Таццяна Сівец за кнігу «Куды прапала малпа Маня?» атрымала «Залаты Купідон»

Гiсторыя з аптымiстычным працягам

У час нядаўняга Дня беларускага пісьменства ў Заслаўі пачэсныя адзнакі атрымалі аўтары лепшых літаратурных твораў мінулага года
У час нядаўняга Дня беларускага пісьменства ў Заслаўі пачэсныя адзнакі атрымалі аўтары лепшых літаратурных твораў мінулага года. У галіне дзіцячай літаратуры сімвалічная статуэтка «Залаты Купідон» за кнігу «Куды прапала малпа Маня?» была прысуджана маладой пісьменніцы Таццяне СІВЕЦ.

sivec.png

Таццяна СІВЕЦ. Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА


— Таццяна, вас ведаюць як паэтэсу, публіцыста, драматурга, перакладчыка, галоўнага рэдактара штотыднёвіка «ЛіМ», вядучую тэле- і радыёпраграм. А тут — кніга для дзяцей. Што ці хто натхніў?

— Дзеці і натхнілі. Калі назіраеш за імі, разумееш, што кожнае дзіця — гэта цэлы сусвет, кожнае са сваімі думкамі, жаданнямі, разважаннямі. Наогул, для дзяцей я пішу яшчэ са студэнцкай пары, гадоў ужо з дзесяць. «Куды прапала малпа Маня?» — другая па ліку мая выдадзеная дзіцячая кніжка. Гэта працяг гісторыі пра Брыка і Шусю, герояў першай казкі-размалёўкі, якая пабачыла свет у 2012 годзе. 

— Ведаю, што ў гэтых герояў цікавая біяграфія. Перш чым у кнізе яны з’явіліся на сцэне Тэатра юнага гледача.

— Сапраўды, звычайна твор нараджаецца на паперы — у кнізе, часопісе, а пасля яго экранізуюць або ставяць спектакль.Тут атрымалася наадварот — спачатку была п’еса.

— Брык і Шуся — хто яны? 

— На мой погляд, перш за ўсё яны — увасабленне ўсяго добрага, чыстага, што ёсць і ў дзецях, і ў душах дарослых. Праўда, на жаль, апошнія часта забываюць, якімі былі гадоў 20 ці 40 таму. Мне хацелася, каб мае героі нагадалі такім дарослым, што няблага было б часам успомніць сябе маленькімі і пагля-дзець на сваіх дзяцей не як на ўласных клонаў, а як на асоб, у якіх ёсць свае погляды, пачуцці, нарэшце, мары. Апошніх сучасныя дзеці часта пазбаўлены, ім няма пра што марыць, яны адразу ўсё маюць. Захацелася планшэт — калі ласка, тэлефон — трымай. Іх не вабяць далёкія зорныя падарожжы, яны ўключаюць камп’ютар з гульнёй-стралялкай і там будуюць свой сусвет, кіруючы ім згодна з уласнымі меркаваннямі. Няма развіцця фантазіі дзіцяці. Таму я не навязваю свае ўяўленні пра тое, хто такія Брык і Шуся. Няхай у гэтых незвычайных істотах кожны чытач убачыць таго, каго сам захоча ці прыдумае.

— А адкуль такія дзіўныя імёны вашых персанажаў?

— Шуся — бо нарадзілася восенню, пад шоргат сухога лісця. А Брык атрымаў імя дзякуючы маёй бабулі. Калі нехта падаў, яна казала: «Брык — і паваліўся». Мне гэта слова заўсёды вельмі падабалася, яно такое натуральнае, беларускае. Гэтыя самыя Брык і Шуся ў першай кнізе шукалі, дзе знаходзіцца Краіна вечнага лета, у працягу — ствараюць дэтэктыўнае агенцтва, і ім даводзіцца разгадваць, куды з Мінскага заапарка знікла малпа Маня. Але насамрэч справа не толькі ў гэтым. Паміж жыхарамі заапарка, ранейшымі сябрамі, зніклі давер і паразуменне. Гэтак жа, як бывае і паміж людзьмі, калі выпадковае слова, учынак разбураюць усё добрае, што было раней. Наогул, гэтую кнігу дзецям варта чытаць разам з бацькамі. Яна для малодшага школьнага ўзросту, але ў пэўным сэнсе вельмі дарослая. 

— Яшчэ б — у ёй ёсць нават гісторыя кахання… 

— А як жа без яе ў дэтэктыве, хоць і дзіцячым! Між іншым, дзеці могуць так закахацца, што дарослым і не снілася. Ведаю многіх людзей, у каго першае вялікае каханне надарылася ў дзіцячым садку. Так што не проста так згубілася тая Маня і прапалі яе каралі.

— Ёсць вядомая фраза, што для дзяцей трэба пісаць, як для дарослых, толькі лепш. Што думаеце на гэты конт?

— Лічу, для тых і другіх трэба пісаць па верхнім узроўні сваіх магчымасцей. Інакш гэта прыніжэнне чытача або дарослага, або маленькага. Мяне, напрыклад, заўсёды раздражняе вызначэнне «сярэдні чытач». Хто гэта? Нейкая абагульненая істота, якая любіць усё пакрыху: і жаночы раман, і філасофскі, і паэзію? Але такое немагчыма. Як той казаў, у кожнага свой густ: адзін любіць гарбуз, а другі — свіны храсток. Я думаю, для кожнага аўтара — чытач свой. Галоўнае, каб кніга стваралася не толькі дзеля ўдалага продажу, а каб распавесці пра нешта новае, што цікава і самому аўтару. Тады і чытаць цікава.

— Ваш чытач знаходзіцца ахвотна? Колькі каштуе новая кніга? 

— Вялікіх праблем з продажам няма. А кніга па нашым часе, лічу, недарагая — каля 30 тысяч рублёў. Для параўнання: гелевы шарык, які будзе жыць з тыдзень, каштуе столькі ж, а мо і больш. Мяне неяк абурыла, калі ў кнігарні жанчына з такім шарыкам у руках прыцэньвалася да цудоўных дзіцячых кніжак — у цвёрдай вокладцы, на выдатнай паперы — і ў выніку вырашыла, што 20 тысяч за іх — гэта дорага, маўляў, дзіця ўсё роўна адразу парве. Але навошта рваць кнігу? Хіба не трэба вучыць дзіця, што гэтак нельга рабіць? Мне, напрыклад, такое ніколі не прыходзіла ў галаву. У дзяцінстве я з задавальненнем іх спачатку слухала, калі чыталі бацькі, пазней — чытала сама. 

— «Залаты Купідон» — ваша першая прафесійная адзнака. Для вас важна прызнанне старэйшых калег?

— Гэтую прэмію я разглядаю як аванс на будучыню, таму лічу яе вельмі адказнай, а прызнанне — важным. Вершы пішу з 11 гадоў і падтрымку старэйшых калег адчуваю літаральна з самых першых сваіх крокаў у літаратуры, якія былі заўважаны некалі Артурам Вольскім. І зараз я не сустракаю ад старэйшых зайзрасці або жадання не пусціць «на Парнас». Наадварот, ёсць разуменне: каб нехта ішоў услед за табой, яму трэба часам працягваць руку. І не дзеля таго, каб уласнае месца саступіць. Літаратура — не трамвай, колькасць месцаў у ёй неабмежаваная. Чым больш будзе таленавітых маладых, тым лепш. Іншая рэч, што па вызначэнні шмат геніяў быць не можа.

Ірына СВІРКО

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter