Гляджу: а з лункi валiць, як сам харомiна… шчупак

Што  здараецца  на  лёдзе,  калi  адмiральскай  гарбаты  багата,  а  Буслiк  становiцца  Дзятлiкам

Што  здараецца  на  лёдзе,  калi  адмiральскай  гарбаты  багата,  а  Буслiк  становiцца  Дзятлiкам

Першага лёду чакаеш, а любы рыбак-зiмнiк гэта   пацвердзiць, як першага спаткання з дзяўчынай. Адна толькi рознiца, што, iдучы на спатканне, думаеш: прыйдзе твая каханая цi не прыйдзе, а калi на рыбалку — лёд стане цi не стане? Усё астатняе — эмоцыi, перажываннi, роздумы i бяссонныя ночы — адзiн да аднаго. Колькi ж разоў яно так было — дзень-два прыцiскае ладны марозiк, ты апантана перабiраеш вудачкi i мармышкi, спадзеючыся яшчэ праз якi дзень ступiць на той лёд, аж, на табе, раптам на тэрмометры трывалы плюс, i адно, што застаецца, спадзявацца на лепшае.

 Гэтым, дакладней ужо тым, годам лёд, дзякуй богу, стаў адразу i паўсюдна. А першалёддзе, i гэта таксама вядома ўсiм, час, калi патрэбна лавiць шчупака на стаўкi i акуня на блясну. Вось таму мы ўтрох i аказалiся нядаўнiм марозным сонечным дзяньком на ладным азярцы ў сотнi кiламетраў ад сталiцы.

Я, калi па шчырасцi, зусiм не аматар такой лоўлi. Бо, да прыкладу, пакуль паставiш тыя стаўкi, то рук ужо не адчуваеш — вада, халера на яе, дужа халодная, а паласкацца ў ёй трэба. З акунём тлуму не менш — каб знайсцi таго паласатага чорта, трэба не адзiн дзесятак лунак прасвiдраваць, а гэта, хоць i буры зараз выпускаюць добрыя, i лёд зусiм нават не паўметра, тая яшчэ праца. Прычым  прамой залежнасцi магчымага ўлову ад колькасцi лунак i блiзка не назiраецца — бывае, што з адной цягаеш гарбыля за гарбылём, а бывае, з паўсотнi iх уловiш аднаго акунька ў званнi малодшага матроса.

Яно ўсё так, але ж, па-першае, адмовiцца ад магчымасцi ступiць на першы лёд — гэта грэх амаль незамольны, а па-другое, баявыя сябры-хаўруснiкi Сашка i Талян, з якiмi не адзiн пуд рыбы злоўлены, ужо б’юць капыццямi (у сэнсе, што абрываюць тэлефон), нiбы старыя палкавыя адрыны, што раптам зноў пачулi гук баявой трубы. Паехалi, карацей кажучы. Паставiлi, трасца на iх, тыя самыя стаўкi ў надзеi, што шчупакi-тубыльцы чэргi займаць будуць, каб схрумкаць ста­лiчнага карасiка-жыўца. Нам, вядомая справа, нiчога не застаецца рабiць, як чакаць гэтага моманту — будзе паклёўка, спрацуе няхiтры механiзм, загарыцца чырвоны, здалёк бачны на бялюткiм снежным покрыве сцяжок.

Пакуль такога няма, iдзём на акуня. Свiдрую добрых дваццаць лунак на запас, адсопваюся i падыходжу да першай. Апускаю ў ваду блясну i пачынаю рытмiчна махаць вудай. Раз, два... пятнаццаць, хвiлiна, другая... пятая — нi гу-гу. Падыходжу да другой, мяняю блясну на балансiр, раблю тое самае — марны лёс. Iду да трэцяй, узбройваюся «балдой» — нiц нема, пан. Атабарыўся, ужо з «чортам», ля чацвёртай — што савой аб пень, што пнём аб саву. Касавуруся ў бок сяброў, прыходжу да высновы, што i ў iх тое самае. Цiхенька знiмаюся з месца, зашываюся ў недалёкую чаротавую «пазуху», свiдрую адна ля адной дзве лункi, шчодра падсыпаю ў iх прыкормку, дастаю дзве вуды з адмысловымi мармышкамi. Плотку, значыць, падлешчыка i iншую гусцяру лавiць буду. Вось гэта мне вельмi нават даспадобы — сядзiш сабе на скрынi, пiльна сочыш за паплаўком цi кiўком, каб не праваронiць той хвалюючы момант, калi цi той, цi другi тарганецца, iмгненна зрабiць падсечку i адчуць там, на другiм канцы лескi, прыемны цяжар. I нават калi клёў не надта — не бяда: можна проста лiшнi раз глянуць на недалёкi, увесь засыпаны пульхным снегам i такi ад гэтага таямнiчы лес, паназiраць, як раз-пораз успыхваюць на снезе сонечныя iскрынкi, ды проста на ўсе грудзi ўдыхаць цудоўнае, напоенае марозам паветра. Ну а калi клёў, як кажуць, атамны, тады ўжо не да гэтага — азiрнуцца не паспееш, як ужо падкралася цемра, i ты з жалем i шкадаваннем адрываешся ад цудоўнейшага ў свеце занятку.

На гэты раз было падобна, што падзеi будуць развiвацца якраз па апошнiм сцэнарыi: першая рыба клюнула, як толькi мармышка са смачным (сам бы еў) бурштынавым матылём лягла на дно. I быў гэта ладны... акунь. Яшчэ адна паклёўка — яшчэ адзiн акунь. Праз нейкiх пяць хвiлiн, вось дык дзiва, на лёдзе iх ляжала ўжо добры дзесятак. «Ага, мусiць, на прыкормленае месца сабралася розная рыбiная малеча, а паласатыя прыйшлi на iх папаляваць», — мiмаходзь падумаў я, але развiваць думку i разбiрацца, што да чаго, не было часу: клявала так, што адну вуду я кiнуў, бо не спраўляўся.

— Ой, браце, можна я з тваёй лункi палаўлю? — лагодна так запытаўся, падкраўшыся да мяне, нiбы здань, Сашка.

— Бяры ў арэнду, кожная другая рыбiна — мая, — нi на хвiлiну  не адрываючыся ад асноўнага занятку, прамармытаў я.

Сябар ўладкаваўся побач i праз хвiлiну выцягнуў такога акуня, што я адразу ж паўшчуваў сабе за празмерную лагоднасць i дабрыню. Тым больш што другой, гэта значыць маёй, рыбкай аказаўся ёршык такога памеру, што застрэлiцца б i не жыць. Трэцiм зноў быў акунь, не такi ўжо вялiкi, як першы, але ладны. Чацвёртым (маiм, значыць) — таксама акунёк, ды такi, якiх тузiн у запалкавы карабок улезе. Я зверам гляджу на Сашку, той робiць выгляд, што яго гэта нiякiм бокам не тычыцца, выцягвае сабе сапраўднага гарбыля, а мне праз хвiлiну кiдае нейкае смаркатае ершавiнне. Я хапаю чэрпалку i iду на сябра, а той трымаецца за жывот i заходзiцца ад смеху. Праз iмгненне на снег валюся я, i мы рагочам так, што аж у роце холадна робiцца.

— Што гэта вы, абiбокi, рыбу пужаеце, га? — раптам прагучаў над намi гулкi бас Таляна.

— Ты, Толiк, памятаеш, як Папандопала рызманы дзялiў: гэта мне, гэта зноў мне.... Вось паглядзi на яго нашчадка, — паказваю яму на Сашку, якi зноў пакацiўся ад смеху.

Талян, калi даведаўся, што тут адбывалася, з задавальненнем далучыўся да яго. Я, глянуўшы, як дарослыя мужыкi валяюць дурня амаль у лiтаральным сэнсэ слова, толькi плюнуў.

Павесялiся, трасцу нам у бок. Рыбу распудзiлi ўсю. Паласатая зграя адкачавала некуды далей,  але з часам стала, праўда, рэдка i надзвычай далiкатна, паклёўваць плотка. Працэс няспешны, ёсць магчымасць не толькi адсапцiся ад нядаўняга экстрыму, але i пагаманiць пра тое-сёе.

А пагаманiць ёсць пра што. Бо кампанiя наша, як кажуць нашы заходнiя суседзi, хоць i «не велька, але бардзо пажондна». У тым сэнсе,  што народ цiкавы. Узяць таго ж Таляна. Ён сапраўдны «новы беларус», немалога кшалту бiзнесмен. Можа дазволiць сабе i сафары дзе-небудзь у афрыканскай саване, i экзатычную марскую рыбалку. Можа, але не хоча. Колькi год ужо запар ловiць ляшча на адным «сакрэтным» возеры, выязджае на Прыпяць па шчупака.  Праўда, апошняя наша там рыбалка была дзiўнай, калi не сказаць болей. Скажыце, як можна кiдаць спiнiнгам блясну i лавiць на яе замест шчупака... ляшча? Таляну гэта ўдалося. Прычым тройчы, i гэта прымусiла нас добра пачухаць патылiцы — што гэта за ляшчы такiя дурныя пайшлi, што бакацiны свае пад шчупаковыя трайнiкi падстаўляюць? Ну а калi мы сталi ў добра вядомым нам месцы «джыгаць» гумовымi вiбра­хвастамi судака i Талян зноў злавiў ляшча, Сашка  з гэтай нагоды выказаўся ёмка i коратка:

— Багатаму чорт i дзяцей калыша.

Добры, адным словам, Талян рыбак. Але пакуль стаў iм, многа лiшнiх грошай выкiнуў. Бо чалавек ён, у што цяжка паверыць, ведаючы, што ўдала варочае немалымi капiталамi, надзвычай даверлiвы i «развесцi яго на бабкi» не праблема. Аднойчы ён хвалiўся перад намi блёснамi з... пахам напуджанай рыбы. Другiм разам гэта былi ўжо блёсны са... стразамi ад Свароўскi. Потым яму «ўпарылi» воблер коштам ледзь не ў трыста даляраў. Закончылася гэта ўсё тым, што ў магазiны яго стаў вадзiць i «вiзiраваць» пакупкi Сашка.

Але Талян не быў бы Талянам, каб па сваёй прастаце душэўнай не ўтварыў бы яшчэ чаго. Вось i зараз, зняўшы чарговую плотку з кручка, расказвае:

— Абстаўляю новую кватэру. Колькi грошай ўсадзiў на паркет, сантэхнiку, кандыцыянеры — страх божы! Усё, здаецца, добра, але ж сцены голыя. Надумаў купiць колькi карцiн, i каб на iх усё было рэальна, як на фотаздымках. Парэкамендавалi аднаго мастака, схадзiў да яго ў майстэрню, карцiны ўпадабаў i, вiдаць, даў маху.

— Што, зноў пераплацiў? — узбурыўся Сашка.

— Не, я толькi спытаўся.

— Што ты там яшчэ спытаўся? — нервуецца сябар.

— Колькi каштуе квадратны метр жывапiсу.

У наступнае iмгненне смехам грымнула ўсё возера — на марозе, ды яшчэ калi няма ветру, словы разносяцца далёка, а мы не заў­важылi, што рыбачкi пакрысе падцяг­нулiся да нашых уловiстых лунак.

Талян, пачуўшы такое адна- i моцнагалосае пацвярджэнне таго, што ён i сапраўды «даў маху», пакрыўджана засоп i на некаторы час з гаворкi выключыўся. Але чаго маўчаць, калi ўсё — цудоўнае надвор’е, добрая кампанiя, шклянка адмiральскай гарбаты, у якой каньяку намнога больш апошняй, — спрыяе шчырай мужчынскай гутарцы. Пра жанчын, напрыклад. Тым больш што ў гэтай жаноча-сямейнай сферы ў нас свой спяцуга — не так даўно Саша памяняў старую жонку на маладую, нарадзiў сына i ахвотна ўсiм расказвае пра сваю новую жытку. Мы слухаем яго з задавальненнем, бо пляце свае расказы ён адмыслова, але ж усяму ёсць мера. Таму, калi Сашка стаў даводзiць, што першае слова, якое вымавiў яго Сцяпанка, было «падсякай», я рашуча запратэставаў:

— Сашка, не свiсцi, нi клёву, нi грошай не будзе.

— Не верыш? — пакрыўдзiўся той. — Зараз Настульцы патэлефаную, яна пацвердзiць.

Я спрабаваў давесцi сябруку, што званiць жонцы пасля адмiральскай гарбаты не тое, што рызыкоўна, але абсалютна немэтазгодна, але той ужо тыцкаў пальцам у мабiльнiк i сцвярджаў, што Буслiк (так Сашка ласкава называе сваю Настульку) пацвердзiць яго словы.

— Алё, Буслiк! — ласкава i бадзёра пачаў ён. — Скажы, даражэнькая...

Што даражэнькая адказала каханенькаму, засталося невядомым, толькi вось Сашкаў твар з кожнай хвiлiнай i кожным пачутым словам станавiўся ўсё больш задуменным i разгубленым.

— Цiкава, — здзiўлена працягнуў ён, закончыўшы гаворку. — Нiколi не думаў, што Буслiк так хутка можа ператварыцца ў Дзятлiка.

— Якога яшчэ такога Дзятлiка? — спытаўся Талян.

— Таго, што галаву дзяўбе, — прызнаў сваё паражэнне на сямейным фронце Сашка.

— Ай, Сашка, не бяды, я вунь чацвёрты раз жанаты, i нiчога, — як заўжды «ўдала», паспрабаваў супакоiць сябра Талян, за што i атрымаў добрага кухталя ў бок.

Талян адказаў на гэта класiчнай падсечкай у стылi ўсходнiх адзiнаборстваў, я за Сашку заступiўся, i пачалося. Вы бачылi калi-небудзь, каб дарослыя, сур’ёзныя мужыкi дурэлi, як маладыя шчаняты, кулялi, валялi, валтузiлi адзiн аднаго, кiдалiся снежкамi i пiхалi снег за каршэнь? Разляталiся ў бакi скрынi, хрускалi пад цяжкiмi шыпованымi ботамi вуды, паляцеў у лунку, бы бiльярдны шар у лузу, тэрмас з рэшткамi таго самага адмiральскага напою, дзе-нiдзе i лёд ужо стаў пагрозлiва трашчаць. Колькi часу гэтыя мужчынскiя гульнi на свежым паветры доў­жылiся б, невядома, калi б не чыйсьцi гучны крык:

— Мужыкi, ваша стаўка «гарыць»!  

Мы перапынiлi валтузню, пабачылi, што гэта сапраўды так, i подбегам прыпусцiлi да спрацаваўшай снасцi. Шчупак там, у вадзе, быў, мы на свае вочы бачылi, як размотвалася шпуля. Цягнуць яго даверылi Сашку. А самi сталi даваць парады: адзiн раiў цягуць як мага марудней, другi — наадварот, i гэтак далей. У вынiку Сашка падвёў ладнага шчупака да самай лункi, мы нават пабачылi яго драпежную пашчу. Толькi вось вылазiць з вады жадання ў яго не было нiякага — ён уважлiва на нас паглядзеў, патрос галавой (мне нават падалося, што ён сказаў: «А iдзiце вы, мужыкi, падалей!»), выплюнуў перапуджанага карасiка i пайшоў сабе далей.

Стаiм, маўчым. Талян гучна керхае, задуменна глядзiць на нас i раптам выдае:

— А што, мужыкi, мы сюды за рыбай прыехалi?

I сапраўды, няўжо толькi за ёй? Канешне, не. I мне, i маiм сябрам шкада тых людзей, якiм важны вынiк, а не сам працэс. Рыбiну гэтую, калi на тое пайшло, i ў краме купiць можна, а добры настрой, бадзёрасць, адчуванне сваёй еднасцi з прыродай — нiдзе i нi за якiя грошы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter