Гледачы — увесь горад

У Бабруйску прайшоў фестываль народнай творчасцi «Вянок дружбы»

Мiжнародны фестываль народнай творчасцi «Вянок дружбы» прайшоў у Бабруйску

У Лядовым палацы — галоўнай спартыўнай арэне — адбылося адкрыццё фестывалю. Адразу з некалькiх напрамкаў сцякалiся людскiя патокi, i неўзабаве сямiтысячнiк быў запоўнены. Крэслы ўстаноўлены нават на хакейнай пляцоўцы, з якой загадзя знялi лядовае пакрыццё, цудоўная сцэна, закупленая нядаўна… I вось урачысты момант: даецца старт творчаму форуму. Права выступаць першымi даверана малдаўскiм артыстам з народнага ансамбля «Бусуек» — пастаянным удзельнiкам фестывалю. Вогненныя танцы пад дойны, сырбы, бэтуты, такiя ж завадныя песнi, якiя, здавалася, даходзiлi да самага сэрца. Потым выступалi знакамiтыя беларускiя «Харошкi», валкавыскiя «Валадары», «Ранiца» з Докшыц, прадстаўнiкi армянскай дыяспары з Веткi. Iх змянялi госцi з расiйскiх гарадоў Смаленска, Нара-Фамiнска, украiнскiх Трускаўца i Сiмферопаля, латвiйскага Лiмбажы. Iзноў гаспадары – госцi. Тут цяжка каго вылучыць, бо ўсе iмкнулiся, як найлепш праявiць сябе на сцэне. Многiм спадабаўся вакальны калектыў з польскага горада Бельск-Падляскi, якi так пранiклiва выканаў песню на беларускай мове, што нельга было не замiлавацца: «Дзякуй, дарагiя сябры!» Канешне, усе чакалi, як i было аб’яўлена, выступленне земляка, цяпер ужо вядомага выканаўцы Руслана Аляхно, якi спецыяльна прыбыў з Белакаменнай. Яго прымалi на бiс, дзяўчаты закiдалi кветкамi: што i казаць, зорка! Iльвiную долю апладысментаў сарвалi мэтры беларускай эстрады Ядзвiга Паплаўская i Аляксандр Цiхановiч.

Уступны канцэрт працягваўся чатыры гадзiны i нiколькi не надакучыў — настолькi ўмела была падабрана праграма, хораша спявалi артысты.

Ну а потым фестываль перакiнуўся на гарадскiя плошчы, вулiцы, у Бабруйскi, Глускi i iншыя раёны. Усюды гасцей прымалi з асаблiвай цеплынёй, удзячнасцю. I артысты, i гледачы як бы паядналiся ў iмкненнi быць блiжэй культурамi, мовамi. Часта можна было чуць словы «сябры», «дзякуй», якiя вымаўлялi госцi. Вось такая зычлiвая атмасфера панавала.

А тым часам на плошчы Ленiна, скрыжаваннi вулiц Сацыялiстычнай i Горкага працавалi нацыянальныя падворкi, «Гарады майстроў». Адкрылася выстава народнага мастака рэспублiкi акадэмiка Георгiя Паплаўскага, прысвечаная роднаму гораду. Праходзiў тэатралiзаваны канцэрт «Гадамi вайны», прысвечаны 65-годдзю вызвалення горада i раёна ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў, шмат iншых мерапрыемстваў. Здавалася, увесь горад выйшаў на свята!

Заключны акорд – закрыццё фестывалю – таксама адбылося на «Бабруйск-Арэне» з усмешкамi, музыкай, традыцыйным салютам весела i запамiнальна!

— Мы ўпершыню у Бабруйску, — дзялiлася ўражаннямi мастацкi кiраўнiк Цэнтра культуры са Смаленска Валянцiна Фралова. — Горад уразiў чысцiнёй, парадкам, а якi цудоўны Лядовы палац. У захапленнi, ёсць што паглядзець, пераняць. Гэтаксама кажу пра арганiзацыю фестывалю, работу яго аргкамiтэта, штаба, усiх, хто мае дачыненне да гэтага мерапрыемства. Займелi шмат сяброў. Паверце, не хочацца ад’язджаць, з радасцю будзем чакаць наступных сустрэч на такiм запамiнальным форуме!

— Узровень фестывалю ў апошнi час вырас, — адзначыў у размове з намi намеснiк старшынi Магiлёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, пра гэта ўсе казалi. Тут наш агульны уклад, бо прысутнiчалi творчыя калектывы з усiх абласцей рэспублiкi. Аднак найперш хочацца выказаць удзячнасць Бабруйскаму гарвыканкаму на чале з Дзмiтрыем Бонахавым, на плечы якога выпаў асноўны цяжар па арганiзацыi такога маштабнага мерапрыемства. Малайцы, справiлiся паспяхова!

На здымку: у час фестывалю.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter