Год нямецкай культуры ў Беларусі

У Мінску, у Доме дружбы, адбылася прэзентацыя Года нямецкай культуры ў Беларусі

У Мінску, у Доме дружбы, адбылася прэзентацыя Года нямецкай культуры ў Беларусі. У прывітанні Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Федэратыўнай Рэспублікі Германіі ў Рэспубліцы Беларусь Марціна Хэкера адзначана, што кантакты паміж грамадзянамі абедзвюх краін, што знаходзяцца ў цэнтры Еўропы, сёння цесныя, як ніколі дагэтуль. Беларускія чытачы, гледачы і слухачы засведчылі вялікую цікавасць да нямецкай, асабліва сучаснай культуры. Таму мы вельмі рады, што можам у 2007 годзе прапанаваць гэтай публіцы яшчэ больш насычаную праграму.

«Я спадзяюся, — сказана далей у прывітанні, — што кожны знойдзе нешта для сябе, асабліва маладое пакаленне. Мы хочам абудзіць цікавасць і чакаем двухбаковага дыялога, разумення і крытыкі. Для нас таксама  важна, што мерапрыемствы адбудуцца не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах краіны. Спадзяёмся, што гэта дасць новы імпульс супрацоўніцтву паміж Германіяй і Беларуссю». 

Усе мерапрыемствы аб’яднаны агульнай назвай: «Імгнен­ні культуры-2007: чатыры пары года нямецкай культуры». Праграма надзвычай багатая і цікавая. Класічная музыка, адукацыя і мова тут стаяць у адным шэрагу з паказам моды, паэзіі і сучаснай харэаграфіяй. У Беларускай дзяржаўнай філармоніі пройдзе канцэрт «Скарбы сусветнай музыкі з Баварыі». Прагучаць арыгінальныя кампазіцыі Вольфганга Ноймана, складнікамі якіх з’яўляюцца элементы класічнай еўрапейскай і поп-музыкі, джазу, а таксама этнічнай музыкі. Кампазі­цыі створаны спецыяльна для віртуоза ігры на цымбалах Рудзі Цапфа. Яго інструмент – адзінкавыя ў свеце цымбалы з электрычнымі ўзмацняльнікамі і прыглушанай механікай. Пры дапамозе гэтага 111-струннага інструмента нараджаюцца гукі, якія нагадваюць незабыўныя музычныя ўражанні. 

На Мінскай Міжнароднай выстаўцы-кірмашу «Кнігі Беларусі-2007» будзе прадстаўлена нямецкая кніга. Яшчэ – карнавал па-кёльнску. Запланаваны конкурс фатаграфіі і графікі, мэта якога – зацікавіць маладых мастакоў культурай Германіі. Усе работы ацэніць прафесійнае журы, лепшыя будуць прадстаўлены на выставе ў мінскім кінатэатры «Перамога». Пераможца конкурсу зможа паехаць у ФРГ. 

Адбудзецца канцэрт сімфанічнага аркестра Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі «Маладая Беларусь». Дырыжор – Георг Маіс, салістка — Юкі Мануэла Янке (Германія). Дарэчы, Георг Маіс ужо некалькі гадоў з’яўляецца другім галоўным рэжысёрам нашага аркестра «Маладая Беларусь». Як мастацкі кіраўнік ён апякуецца лепшымі беларускімі аркестравымі музыкамі. 

Ажно тры дні працягнецца фестываль нямецкамоўнай літаратуры. Чытанні пройдуць не толькі ў Інстытуце імя Гётэ, але і ў кавярнях Мінска. Акрамя нямецкіх, чакаюцца таксама літаратары з Аўстрыі і Швейцарыі. Маладыя беларускія перакладчыкі змогуць прыняць удзел у сваім прафесійным конкурсе. У завяршэнні фестывалю арганізатары падрыхтавалі «начны трамвай» – вандроўку па горадзе з музыкай і паэзіяй. 

Такі маштабны праект ажыццяўляе Пасольства ФРГ у Беларусі і Інстытут імя Гётэ ў Мінску, які з’яўляецца культурным прадстаўніком Германіі і дзейнічае ў розных краінах свету. Удзельнічае таксама і Германская служба акадэмічных абменаў – буйнейшая нямецкая арганізацыя, што
аб’ядноўвае вышэйшыя навучальныя ўстановы ФРГ, спрыяе развіццю адносін з замежнымі ВНУ праз абмен студэнтамі і навукоўцамі. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter