Минск
-2 oC
USD: 2.6
EUR: 2.88

Пароход, отреставрированные усадьбы и пpодолжение веломаршрутa: какие сюрпpизы подготовили на Августовском канале в этом сезоне

Глядзіце на канале

Аўгустоўскі канал даўно вырас з «кароткіх штонікаў». З увядзеннем бязвізавага рэжыму на берагі рукатворнай воднай артэрыі накіраваліся тысячы турыстаў. Толькі летась тут пабывала амаль 126 000 гасцей з 70-ці краін. З кожным годам тут расце колькасць падзейных мерапрыемстваў, развіваецца веласіпедны рух, ствараецца інфраструктура для байдарачнікаў і маламерных судоў, адкрываюцца аб’екты грамадскага харчавання і гасціннасці. Чым парадуе наступны турыстычны сезон, на што будзе зроблены ўпор у развіцці канала?

Прагулкі на цеплаходзе асабліва любяць замежныя турысты. 

Усе дарогі адкрыты

Прыярытэтам у развіцці турыстычнай сферы Гродзенскай вобласці застаецца тэрыторыя Аўгустоўскага канала. Літаральна праз месяц, 1 мая, пачне працу сезонны пункт пропуску «Лясная-Рудаўка», які зноў адрые магчымасці перасякаць межы пешаходам, веласіпедыстам і байдарачнікам. Летась гэтым правам скарысталіся амаль 3 000 чалавек. Толькі за адзін сезон мяжу перасекла 407 байдарак і маламерных судоў, 1427 веласіпедыстаў. Цеплаход «Нёман» на Аўгустоўскім канале перавёз 25,5 тысячы чалавек. Працягваецца рэканструкцыя Палацава-паркавага комплексу «Свяцк», сядзібна-паркавага комплексу «Радзівілкі». Больш за 3 мільёны еўра прыцягнута ў 2019 годзе са сродкаў Еўрапейскага Саюза на будаўніцтва дарог у раёне Аўгустоўскага канала.

Намеснік начальніка ўпраў­лення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева кажа пра бачныя змены:

— Відавочныя паляп­шэнні ў такіх ключавых элементах спрыяльнага турыстычнага клімату, як дарогі і транспартная інфраструктура, прыдарожны сэрвіс, гасцініцы і іншыя аб’екты размяшчэння, аб’екты харчавання, гісторыка-культурнай спадчыны, музеі, прыродныя рэсурсы і аграсядзібы. Асаблівую цікавасць у бязвізавых турыстаў выклікае экскурсійнае наведванне Гродна і Аўгустоўскага канала. Значна павялічваецца паток турыстаў у так званы турыстычны сезон: з сярэдзіны красавіка па кастрычнік. Аднак самы вялікі ўсплёск назіраецца падчас правядзення падзейных мерапрыемстваў: адкрыцця турыстычнага сезона на Аўгустоўскім канале, арганізаванага шэсця Дзядоў Марозаў і Снягурак, розных спартыўных мерапры­емстваў і культурных падзей.


Практычна гатовыя да новага турыстычнага сезона прылеглыя да Аўгустоўскага канала гісторыка-культурныя аб’екты. Нарэшце турыстычным кампаніям будзе адкрыты доступ да абноўленага палацава-паркавага комплексу ў Свяцку.

— Унутр пакуль турыстаў запускаць не будуць, аднак ёсць дамоўленасць допуску груп на тэрыторыю парка, — працягвае Таццяна Аляксандраўна. — Экскурсаводы раскажуць гісто­рыю ўнікальнага аб’ек­та, правядуць па парку, пакажуць каскад сажалак. Тэрыторыя акультураная, вонкава палац таксама выглядае проста пышна. І гэта, бадай, самы доўгачаканы аб’ект. Уладальнік сядзібы ў Радзівіл­ках плануе здаць першую чаргу рэкан­струкцыі. Вось і другая кропка для прыпынку на шляху да Аўгустоўскага канала.


Пачатак сезона

Дзякуючы цёплай вясне канал ужо сёння гатовы прымаць першых турыстаў. У зімовы перыяд суднаходная частка цалкам адрамантаваная і ўмацавана, закуплены маторныя лодкі і катамараны. Абнаўленне закранула берагавыя тэрыторыі, шлюзавыя камеры, шматлікія месцы адпачынку. Новаўвядзенні закрануць цеплаход «Нёман». Яго абсталююць аўдыёэкскурсіямі, у тым ліку на замежных мовах. Аб’яўлены тэндар на набыццё яшчэ аднаго плавальнага сродку. У разгар сезона замовіць водныя экскурсіі было практычна немагчыма, таму прынята рашэнне аб куплі яшчэ аднаго «карабліка».

Веласіпедны рух і Аўгустоўскі канал даўно сталі адзіным цэлым. Гродзенская вобласць цесна супрацоўнічае з Падляшскім ваяводствам Польшчы ў сферы турызму, што дае магчымасць фарміраваць паўнавартасныя трансгранічныя турыстычныя маршруты па тэрыторыі Беларусі і Польшчы. Летась распрацаваны і прамаркіраваны трансгранічны веласіпедны маршрут «Аўгуст Вела», выдадзены пашпарт турыста на трох мовах, у які ставяцца пячаткі на кожным шлюзе на ўсім працягу польскай і беларускай частак Аўгустоўскага канала.

Велапрабегі ў раёне Аўгустоўскага канала збіраюць тысячы ўдзельнікаў з суседніх краін.
Фота аўтара

— Сёння гаворка ідзе аб працягу дадзенага маршруту да Белавежскай пушчы, аб’яднаўшы такім чынам знакавыя турыстычныя аб’екты Гродзеншчыны. Таксама з польскім бокам дасягнута дамоўленасць па стварэнні трансгранічнага маршруту «каралеўскі шлях» з Кракава да Вільні праз Варшаву і Гродна з наведваннем Старога замка ў горадзе Гродна. Вельмі хочам правесці ў пачатку траўня адкрыццё веласіпеднага сезона. Для зручнасці велатурыстаў на маршруце абнавілі месцы для сэрвісу веласіпедыстаў, якія будуць уключаны ў карту веламаршрута. Летась створаны мабільны дадатак «Маршруты Аўгустоўскага канала», які змяшчае інфармацыю аб асноўных веласіпедных маршрутах, а таксама выбірае з базы дадзеных аб’екты, якія адносяцца да кожнага канкрэтнага веламаршрута.

Сёлета запланаваны запуск новага мабільнага дадатку «GrodnoR» на базе мабільнага гіда па дарогах Гродзенскай вобласці «М6».

Яшчэ адной кропкай прыцягнення на шляху да Аўгустоўскага канала стануць фарты Гродзенскай крэпасці, пабудаваныя ў 1912—1915-х гадах. Да новага сезона актывісты БРСМ прывядуць у парадак тэрыторыі вакол абарончых збудаванняў. Яны таксама прывабліваюць турыстаў, асабліва адзіны ацалелы № 4, размешчаны як раз каля шлюза «Нямнова». Гэта дазволіць дадаць такія цікавыя аб’екты ў існуючыя турыстычныя маршруты.

Да новага сезона сфарміраваны штогадовы каляндар найважнейшых турыстычных падзей Гро­дзеншчыны на трох мовах.

kondratsieva@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...