Чаго чакаць ад года культуры?

Год культуры пражыць не хлебам адзіным

28 СНЕЖНЯ Прэзідэнт  падпісаў Указ № 522 “Аб аб’яўленні 2016 года Годам культуры”. Ён скіраваны на аб’яднанне інтэлектуальных і духоўных сіл грамадства для рашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, развіццё народных традыцый, падтрымку творчых ініцыятыў… Але ці толькі гэтымі мэтамі абмяжоўваецца праграмны дакумент?


На мой погляд, не. Год культуры, здаецца, мы павінны разумець у больш шырокім сэнсе. Бо наша культура — гэта не толькі мастацтва ў розных яго выявах, на вялікіх і малых сцэнах, народнае і акадэмічнае, музычнае і тэатральнае… Культура — гэта тое, якія мы ёсць у душы, у паводзінах, ва ўласнай сям’і, па адукацыі, на працы. Адным словам, у вельмі розных сферах жыцця, і асабліва тых, дзе ўсё больш і больш можна ўдасканальвацца. Таму персанальна мне хацелася б убачыць у наступным годзе няхай невялікія, але пазітыўныя зрухі ў шматлікіх накірунках — ад добраўпарадкавання родных вясковых вуліц да павышэння культуры вытворчасці на прадпрыемствах.

І ўсё ж самыя прыкметныя зрухі датычацца ў першую чаргу непасрэдна культурнай сферы. Відавочна, што менавіта з яе павінен ісці той самы імпульс, які прымусіць нас задумацца, ці не пачаць работу з самога сябе, каб быць крышачку лепш.

Дарэчы, справядліва будзе адзначыць, што ініцыятыва абвясціць 2016 год Годам культуры прыйшла ад творчых людзей, і Міністэрства культуры ідэю падтрымала. З гэтым згодна: цалкам арганічна мы ад Года моладзі плаўна пяройдзем да Года культуры. Чаму? Па-першае, таму, што тым, каго выхоўвалі, чый патрыятычны дух узнімалі, неабходны механізм для паляпшэння культуры ў шырокім разуменні: культуры побыту, вытворчасці, чалавечых адносін. Па-другое, на наступныя 12 месяцаў прыпадае сапраўдны калейдаскоп юбілеяў, што падкрэслівае больш глыбокую працу па папулярызацыі беларускага мастацтва, яркіх імёнаў беларускай культуры. Глядзіце самі, колькі “зорных” дат. 75 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна. Будзе адзначацца 95-годдзе з дня нараджэння Івана Шамякіна, 120-годдзе з дня нараджэння Кандрата Крапівы, 125-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Будзе весціся падрыхтоўка да мерапрыемстваў да юбілеяў Янкі Купалы, Якуба Коласа ў 2017-м. 25 гадоў “Славянскаму базару” — сучаснаму культурнаму здабытку не толькі мастацкага свету Беларусі.

Арганічна ўпісваецца Год культуры і ў вялікую дзяржаўную пяцігадовую праграму “Культура Беларусі”. Здзейсніліся праекты, якія робяць нам гонар як нацыі, што шануе сваё мінулае, ведае карані і зацікаўлена ў захаванні спадчыны. Вось некалькі яскравых прыкладаў. Атрымалі абноўленыя будынкі Купалаўскі тэатр, Тэатр юнага гледача і Маладзёжны тэатр. Адрамантавана царква ў вёсцы Азярцо пад Мінскам, завершаны капітальны рамонт будынка Музея-дачы Васіля Быкава… Працэс па аднаўленні сферы мастацтва знойдзе сваё адлюстраванне ў наступнай праграме “Культура”, разлічанай да 2020 года. Галоўнае — працягнуць тую сувязь, пракласці той масток, які будзе злучаць ужо выкананыя праекты з пачынаннямі будучымі.

Чалавек жывы не хлебам адзіным. Вялікая праўда закладзена ў гэтых словах у дачыненні да разумення культуры як абагульняючага асяродка грамадства ў сучаснасці. У шырокім сэнсе культура, як вопратка на незнаёмым чалавеку. Менавіта па ёй сустракаюць. Калі краіна прыгожая знешне, гэта сведчанне высокага ўзроўню жыцця, паказчык развіцця грамадства.

Прывяду красамоўны прыклад. У еўрапейскай дыпламатыі ёсць такі прыёмчык: калі за мяжой адкрываюцца прадстаўніцтвы і пасольствы, то сваю дзейнасць яны пачынаюць з рэалізацыі розных праектаў у сферы мастацтва. У гэтым выпадку культура — візітная картка дзяржавы, прэзентацыя таго, якія мы ёсць і што маем за душой. А з чаго складаецца дзяржава? Менавіта з нас з вамі. З кожнага чалавека, грамадзяніна, які ведае сабе цану, які жыве ў сучаснай і маладой краіне і з гонарам называе сябе беларусам. Мы ўмеем прымаць гасцей, хочам жыць з камфортам і па сумленні, шануем мінулае, здабыткі нашых дзядоў, развіваем сябе. І чаму б у дадатак да ўсяго гэтага кожнаму з нас не арганізаваць невялічкую культурную “трэніроўку”? Непасрэдна я збіраюся ўдасканаліць веды ў замежнай мове, летам праехацца па гістарычных месцах Беларусі і запісаць на відэа ўнікальныя палескія песні, якія ведае мая бабуля. А што запланавалі ў Год культуры для свайго развіцця вы?

uskova@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter