Глядзі і здзіўляйся

Хараство нашай прыроды дзейнічае на чалавека не горш за іншыя лекi

Ціхае і непаўторнае хараство нашай прыроды дзейнічае на чалавека не горш за іншыя лекi

Як толькі заходжу ў лес, мяне адразу ахоплівае творчы настрой, і ўсё, што бачу вакол, успрымаю вачыма і душой зачараванага лірыка. І ўжо дрэвы, кусты для мяне — не проста сосны, яліны, бярозы, ляшчыны, а жывыя істоты, якім магутная і мудрая прырода дала талент тварыць розныя з’явы, каб здзіўляць і радаваць людзей. Лес зачароўвае, натхняе, заспакойвае, вучыць любіць і разумець прыродную прыгажосць, дае мноства тэм і нагоды для глыбокага роздуму, хто мы на нашай роднай зямлі, ці ўмеем яе па-сапраўднаму цаніць і берагчы. Такія ўрокі знаходзiш часта ў самым звычайным, якое сустракаецца ў лесе на кожным кроку. Але ж варта толькі прыглядзецца да гэтага больш уважліва, пранікнуцца да яго сваім пачуццём, і зразумееш: ты апынуўся ў цудоўным царстве, імя якому лес, і лічы сябе шчаслівым.

Зялёная пасцель

Чым, напрыклад, можа здзівіць самая звычайная яліна, другая па значэнню хвойная парода ў беларускіх лясах? Ёй даспадобы нізкія мясціны, дзе шмат вільгаці. А вось ля нашай вёскі яліны аблюбавалі сабе вялікі пагорак, дзе расце шмат рабіны, арэхаў, шыпшыны, які летам пакрыты мноствам самых розных кветак, увесь ажно звініць ад птушыных спеваў.

Яліны растуць тут і дружнымі сем’ямі, і ў адзіночку. Ім вельмі прывольна. Таму і выдаліся тыя, што асобна, разлапістыя і моцныя, галіны кожнага дрэва надзвычай густыя. Я спыніўся каля адной такой, бо ўбачыў нешта асаблівае. Самыя ніжнія цяжкія галіны, даўжынёй метраў каля чатырох, ляжалі на зямлі. Галіны настолькі густыя, што нагадваюць сабой, што б вы думалі? Зялёную пасцель пад ялінай, дбайна прыгатаваную, даволі шырокую і прыгожую. Яе краі перапляліся сакавітай травой і кветкамі, ад якіх разліваецца густы духмяны водар. Яшчэ ў паветры і пах смалы, гэта ўжо ад самой яліны.

Ах, якая незвычайная пасцель, адмыслова і таленавіта сатканая матухнай-прыродай. Гляджу на яе, і мне здаецца: вось-вось з густой кроны яліны вылезе, як у той казцы, дзед-лесавік і строга спытае: «Хто тут ходзіць ля маёй пасцелі? Хто не дае мне спакойна дажываць маю старасць?» Потым ляжа на гэтую пасцель, укрыецца верхнімі галінамі, каб яго ніхто не бачыў, і будзе спакойна спаць.

Фантазія аўтара, мо скажуць некаторыя чытачы. Хай будзе так. Але ж без фантазіі наша жыццё было б куды менш цікавым і бедным. Тым больш, калі мы сустракаемся з прыродай, якая па свайму «характару» такі фантазёр, што нават чалавеку цяжка спаборнічаць з ёю.

Елачкі-сястрычкі

На схіле пагорка — мноства малюсенькіх ёлачак, ростам сантыметраў па 15—20. Яны проста ўсыпалі зямлю, такой з’явы раней ніколі я не бачыў. Усё зразумела: побач узвышаецца магутная яліна, я часта любуюся, калі ва ўраджайныя гады вяршаліна і галіны гэтага дрэва густа ўвешаны шышкамі. Іх бывае так многа, што дрэва ўверсе набывае карычневы колер.

Што ж, яліне надта хочацца мець вялікае патомства, таму і гадуе так многа шышак. Калі вясною тут гуляе вецер, яліна прыветна, быццам ад радасці, махае сваімі галінамі. І ёсць на тое добрая падстава: вецер якраз дарэчы, ён выдзьме са спелых шышак лёгкае крылатае насенне і клапатліва разнясе яго па ўсяму наваколлю.

Канешне, шмат насення ўпадзе тут, побач са старой ялінай-маці. І праз некаторы час праклюнецца з зямлі проста здзіўляючае мноства кволенькіх парасткаў, пачнуць сваё жыццё. Большасць іх загіне па розных прычынах, тыя, што вытрымаюць, будуць расцi марудна і на пачатку свайго жыцця кожны год набіраць усяго па некалькі сантыметраў. Праўда, потым, быццам схамянуцца, пайдуць хутка даганяць упушчаны час і да 80—100 гадоў вымахаюць пад 35 метраў. Тады людзі могуць смела, без шкоды выкарыстоўваць яліну для сваіх патрэб. Але ж 80—100 гадоў — час немалы, гэта значна больш, чым сярэдняя працягласць чалавечага жыцця.

А зараз я гляджу на гэтых шматлікіх дзетак, што дружна трымаюцца ля сваёй маці. Вельмі нагадваюць яны вывадак маленькіх гусянят. І кволенькія іх пушыстыя галіны — бы гусянятавыя крыльцы. Злёгку кранаю іх — ігліца мяккая, пяшчотная, а самі як тыя сястрычкі, на дзіва прыгожыя, вясёлыя, бы гарэзы…

Чмель у палоне

Крочу па знаёмай лясной сцяжынцы, і нейкая трывога на сэрцы. Некалькі дзён назад разышлася моцная бура, магла натварыць у лесе бяды. Так і ёсць: упоперак сцяжынкі ляжыць агромністая яліна, яе вывернуў з зямлі шалёны вецер. Дзякуй Богу, крыху пашанцавала: дрэва падала на густыя кусты ляшчыны, яны крыху яго і затрымалі. І хоць некаторыя, ахвяруючы сабой, зламаліся пад цяжкай ялінай, затое яна не рухнула поўнасцю на зямлю, павісла на ляшчыне.

І тут бачу: яліна цвіце. Бязлітасная злая бура не пазбавіла яе прагі да жыцця, за яго дрэва змагаецца, як можа. А мо ўсё ж не памрэ, бо вывернута яліна не поўнасцю, некаторыя карані засталіся ў зямлі, значыць, хоць крыху, але ж атрымае паваленае дрэва сокаў, як цяжка паранены чалавек лекаў. І можа, будзе жыць гэтая яліна, вось толькі ці доўга, гэта ўжо як наканавана ёй лёсам.

А што гэта карабкаецца сярод яе шышак? Чмель. Прыляцеў на пах яліны, што цвіце, сеў на шышку, а яна, разагрэтая гарачым сонцам, пусціла столькі смалы, што чмель і прыліп. Валтузіцца бедны, ды смала трымае моцна, чмель ужо выбіўся з сіл. Што, загінуць у такі цудоўны дзень? Я бяру чмяля пальцамі, асцярожна вызваляю яго з такога небяспечнага палону. Ён сядзіць у мяне на далоні, спрабуе паўзці. Атрымліваецца. Трымаю чмяля на далоні і выходжу з лесу на шырокі луг. Тут шмат кветак, выбіраю самую буйную, якая аж свеціцца ад сонца, апускаю на яе чмяля. Няхай у прывычным для яго асяроддзі падсілкуецца нектарам, глядзіш, і дабярэцца дамоў…

«Во, сунічка паспела»

Праз луг вядзе сцяжынка, бы той паясок на шырокай квяціста-зялёнай сукенцы. Потым зноў пайшлі маладыя яліны, але ж сцяжынку яны не засланяюць, пакінулі ёй досыць месца, каб тут было светла і прасторна. Трава абапал не густая, яе наскрозь прабірае гарачае сонца. Там і сям выглядаюць кусцікі, на якіх вісяць маленькія ягадкі. Гэта суніцы, яны любяць менавіта такое сонца, ласкавае і цёплае, і некаторыя крыху падрумяніліся, быццам загарэлі.

Насустрач мне ідзе жанчына з дзяўчынкай, якой на выгляд гадкоў восем. Яны з суседняй вёскі, крочаць нетаропка, дзяўчынка ўважліва глядзіць на траву, нешта ў ёй шукае. Вось нагнулася і радасна крычыць:

— Мама, глядзі, сунічка паспела! Я ўбачыла яе.

Жанчына прыпынілася, глядзіць на далонь дачкі і кажа:

— Сапраўды. Ну, малайчына Кацька, і як ты яе выглядзела!

Мы якраз сустракаемся.

— Дзядзечка, во, сунічка паспела, — і дзяўчынка працягвае мне сваю маленькую далонь. На ёй ляжыць чырвоная кропелька духмянай ягады. Мне здаецца, што гэта добрае прывітанне дзяўчынцы, якая прыехала ў вёску з горада, і ад сонца, і ад лета, і ад духмянага лугу…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter