«Глобус» спыніцца ў Мінску

На сцэне Купалаўскага пакажуць «Гамлета» часоў Шэкспіра

«Гамлета» часоў Шэкспіра пакажуць у Купалаўскім.

Легендарны Шэкспіраўскі тэатр «Глобус» 22 мая выступіць на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра са спектаклем «Гамлет». Лонданская трупа зараз знаходзіцца ў двухгадовым сусветным турнэ. Акцёры падарожнічаюць на цягніках, машынах, караблях і самалётах па ўсім свеце і ўпершыню завітаюць у Беларусь.

Тэатральны марафон пачаўся 23 красавіка — у 450-ю гадавіну нараджэння Шэкспіра — у тэатры «Глобус» і скончыцца там жа ў красавіку 2016 года, у 400-ю гадавіну са дня смерці драматурга. За гэты час трупа наведае 205 краін свету. На думку мастацкага кіраўніка тэатра «Глобус» і рэжысёра спектакля Дамініка Дромгула, «Гамлет» — шматгранная п’еса, якая можа ўспрымацца па-рознаму ў розных месцах, але закранутыя ў ёй тэмы ўніверсальныя для любых гледачоў.

У час гастроляў «Гамлета» пакажуць на вясковых пляцоўках, у нацыянальных тэатрах, палацах і нават на пляжах. Дарэчы, выступаць пад адкрытым небам гастралёрам звыкла. Лонданскі будынак «Глобуса» мае форму рымскага амфітэатра, агароджанага высокай сцяной, дах у ім адсутнічае, спектаклі там ідуць толькі з красавіка да кастрычніка.

— Пастаноўка створана згодна з традыцыямі тэатра часоў Шэкспіра: амаль без дэкарацый, з мінімумам рэквізіту і нават без грыму. У ім заняты 12 акцёраў, амаль кожны з іх выконвае некалькі роляў. Артысты самі сабе акампануюць на розных музычных інструментах, танцуюць і спяваюць, — расказала Вераніка Молакава, рэдактар аддзела знешніх сувязяў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Пасля Англіі спектакль пабываў у Галандыі, Германіі, Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Літве, ва Украіне. На мінулым тыдні «Гамлета» ўбачылі ў Маскве, паказ адбыўся на сцэне Маскоўскага акадэмічнага тэатра імя Уладзіміра Маякоўскага.

Гастрольны маршрут «Глобуса» пралягае праз Карыбы, Паўночную і Паўднёвую Амерыку, заходняе ўзбярэжжа Афрыкі, Аўстралію, Інданезію, Японію, Кітай і іншыя азіяцкія краіны, Усходнюю Афрыку. Спектакль пакажуць нават на маленькім востраве Науру ў Ціхім акіяне з насельніцтвам менш за 10 тысяч чалавек і ў правінцыі Кеніі Рыфт-Валі. Канцавым пунктам сусветнага тура стане дацкі горад Хель¬сінгёр (Эльсінор), які Шэкспір і пазначыў месцам дзеяння сваёй трагедыі.

Сусветнае турнэ «Глобуса» абяцае стаць беспрэцэдэнтнай тэатральнай падзеяй. Пасля яго, відаць, ужо можна будзе ўпэўнена сказаць, што не засталося на Зямлі месца, дзе не прагучалі б знакамітыя словы «To be or not to be».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter