Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Шмат беларускіх мерапрыемстваў праходзіць сёлета ў суседняй Польшчы

Глыбокая плынь роднай культуры

Зайшла нядаўна ў фэйсбуку на старонку Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве — і пабачыла запрашэнне на выставу “Этна ў сучасным гучанні” студэнтаў Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А. С. Пушкіна. Там жа інфармацыя пра тое, як беларускія дыпламаты ўпарадкоўвалі месцы пахавання савецкіх воінаў на Брудноўскіх могілках Варшавы, пра майстар-клас для дзяцей па вырабе беларускіх гліняных цацак у Цэнтры праваслаўнай культуры імя святых Кірыла і Мяфодзія. І яшчэ на старонцы Культурнага цэнтра Беларусі — цэлы калейдаскоп з разнастайных беларускіх спраў ды падзей.

Дзень беларускай культуры ў адной са школ Варшавы

Вось навіна пра VIII Міжнародны фестываль гістарычных і ваенных фільмаў, які прайшоў у Варшаве. Высокіх узнагарод на ім былі ўдастоены два беларускія рэжысёры студыі дакументальных фільмаў “Майстэрня Уладзіміра Бокуна”: Таццяна Краўчанка за фільм “Варшаўскі рубеж. Беларусы ў Войску Польскім” і Аляксей Раковіч за фільм “Монтэ Касіна. Доўгая дарога дадому”. Першая стужка расказвае пра гісторыю ўдзелу беларусаў у Вераснёўскай кампаніі 1939 года. Другая — пра лёс беларускіх герояў Войска Польскага, якія змагаліся за ўзяцце Рыма, удзельнікаў бітвы пад Монтэ-Касіна. “Палякі памятаюць сваіх герояў Вераснёўскай кампаніі 1939 года, але ж гэта не толькі польская, гэта й беларуская гісторыя, — гаворыць дырэктар Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве Міхаіл Рыбакоў, да якога я звярнулася па каментар. — Для жыхароў Заходняй Беларусі Другая Сусветная пачалася ўжо 1 верасня 1939 года, а 70 тысяч нашых суайчыннікаў змагаліся з нацыстамі з першага дня вайны. Мала хто ў Польшчы пра тое сёння ведае: беларусаў, праваслаўных жыхароў Заходняй Беларусі, не бралі ў польскае войска. Але ж яны, здаралася, самі патрабавалі, каб іх накіроўвалі на фронт. Мужна яны абаранялі Варшаву... Служачы ў арміі генерала Уладзіслава Андэрса, змагаліся за Рым у бітве пад Монтэ-Касіна, за Вялікабрытанію. З матэрыялаў, паводле якіх зняты абодва фільмы, вынікае: беларуская “жалезная” дывізія, “Зубры” (так яшчэ называлі 20-ю пяхотную дывізію), выстойвала і перамагала там, дзе іншыя адступалі. Гэта сапраўды было так! Той жа Андэрс прызнаваў: самыя стойкія салдаты, з якімі яму даводзілася ваяваць, — беларусы”.
Падарункі ў дзіцячы садок у Гайнаўцы 

Дарэчы, фільм “Варшаўскі рубеж. Беларусы ў Войску Польскім” дэманстраваўся і ў час работы беларуска-польскай выставы “Беларусы ў Войску Польскім”, што праходзіла ў Мінску, Брэсце, Варшаве. Гэтая стужка таксама суправаджала экспазіцыі мастацкіх твораў “Бярозы ў культуры славян” нашай супляменніцы ў Польшчы Анеты Скаржынскай.

На старонцы Беларускага культурнага цэнтра ёсць і цікавая інфармацыя пра чарговы набор слухачоў на курсы беларускай мовы. У якасці настаўнікаў запрошаны выкладчыкі кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. “Штогод набіраем новыя групы, — удакладняе Міхаіл Рыбакоў. — Звычайна ж нашы слухачы — палякі, этнічныя беларусы. Мова ім патрэбна для зносін пад час паездак у Беларусь. А сярод выпускнікоў леташняга набору быў і адзін літовец, студэнт-лінгвіст Варшаўскага ўніверсітэта, які вывучаў мову, як кажуць, з навуковай цікавасці”. Усё часцей, па словах Міхаіла, прыходзяць у Цэнтр беларусы з Варшавы, пытаюць: а ці праводзяцца заняткі для дзяцей? І такія могуць хутка з’явіцца, як, дарэчы, і сама беларуская суполка ў Варшаве. Не сакрэт: сёння ў сталіцы суседняй дзяржавы жыве шмат маладых беларусаў. Так што ідэя стварэння беларускай культурнай арганізацыі ўжо збірае энтузіястаў, аднадумцаў.

Міхаіл Рыбакоў паведаміў таксама пра новы праект Беларускага культурнага цэнтра з маладым гісторыкам Віктарам Корбутам: выпуск Турыстычнага даведніка па беларускіх мясцінах Польшчы і польскіх у Беларусі на дзвюх мовах, беларускай і польскай. Былы карэспандэнт газеты “СБ. Беларусь сегодня” піша доктарскую ў Варшаўскім універсітэце, займаецца даследаваннем гісторыі архітэктуры. У час традыцыйнай пазнавальнай праграмы БКЦ і кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта “Беларусь у панараме” Віктар Корбут прэзентаваў найбольш вядомыя беларускія мясціны ў Варшаве. Дарэчы, аднымі з першапраходцаў на новым экскурсійным маршруце сталі юныя пераможцы ўсепольскай алімпіяды па беларускай мове. Праводзіў гісторык на сустрэчы і архітэктурныя паралелі: у некаторых беларускіх будынкаў ёсць прататыпы ў Польшчы — і наадварот. Так, на Чырвоны касцёл у Мінску ў многім падобны неараманскі касцёл Святой Эльжбеты ў польскім Ютросіне. А копіяй Варшаўскіх Лазенак, былой летняй рэзідэнцыі караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, з’яўля­ецца сядзіба беларускіх графоў Умястоўскіх, што ў вёсцы Жамыслаўль Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.  Будынкі-блізнюкі таксама й Фарны касцёл у беларускім Нясвіжы і касцёл святых Пятра і Паўла ў польскім Кракаве. 

Вельмі насычанае бела­рускімі справамі ды імпрэзамі жыццё на Беласточчыне, дзе беларусы — карэнныя жыхары. Часта можна патрапіць там на выступленні прафесійных і аматарскіх музычных гуртоў з Беларусі, тэатральных труп, адкрыццё экспазіцый з беларускіх музеяў. Развіццю культурных стасункаў між краінамі вельмі спрыяюць Амбасады Беларусі ў Варшаве ды Польшчы ў Мінску: толькі ў апошні час доўгатэрміновыя дамовы аб супрацоўніцтве падпісаны паміж Белдзяржфілармоніяй ды Беластоцкай операй і філармоніяй, Беластоцкім драмтэатрам імя А. Вянгеркі ды Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі, Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі ды Падляскім музеем у Беластоку. Ёсць прапановы польскіх калег да айчынных выдавецтваў: прывозіць беларускія кнігі на кірмашы, выставы-продажы ў Польшчу. “І яны будуць карыстацца попытам, — упэўнены Міхаіл Рыбакоў. — Жыхары суседняй краіны сёння вельмі цікавяцца ўсім беларускім”.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 44 (3548), чацвер, 23 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter