На Гомельшчыне выяўлены праблемы са зрокам у 36% вясковых школьнікаў, у 60% з іх — упершыню

Глядзі ў корань

Гэта вынікі першага этапу дабрачыннага праекта «Я бачу!», які ладзяць Беларускі дзіцячы фонд і адзін з мабільных аператараў. За два месяцы дзве брыгады афтальмолагаў наведалі сельскія школы пяці раёнаў. З пачаткам новага навучальнага года стартаваў другі этап праекта, на чарзе яшчэ 9 раёнаў, у якіх медыкі вы-светляць, каму са школьнікаў патрэбна дапамога. Карэспандэнт «Р» разам з мазырскай брыгадай афтальмола-гаў наведала аграгарадок Баравое.

Медыкі не шкадуюць часу на падрабязнае абследаванне кожнага школьніка

Мікрааўтобус са спецабсталяваннем спыняецца каля школы ўжо другі дзень запар. Тут вучацца 127 дзяцей, увагу трэба ўдзяліць кожнаму. Праект «Я бачу!» робіць афтальмалагічную дапамогу больш даступнай. Баравое не так далёка ад райцэнтра  — да Лельчыцаў каля 25 кіламетраў. Аднак знайсці час, каб давезці дзіця да доктара, атрымліваецца не ва ўсіх бацькоў. Як вынік — школьнікі з сельскай мясцовасці радзей звяртаюцца па дапамогу і, здараецца, нясвоечасова атрымліваюць лячэнне.

Шасцікласніца Рыта ў акулярах ходзіць ужо два гады, аднак нядаўна адзіная пара зламалася. Новыя заказалі ў Лельчыцах, каб забраць іх, патрэбны час, а пакуль дзяўчынка жмурыцца, імкнучыся разгледзець штосьці на дошцы. Рыта праходзіць праверку разам з астатнімі, хоць пра свае праблемы са зрокам ведае. У адрозненне ад многіх іншых дзяцей. Розныя паталогіі  зроку падчас правядзення акцыі выявілі амаль у 36% правераных вучняў, больш чым у 60% выпадкаў пра свае хваробы дзеці пачулі ўпершыню. Найбольш часта сустракаліся такія дыягназы як спазм акамадацыі, міяпія, астыгматызм. Больш чым трэці школьнікаў са зніжаным зрокам спатрэбіліся акуляры.
Ш і Б маленькія пацыенты шукаюць з дапамогай спецпраектара

— Зараз дзеці раней пачалі насіць акуляры, — каменціруе статыстыку афтальмолаг Мазырскай гарадской дзіцячай бальніцы Алена Чайка. — Камп’ютары, тэлефоны, планшэты. Часта бацькі і настаўнікі нават не заўважаюць, што дзіця бачыць далёка не ўсё.

Пра тое, што такі праект патрэбны, гаворыць наступны выпадак: падчас аднаго з даследаванняў у школьніцы знайшлі перыферычную дыстрафію сятчаткі вачэй, тэрмінова прыйшлося накіроўваць яе ў Гомель і рабіць аперацыю.

Алена Сяргееўна вяртаецца да агляду. На ўзбраенні медыкаў прадастаўлены арганізатарамі шэраг апаратаў перадавой тэхнікі. Нават Ш і Б маленькія пацыенты шукаюць не на кардоне, а з дапамогай спецпраектара.

Сямікласнік Ягор паслухмяна замірае, калі на яго накіроўваюць аўтарэфрактар. Гэты прыбор вымярае адлегласць паміж зрэнкамі, параметры рагавіцы, вызначае пэўныя паталогіі.

— Па гэтых лічбах можна адразу паставіць дыягназ, — праводзяць міні-майстар-клас медыкі. Мінусавыя значэнні — блізарукасць, плюсавыя — дальназоркасць. Калі паказвае нуль, пацыент здаровы.

Праўда, такія паказчыкі яшчэ раз пераправяраюцца  «ручным» метадам. Алена Чайка правярае вочы Ягора праз спецыяльныя лінзы, прымушаючы яго глядзець па чарзе ў розныя бакі. Забяспечылі медыкаў і партатыўнай шчыліннай лямпай — варыяцыяй масіўнага сур’ёзнага прыбора, які звычайна займае пачэснае месца ў кабінеце афтальмолага. Яго проста так з сабой не павозіш, а пры дапамозе гэтага невялікага аналага на месцы можна пагля-дзець рагавіцу, пярэднюю камеру вока, выявіць, напрыклад, катаракту ці кан’юнктывіт.

— Калі ў нас узнікаюць падазрэнні пра наяўнасць пэўнай праблемы, — працягвае Алена Сяргееўна, — мы закапваем спецыяльныя лекі і праводзім абследаванне яшчэ раз. Цікава, што ў сельскай мясцовасці не ўсе бацькі даюць дазвол на гэта, нечага баяцца.

Ягор усе выпрабаванні  праходзіць упэўнена — праблем са зрокам у хлопца ніколі не было. І на гэты раз ён горда прымае даведку з адзнакай «Здаровы» і з задавальненнем дае рэкамендацыі:

— Я раблю ўсялякія практыкаванні, вочы заплюшчваю на пэўны час, бацькі гавораць доўга не сядзець за камп’ютарам, не гуляць на тэлефоне.

На ўзбраенні медыкаў усё магчымае мабільнае абсталяванне

Гэтай школай афтальмолагі ў цэлым задаволены. Разам  з тым працы брыгадзе, па словах старшага рэферэнта абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Галіны Ермаковай, хопіць да канца года:

— Зараз абследаванне праходзяць Брагінскі і Лельчыцкі раёны, на чарзе Ветка, Добруш, Лоеў, Чачэрск, Петрыкаў, Акцябрскі і Хойнікі. Агульная колькасць дзетак, у якіх правераць зрок да канца года, складзе 14 тысяч чалавек.

valchencko@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter