Год Агінскага

Сусветнай  арганізацыяй ЮНЕСКА сёлета аб’яўлены Год Міхала Клеафаса Агінскага
Сусветнай  арганізацыяй ЮНЕСКА сёлета аб’яўлены Год Міхала Клеафаса Агінскага. Асаблівая роля ў святкаванні 250-гадовага юбілею гэтага славутага палітычнага і грамадскага дзеяча, дыпламата і мецэната, літаратара і кампазітара належыць нашай краіне — яго гістарычнай радзіме, якую ён моцна і аддана любіў. Агінскі сам пацвярджаў беларускае, ці, як тады гаварылі, ліцвінскае паходжанне свайго роду.  Невыпадкова пасля праведзеных у аколіцах Варшавы дзяцінства і юнацтва, бліскучага пачатку дзяржаўнай кар’еры і бунтарскіх гадоў эміграцыі менавіта на Гродзеншчыне, у Залессі, што каля Смаргоні, ён вырашае будаваць уласную сядзібу. 



Жывучы тут, Агінскі прысвячае радзіме сваіх продкаў усе душэўныя і жыццёвыя сілы: адным з першых займаецца пытаннем разняволення мясцовых сялян, дамагаецца змяншэння падаткаў, закладвае асновы адукацыйнай сістэмы Маладзечна, засноўвае Віленскае таварыства дабрачыннасці і друкарскае таварыства, распрацоўвае праект нацыянальнага тэатра. Урэшце, рыхтуе «Мемарыял» — патрыятычны дакумент, скіраваны на атрыманне аўтаноміі былых земляў Вялікага Княства Літоўскага.

Акрамя таго, з цягам часу сядзіба Агінскага атрымлівае назву «Паўночныя Афіны», бо становіцца адным з найбольш вядомых інтэлектуальныx і культурныx цэнтраў краю. Тут абмяркоўваліся палітычныя навіны, праслухоўваліся новыя музычныя і літаратурныя творы. Тут можна было ўбачыць вядомых кампазітараў, мастакоў, вучоных. Некаторыя гісторыкі лічаць, што менавіта тут быў напісаны знакаміты паланэз «Развітанне з Радзімай», які і сёння любімы многімі выканаўцамі і пры-хільнікамі творчасці Агінскага. Існуе нават прыгожае паданне, звязанае з гісторыяй з’яўлення паланэза. Расказваюць, быццам, ад’язджаючы ў Фларэнцыю і назаўсёды пакідаючы Залессе, Агінскі ў смутку сеў за фартэпіяна, запісаў паланэз, а пасля хутка ўскочыў у карэту і паехаў, а ноты засталіся.

У бягучым канцэртным сезоне ансамбль салістаў «Класік-Авангард» Беларускай дзяржаўнай філармоніі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава падрыхтаваў цыкл выступленняў, прысвечаных музычнай спадчыне Агінскага. У час іх не толькі прагучаць агульнавядомыя сачыненні на чале са славутым паланэзам, але будуць асветлены і малазнаёмыя старонкі яго творчасці.  Цыкл уяўляе сабой першую і адзіную ў сваім родзе цэласную, па-глыбленую рэканструкцыю музычнага свету Агінскага,  якая абапіраецца на самыя новыя навуковыя даследаванні жыцця і мастацкай спадчыны кампазітара. 

Першы канцэрт цыкла адбу-дзецца ў Малой зале Белдзяржфілармоніі 11 лютага. Далей за-планаваны выступленні ў Смаргоні, Паставах, Бешанковічах, Маладзечне, а таксама Літве, Польшчы, Італіі і Францыі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter