самы час успомніць, чым жа запомніўся яго папярэднік. «Якая самая значная падзея адбылася з вамі ў 2013-м?» — запыталі мы ў нашых чытачоў.

Ірына КУЛЕШ, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Лондане:

— 27 снежня я нарадзіла дачушку. Дзяўчынку вырашылі назваць Аня, у гонар маёй бабулі і бабулі мужа. Прыемна, што з бальніцы нас выпісалі 31 снежня, якраз паспелі да святочнага стала. Дарэчы, у 2014-м у нас бяссоннай была не толькі навагодняя ноч, але і наступныя.

Ларыса ГРЫБАЛЁВА, спявачка:

— У снежні 2013-га выйшаў альбом «Не крыўдзі мяне». З’яўленне другой пласцінкі — падзея знакавая, асабліва, калі ўлічыць, што першы мой дыск убачыў свет яшчэ ў 2003 годзе. Дарэчы, сюды ўвайшла кампазіцыя «Да заўтра», словы і музыку для якой я напісала сама. Прычым нарадзілася яна за вечар. Акрамя таго, галоўная песня альбома — «Не крыўдзі мяне» — стала ў 2012-м песняй года Беларусі.

Яўгеній КОРЗАН, спецыяліст аддзела маркетынгу сталічнай фірмы:

— Вясной я з’ездзіў у Іспанію. Мне пашанцавала патрапіць у Мадрыд і пабываць на стадыёне сваёй любімай каманды «Рэал Мадрыд». Я змог прайсціся па полі, дзе трэніруюцца футбольныя зоркі, і нават сфатаграфавацца ў трэнерскай ложы. Вельмі весела было сачыць за сябрамі, якія пасля бачылі гэты здымак: хлопцы казалі, што ім цяпер не да сну. Бачна, хутка самі збяруцца ў Іспанію.

Вікторыя ШЧЫРАКОВА, спецыяліст аддзела выхаваўчай работы з моладдзю Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В. Сухога:

— У гэтым годзе мяне чакаў вясельны марафон. Тры месяцы запар я была сведкай у сваіх сябровак. Прычым прапанова пабываць у гэткай якасці на апошняй з урачыстасцей стала для мяне сюрпрызам. Напярэдадні свята будучы муж маёй знаёмай уручыў мне запрашэнне і пабег па справах. Праз некаторы час я разгарнула яго, каб паглядзець, і чытаю: «... рады будзем бачыць вас сведкай на нашым вяселлі». Я аж падскочыла ад нечаканасці і радасці. Дарэчы, на другім вяселлі я злавіла букет нявесты.

Дзмітрый ТРЫФАНАЎ, тата дзіцячага дома сямейнага тыпу № 2 Мінска:

— У нас з’явіўся новы член сям’і — шасцігадовы Мікіта. Трапіў ён да нас 30 жніўня, а ўжо 1 верасня мы павялі яго на лінейку. З-за мітусні мы не паспелі даведацца, у які менавіта клас яго ўладкавалі. І калі прыбеглі на першы званок, сталі побач з дзеткамі, якіх сярод школьнікаў сустрэлі першымі. І толькі потым даведаліся: гэта і ёсць наш клас — 1-ы «В».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter