Гісторыя з геаграфіяй

Напрыканцы мінулага тыдня ў Вашынгтоне, падчас сустрэчы з казахстанскім лідарам Нурсултанам Назарбаевым, прэзідэнт Дональд Трамп выказаў прапанову аб пераносе з Мінска перамоў па ўрэгуляванні канфлікту ў Данбасе. У Казахстане адразу паведамілі, што гатовы арганізаваць адпаведны дыпламатычны працэс па Украіне. А пастаянны прадстаўнік краіны пры ААН Кайрат Умараў заявіў, што ідэя пераносу перамоў з Мінска ў Астану ўзнікла з-за таго, што “Мінскі працэс застопарыўся” і трэба “выйсці з тупіку”.

Прапанова гаспадара Белага дома прагучала нечакана: як гром сярод яснага неба. Рэакцыя палітычнага інстэблішменту на амерыканскую ініцыятыву па змене дыпламатычнай пляцоўкі не прымусіла доўга чакаць. Кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей папярэдзіў партнёраў: перамовы па Данбасу “неабавязкова павінны быць мінскія — іх можна перанесці хоць у Антарктыду”. Да таго ж, міністр нагадаў, што наша дзяржава па-ранейшаму за лаўрамі міратворца не гоніцца, аднак вельмі зацікаўленая ў дээскалацыі ваеннага супрацьстаяння на паўднёвым усходзе Украіны.

Дарэчы, кіраўнікі дзяржаў “нармандскай чацвёркі”, якія падпісалі Мінскія пагадненні тры гады таму, у свой час звярнуліся да кіраўніцтва нашай краіны аб магчымасці забеспячэння работы ў Мінску трохбаковай кантактнай групы па Украіне. Гэта адзіны рэальна дзеючы цяпер перамоўны фармат па сітуацыі ў суседняй краіне. Ён паступова дае вынікі. Хаця і даволі марудна.      

Трывалая ў гэтым сэнсе пазіцыя нашага Прэзідэнта, сфармуляваная на сустрэчы са спецыяльным прадстаўніком Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Усходняй Еўропе Кентам Харстэдам: Беларусь і надалей будзе надзейнай апорай для АБСЕ ў цэнтры Еўропы, што тычыцца бяспекі еўрапейскай, рэгіянальнай, вы ведаеце нашы адносіны да гэтых праблем, да пытанняў вайны і міру...

Не доўга шукала словы ў адказ і Масква. Крэмль назваў Мінскія пагадненні “безальтэрнатыўнымі”. Дыпламатычныя расійскія крыніцы прапановы ЗША не ўспрынялі ў прынцыпе, назваўшы іх “бессэнсоўнай палітычнай авантурай”, дадатковай падставай для ігнаравання Мінска-2. На іх думку, ідэя Трампа знішчыць Мінскія пагадненні і зрабіць ваеннае процістаянне ва Украіне “вечным”. Лейтматыў: Мінскі працэс — адзіны сцэнарый урэгулявання ў Данбасе, і ні пры якіх абставінах ён не будзе перанесены з Беларусі.

Што датычыць Украіны, ініцыятыва Злучаных Штатаў наогул не абмяркоўваецца афіцыйна і пакуль не каментуецца ўкраінскімі палітыкамі. Але днямі Вярхоўная рада ўсё ж прыняла закон “Аб  рэінтэграцыі Данбаса”, згодна з якім Расія абвяшчаецца “агрэсарам”, а тэрыторыі ДНР і ЛНР прызнаюцца “акупаванымі”. Праўда, прэзідэнт Пётр Парашэнка ўпэўнены, што “ні дух, ні літара закона не супярэчаць Мінскім дамоўленасцям”, а Кіеў будзе стала прытрымлівацца сваіх міжнародных абавязацельстваў.

Са сказанага вынікае: Мінскі працэс сёння прабуксоўвае толькі палітычна, а не геаграфічна. Аўтаматычны перанос дыпламатычнай пляцоўкі — не панацэя. Гэта не дапаможа рэалізацыі Мінска-2, лічыць украінскі дэпутат Яўген Мураеў. Яго падтрымлівае расійскі калега, сенатар Канстанцін Касачоў: поспех перамоў залежыць не ад месца іх правядзення, а ад настрою ўдзельнікаў — ці дамаўляцца, ці сварыцца.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter