Гісторыя з геаграфіяй

Новы год распачаўся імкліва і ўжо вызначыўся некаторымі рэзананснымі падзеямі, палітычнымі заявамі, экспертнымі ацэнкамі і   прагнозамі эканамічнага развіцця.

Так, Сусветны банк (СБ) пагоршыў прагноз росту сусветнага ВУП на бягучы год на 0,1 працэнтнага пункта, але чакае пэўнага па-скарэння, улічваючы слабы 2016-ы (калі сусветная эканоміка ўзрасла толькі на 2,3 працэнта). Сёлета тэмпы глабальнага эканамічнага росту павялічацца да 2,7 працэнта. Прагноз СБ на 2018—2019 гады пагоршаны да 2,9 працэнта (штогод).

Тым часам дзеючы прэзідэнт ЗША Барак Абама выступіў у Чыкага з апошняй публічнай прамовай, падчас якой адзначыў, што пакідае гэтую пасаду ў аптымістычным настроі. Ён назваў Злучаныя Штаты “самай моцнай дзяржавай”, а Расія і Кітай не могуць па ўплывовасці ў свеце перасягнуць Амерыку. Галоўнымі выклікамі для сваёй краіны Абама вызначыў экстрэмізм і аўтарытарныя рэжымы.

Аднак, ацэньваючы дзейнасць гаспадара Белага дома, кіраўнік ЦРУ Джон Брэнан робіць выснову: адміністрацыя Барака Абамы дэталёва не прааналізавала наступствы “арабскай вясны”. Узгадаем, у выніку масавых пратэстаў 2011 года ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе адбыліся “каляровыя рэвалюцыі” ў Тунісе, Егіпце, Емене, Бахрэйне, Лівіі. Сыход амерыканскіх войск з Ірака ў тым жа годзе, гвалтоўная змена рэжымаў і грама-дзянскія войны выклікалі ў рэгіёне тэрарыстычную актыўнасць.

Працяг тэмы ў аналітыкаў Нацыянальнай разведкі Злучаных Штатаў. У сваім дакладзе “Глабальныя тэндэнцыі: парадокс прагрэса” яны папярэджваюць палітычнае кіраўніцтва супердзяржавы: у бліжэйшыя пяць гадоў рызыка ўзнікнення канфліктаў паміж краінамі і ўнутры іх узрасце да найвялікшага ўзроўню з часоў халоднай вайны.

І яшчэ адзін допіс тыдня трэба ўзгадаць. Сямнаццаць дзеючых і былых палітыкаў з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы накіравалі абранаму прэзідэнту ЗША Дональду Трампу (інаўгурацыя пройдзе 20 студзеня) ліст, дзе перасцерагаюць яго ад заключэння поўнамаштабнага пагаднення з Расіяй. Аўтары звароту заклікаюць Трампа не зніжаць санкцыйны накал супраць Масквы і ўпэўнены, што цяперашняе расійскае кіраўніцтва не можа быць саюзнікам Захаду. Якія рашэнні прыме Трамп — стане вядома даволі хутка.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter