Глядзіце і натхняйцеся

Мінскі кінафестываль “Лістапад” пачнецца з прызнання ў любові Пецярбургу
Многія дэталі кінафоруму пакуль трымаюцца ў сакрэце. Аднак ужо дакладна вядома, што XXIII Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” пройдзе з 4 па 11 лістапада пад слоганам “Насустрач натхненню”.

Журы конкурсу ігравога кіно ўзначаліць леташні намінант на прэмію “Оскар” грузінскі рэжысёр Заза Урушадзэ.



Кадр з навелы Рэнаты Літвінавай “Сны Іосіфа”

А адкрые фестываль расійскі кінаальманах “Пецярбург. Толькі па любові”. Гэта сем гісторый аб спатканнях з асаблівым горадам ад сямі расійскіх рэжысёраў-жанчын. Рэната Літвінава зняла паэтычную гісторыю-сон пра Іосіфа Бродскага. Ганна Пармас з гумарам і цеплынёй распавяла пра жыццё адзінокай Тані, якая чакае нараджэння дачкі. Аксана Бычкова — аўтар навелы пра тое, як раннім восеньскім ранкам “паэт сустрэў музу”. Аксінні Гог належыць гісторыя няўдалага самагубства маладой дзяўчыны Марго. Наталля Кудрашова стварыла казку пра цуды на знакамітым Анічкавым мосце, якія адбыліся з экскурсаводам Марынай. Гераіня Наталлі Назаравай — звычайная жанчына з тыповымі бытавымі праблемамі. А Аўдоцця Смірнова падзялілася лірычна-камічнымі прыкладамі таго, як дзяўчаты шукаюць сваю другую палавінку. Арыгінальныя сюжэты, зорны акцёрскі склад і велічную архітэктуру горада белых начэй беларускія гледачы змогуць убачыць у першы дзень фестывалю “Лістапад” у сталічным кінатэатры “Масква”.

Вядома таксама, што за прыз конкурсу нацыянальных кінашкол форуму пазмагаюцца рэжысёры з сямі краін. Удзельнічаць у ім маюць намер Майстэрня дакументальнага кіно Сяргея Букоўскага, Кіеўская нацыянальная кінашкола ўніверсітэта тэатра, кіно і тэлебачання імя Карпенкі-Карагі, Маскоўская школа новага кіно, Ізраільская школа САПІР, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Міжнародная кінашкола DOC NОMANDS, навучанне ў якой праходзіць у Партугаліі, Бельгіі і Венгрыі, а вучацца там студэнты з усяго свету.

Нагадаем, што конкурс нацыянальных кінашкол праводзіцца з 2012 года. За гэты час было паказана больш як паўсотні фільмаў студэнтаў і выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, Расіі, Эстоніі, Грузіі, Польшчы, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Чэхіі, Даніі, Італіі, Фінляндыі. Конкурс задумваўся як вялікі майстар-клас, у час якога студэнты знаёмяцца, абмяркоўваюць работы адзін аднаго, сустракаюцца з мэтрамі кіно.

Як і на мінулым форуме, праграма маладога дакументальнага кіно ўключае работы пачынаючых аўтараў, якія закранаюць шырокі спектр тэм.

У прыватнасці, гледачы ўбачаць музычны фільм аб жыцці “сучаснай Эдзіт Піяф” са Страсбурга, яркія ізраільскія гісторыі пра сапраўднае сяброўства і цяжкасці жыцця афрыканскіх бежанцаў, візуальна-паэтычнае разважанне аб узаемаадносінах чалавека і фаўны, шчымлівы ўспамін аб родным доме і сям’і, пакінутай з-за ваенных дзеянняў у Данбасе, і многае іншае. Паказы стужак пройдуць 5—7 лістапада на асноўнай пляцоўцы дакументальных праграм форуму — у кінатэатры “Мір”.

Людміла Мінкевіч

mila@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter