Чаму каштоўныя вынаходніцтвы вясковых рацыяналізатараў незапатрабаваны

Глуха, як у банцы

ГАДЫ два таму давялося пабываць у ААТ “Лявонішына” Верхнядзвінскага раёна — гаспадарцы, якая на працягу доўгага часу плённа займаецца вырошчваннем другога хлеба. Там мне і параілі вядомага бульбавода, кавалера ордэнаў Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга Аляксандра СЛЯМНЁВА. 



ЁН ДАБІВАЎСЯ фенаменальных вынікаў яшчэ і па той прычыне, што быў плённым вынаходнікам і рацыяналізатарам: механізаваў засыпку бульбы ў пасадачны агрэгат, зрабіў прыстасаванне, якое дазволіла з кабіны трактара  ўпраўляць аперацыямі на прычапным камбайне, а таксама агрэгат, што пераварочвае кантэйнеры з бульбай.

Апошнія пэўны час былі для гаспадаркі сапраўднай праблемай. Загружаны кантэйнер важыць 400 кілаграмаў. З бульбасховішча яго вывозілі на кары, а высыпаць клубні наймалі двух моцных мужыкоў. Для падрыхтоўкі тары да ўборачнай даводзілася прыцягваць цэлыя брыгады. Зімой гэтай работай займаліся механізатары, а вясною — шэфы. Кожны дзень па 10 чалавек і больш. Па-першае, трэба было заплаціць людзям. А па-другое, колькі матэрыялу ішло?! Двух “МАЗаў” лесу ледзь хапала... І самае галоўнае — час. Вясною, у дзень пасадкі бульбы, трэба было выгрузіць уручную 60—70 тон клубняў. Работа ў полі стрымлівалася, праходзілі лепшыя тэрміны пасадкі.

І вось усе гэтыя праблемы вырашыў адзін чалавек — Аляксандр Слямнёў.

Эфект у грашовым выражэнні выдатнейшы. Сёння рамонт аднаго кантэйнера абыходзіцца ў сярэднім у 100 тысяч рублёў. За паўтары тысячы штук, што мае гаспадарка, трэба было  затраціць 150 мільёнаў. І гэта толькі ў адным вытворчым калектыве.

“Сельская газета”, калі друкавала артыкул пра рацыяналізатара Аляксандра Слямнёва, спадзявалася, што яго агрэгатам нехта зацікавіцца. Нядаўна патэлефанаваў Аляксандру Міхайлавічу, каб даведацца, як ідуць у гэтым кірунку справы, і пачуў разачараваны голас:
— Аніяк. Глуха. 

Шчыра прызнацца, не першы раз сутыкнуўся з выпадкам, калі важкія адкрыцці, рацыяналізатарскія прапановы сельскіх Кулібіных не ідуць далей іх гаспадаркі. І ў той жа час закралася сумненне: няўжо ўсё так кепска? Памятаецца, у савецкі час за вынаходнікамі і рацыяналізатарамі хадзілі следам, каб яны аформілі заяўкі, узялі патэнты. Пачаў наводзіць спраўкі.

Малюнак адкрыўся нечаканы і не надта прывабны.

ПЕРШЫМ чынам вырашыў звярнуцца ў Віцебскую абласную арганізацыю Беларускага таварыства вынаходнікаў і рацыяналізатараў. Генадзь Фёдаравіч Шыдлоўскі, яе старшыня, займае гэту пасаду на грамадскіх пачатках. Гаворыць, кінуў бы ўсё, ды шкада зусім загубіць справу. Увогуле ж, абласную арганізацыю Генадзь Шыдлоўскі ўзначальвае каля трох дзесяцігоддзяў. Пры Саюзе яна была адна з лепшых у краіне, а тры гады нават займала першае месца. Работа ішла скарней. Кансультацыю і практычную дапамогу вынаходнікі і рацыяналізатары атрымлівалі ад раённых аддзяленняў БТВР. У парадку шэфскай дапамогі абласная арганізацыя брала з прадпрыемстваў вобласці людзей і выязджала ў калгасы і саўгасы, каб дапамагчы аформіць заяўкі, практычна ўвасобіць у жыццё найбольш каштоўныя рацпрапановы. Заняпад справы пачаўся з развалам Савецкага Саюза. Паступова скараціліся раённыя аддзяленні ці то значыліся толькі на паперы. Прапала зацікаўленасць творчых работнікаў на прадпрыемствах, у сельгасарганізацыях, бо за рацпрапановы ў пераважнай большасці выпадкаў перасталі плаціць. 

Урэшце, да іх усё ж прыслухаліся. Савет Міністраў РБ  у пастанове ад 17 лютага 2010 года № 209 зацвердзіў Палажэнне аб рацыяналізатарстве ў Рэспубліцы Беларусь. У цэлым, як зазначае Генадзь Шыдлоўскі, яно нядрэннае, але гэта толькі касцяк. Ён павінен быў абрасці “мясам”, чаго не здарылася. Цяпер работа рацыяналізатараў аддадзена на водкуп юрыдычных асоб, канкрэтна кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. А з іх боку ў пераважнай большасці займацца гэтым няма асаблівай ахвоты. 

Яшчэ складаней, як высветлілася, з афармленнем вынаходніцтва.  Гэта можна, у прыватнасці, зрабіць праз Цэнтр інтэлектуальнай уласнасці ў Мінску. Але за розныя кансультацыі, афармленне неабходных дакументаў на патэнт  патрэбна заплаціць да 500 долараў. Далёка не ў кожнага знойдуцца такія грошы, не гаворачы ўжо пра вясковага пенсіянера Аляксандра Слямнёва. Ды і чакаць канчатковага рашэння патрэбна не адзін год. 

АБ ПРАБЛЕМЕ давялося пагутарыць з вядомым у Беларусі вынаходнікам і рацыяналізатарам Анатолем Брылё- нкам з Глыбокага. Гэта чалавек незвычайна высокай інтэлектуальнасці і практычнасці. Ён заявіў пра сябе яшчэ у савецкі час, узначальваючы рамонтную службу Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната. На прадпрыемстве было ўстаноўлена шведскае абсталяванне. І калі з часам яно пачало даваць збоі, то Брылёнак удасканаліў яго так (прычым сам вырабіў неабходныя дэталі), што шведскія спецыялісты толькі рукамі развялі. Пакінуўшы камбінат, пайшоў на свой хлеб: стварыў арыгінальную лінію па вырабе далікатэсу з журавін у цукровай пудры. Гэту лінію не раз паказвалі па цэнтральным тэлебачанні, а прадукцыя з яе ідзе нарасхват не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Лінія прызнана вынаходніцтвам і на яе выдадзены ў Маскве еўразійскі патэнт. Атрымаць яго, як прызнаўся Анатоль, яму было лягчэй, і абышлося танней па той прычыне, што не ўпершыню афармляе падобныя дакументы і ведае, што да чаго. Увогуле ж, як лічыць Анатоль, з вынаходніцтвам і рацыяналізатарствам у нас шмат бюракратызму:

— Але самае горшае, што людзі перастаюць думаць. Неабходна звярнуць большую ўвагу на  таленты з кагорты радавых работнікаў, заахвоціць іх. Аб адносінах да рацыяналізатараў сведчыць такі факт: пры налічэнні пенсіі ў мой заробак не ўвайшлі выплаты за рацпрапановы.

НА ДУМКУ Генадзя Шыдлоўскага, становішча можна выправіць. Для гэтага неабходна, каб БТВР павысілі статус. Усяго тры працэнты пералічэнняў у таварыства сродкаў ад той сумы, што прыносяць рацпрапановы, кардынальна змянілі б малюнак.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

saulich@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter