Гiсторыя ў гуках

Свята музыкi «Заслаўе» адзначыла сваё дзесяцiгоддзе

Свята музыкi «Заслаўе» адзначыла сваё дзесяцiгоддзе

Традыцыйна свой музычны год Нацыянальны канцэртны аркестр пад кiраўнiцтвам народнага артыста Беларусi Мiхаiла Фiнберга адкрывае фестывалем у Заслаўi. Потым чароўныя гукi распаўсюдзяцца па Нясвiжы, Мiры, Навагрудку, Тураве, Мсцiславе, Маладзечна, iншых малых гарадах, дзе любяць i заўсёды чакаюць сустрэчы з музычнай спадчынай Беларусi. Але ўсё пачынаецца адсюль, ад сядзiбы Рагнеды. I гэта вельмi сiмвалiчна.

Заслаўе спрадвеку было цэнтрам духоўнасцi, культуры i асветнiцтва. I сёння, дзякуючы ў тым лiку i фестывалю, гэты невялiкi населены пункт вяртае сабе былую велiч, забытую гiсторыю. Гарадок расце i квiтнее. Гэтак жа i сам фестываль. Яму ўжо дзесяць гадоў. I ён ужо таксама стаў часткай гiсторыi, музычнай. Пацверджанне таму – выданне кнiгi «У сядзiбе Рагнеды», аўтар якой – нязменны навуковы кiраўнiк усiх асветнiцкiх праектаў аркестра ў малых гарадах Беларусi доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзiёмава. Яна ўзгадала ўсе дзесяць заслаўскiх фестываляў, кожны са сваiмi асаблiвасцямi, «намалявала» некалькi творчых партрэтаў кампазiтараў, музыка якiх штогод гучыць у сценах мясцовай дзiцячай школы мастацтваў. Станiслаў Манюшка, Восiп Казлоўскi, Мечыслаў Карловiч, Мiхаiл Ельскi, Напалеон Орда – выдатныя сыны беларускай зямлi, якiя праслаўлялi нашу краiну ў XVIII—XX стагоддзях.

Некалi гэтыя iмёны гучалi на ўвесь свет, узбагачалi мастацкую спадчыну розных народаў. На хвалi з’яўлення сучасных майстроў яны адыходзiлi на другi план. Сусветная гiсторыя мае шмат прыкладаў, калi творы заслужаных дзеячаў мiнуўшчыны заставалiся на паперы i цiкавiлi хiба што навукоўцаў. Фестывалi Фiнберга i створаны для таго, каб данесцi невядомую спадчыну да слухача. Як зазначае Вольга Дадзiёмава, па iнтэнсiўнасцi, з якой ажыццяўляецца працэс вяртання забытых твораў, беларусам няма роўных ва ўсiм свеце. Уся справа ў зацiкаўленасцi грамадскасцi, народа. Нашым людзям нестае звестак пра мiнуўшчыну, пра свае каранi. Яркi прыклад гэтага – опера Яна Голанда «Чужое багацце нiкому не на карысць», якую некалi Вольга Уладзiмiраўна сама аддала навукоўцам для даследавання, нават не спадзеючыся, што гэты твор можа зацiкавiць прыхiльнiкаў мастацтва. Але людзi галасуюць за яго абедзвюма рукамi: спектакль з поспехам iдзе ў Вялiкiм тэатры. Так i са святам музыкi «Заслаўе».

— Гэты асветнiцкi фестываль мы ладзiм для таго, каб выхаваць новага чалавека, якi будзе ведаць музычную гiсторыю сваёй краiны, — гаворыць Мiхаiл Фiнберг. – Дзесяць гадоў жыхары i госцi Заслаўя слухаюць выдатныя творы, якiя больш нiдзе нельга паслухаць. Мы шмат зрабiлi ў гэтым накiрунку, абяцаем працаваць i ў будучым. Зробiм усё магчымае i немагчымае, каб пазнаёмiць слухачоў з яшчэ невядомымi старонкамi музычнай гiсторыi.

Вядома ж, без падтрымкi мясцовых улад, Мiнскага аблвыканкама i Мiнскага райвыканкама гэта свята наўрад цi адбылося б. Цiкава, што Мiхаiл Якаўлевiч разам з iншымi арганiзатарамi, нягледзячы на цяжкiя часы, не скарачае праграму, а наадварот, прыдумвае нешта новае. Другi год запар праводзiцца конкурс маладых выканаўцаў «Беларускi альбом», у якiм удзельнiчаюць навучэнцы дзiцячых музычных школ Мiншчыны.

— Я б усiм дала першае месца, — гаворыць Вольга Дадзiёмава. – Дзецi вельмi сур’ёзна падышлi да падрыхтоўкi. Адзначу вельмi высокую культуру гучання. Але галоўнае, што падобныя фестывалi – гэта моцны стымул для юных музыкантаў. Дзякуючы iм назiраецца прыток вучняў у музычныя школы.

Чым яшчэ арганiзатары свята ў Заслаўi парадавалi прыхiльнiкаў мастацтва? Слухачы апладзiравалi салiстам Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi, дзякавалi мастаку Вiктару Данiлаву… Але галоўнай падзеяй стаў канцэрт «Пад аховай Рагнеды: 10 год музычнага братэрства» (на здымку). Заслаўчане зноў сустрэлiся з камернымi калектывамi аркестра: ансамблямi кларнетыстаў, флейтыстаў, трубачоў, а таксама вакальным ансамблем, у рэпертуары якога шмат апрацовак твораў XIX стагоддзя. Надоўга запомнiцца мясцовым жыхарам i музычны нумар кантрабасiста Дзмiтрыя Саўчыка.

— Музыка павiнна гучаць тут пастаянна, — заўважыў, развiтваючыся, першы намеснiк старшынi Мiнаблвыканкама Вiктар Шчэцька. – Будзем iмкнуцца, каб такiя святы праходзiлi ў Заслаўi i надалей. Спадзяюся, што i праз дзесяць гадоў мы зноў сустрэнемся тут. А пакуль, да сустрэчы ў наступным годзе!

Фота: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter